Выбрать главу

— Мама, відаць, чакае, — Люся глянула на хлопцаў і нечакана прапанавала: — А давайце разам да нас. Мама чай паставіць. І цукеркі нават ёсць, — яна скасавурылася на Вадзіма, хіхікнула. — Ледзьве маму пераканала, што не купляла ў Мінску тую каробку. Калі толькі сказала, што, відаць, ты паклаў, тады супакоілася. То як, хлопчыкі? І мне будзе апраўданне.

— Не, няёмка неяк. Хіба іншым разам. Коля з Лількай, пэўна, чакаюць на вячэру. Ды і табе рана заўтра, на сваю будоўлю. У цябе ж вельмі цяжкая праца. Хіба што лягчэйшае не магла знайсці? — пашкадаваў дзяўчыну Вадзім.

— Толькі па блату. Брат на электрастанцыі шафёрам, то, гаварыў, паспрабуе закінуць слова перад дырэктарам. — Засмяялася: — Можа, хоць коміны чысціць.

— Смех смехам, а дзяўчыне на будоўлі, тым больш зімой, на скразняках і ветры, цяжка. Я праўду кажу, Рыгор? — Вадзім таўхануў у бок сябра. — Нешта ты сёння змэнчаны. Відаць, упадабаў тую кралю, з-за якой ледзьве не пабіліся. Хто хоць яна, не сказала?

— Як жа, сказала. У райкаме інструктарам. Партыйную школу скончыла, вось і прыслалі нядаўна.

— Ого-го, высока сягаеш, — засмяяўся Вадзім. — Вось праз яе і за Міронаву закінь слова.

— Я ўжо неяк сама буду караскацца ўверх. Мне толькі б школу скончыць, а там у тэхнікум, а то і ў інстытут паспрабую паступіць, — з гэтымі словамі Люся падала абодвум руку, пабегла, бразнуўшы веснічкамі, на ганак.

8

Літаб’яднанне, якое дзейнічала пры універсітэце, правяло трэцяе ў гэтым годзе пасяджэнне. Кіраваў імі — паэтамі, празаікамі, нарысістамі — новы выкладчык беларускай літаратуры Вадзім Уладзіміравіч Туркоў. Вадзім Туркоў сам пісаў вершы і час ад часу змяшчаў што ў насценным друку, што ва «Універсітэцкім лістку», які выходзіў раз на два тыдні. Некалькі твораў змясціла нават адна з маладзёжных газет. Туркоў жа насіўся з імі, бы гэта былі шэдэўры сусветнай велічыні. Хадзіў ён паважна, уразвалку, часам з кійком, хоць гады яго былі яшчэ не тыя, каб трымаць у руцэ палку. Пры сустрэчы са знаёмымі, асабліва жанчынамі, Туркоў спыняў іх, цікавіўся жыццём і як бы між іншым пытаўся:

— Ну, як вам мой новы верш? — называў выданне і дату выхаду. — Ах, не паспелі прачытаць? То не бяда. — Ён поркаўся ў сваім пузатым пацёртым партфелі, вымаў газету, разгортваў апошнюю старонку. — Бярыце. У мяне яшчэ ёсць экземпляр. Ведаеце, колькі ўжо ўдзячных чытачоў адгукнуліся на гэту. публікацыю. Паштарка носіць і носіць лісты мне. Цікава, скуль людзі дазнаюцца, дзе жыву? Мо праз рэдакцыю?

Як пра спецыяліста ў сваёй галіне, пра Туркова ніхто не мог сказаць нічога кепскага. Ён самааддана любіў беларускую літаратуру, вывучаў старыя летапісы, часта за свой кошт ездзіў у Маскву і Вільню, корпаўся ў бібліятэках, вынаходзіў такія скарбы, якім зайздросцілі многія гуманітарыі з Акадэміі навук. І ўсе гэтыя веды перадаваў студэнтам. Яны любілі Вадзіма Уладзіміравіча як чалавека і выкладчыка, але цішком пасмейваліся з яго паэтычных практыкаванняў.

Аднойчы ён прыйшоў у аўдыторыю чарнейшы за хмару. Не распачынаў лекцыю, пасля выйшаў і доўга не паяўляўся. Студэнты выглядвалі ў калідор, але, паколькі ішлі заняткі, усюды было ціха. Нехта з дзяўчат спусціўся ўніз, у вестыбюль, каб глянуць, мо Туркоў там і яму кепска. Тады трэба клікаць «хуткую дапамогу».

Высветлілася праз хвіліну-другую. Дзяўчына — а гэта была Каця Плужына — прачытала ўголас пісульку, якую сарвала з дошкі аб’яў.

Добра ладзіцца ў Туркова —

Пыкнуў-мыкнуў — верш гатовы.

Ён іх столькі напячэ,

На плячах не ўвалачэ.

Многія засмяяліся, а Рыгор асадзіў насмешнікаў:

— Хай бы гэты вумнік сам паспрабаваў што-небудзь спячы. Выскаляцца лягчэй лёгкага. Туркоў як умее, так і піша. Часам горш, часам лепш. Але з яго будзе толк. А ў таго, хто гэткую брыдоту павесіў, ніколі нічога людскага не атрымаецца.

Вадзім Уладзіміравіч прыйшоў падчас лекцыі, задумлівы і бясконца няшчасны. Па тэме — пра старажытную беларускую літаратуру — гаварыў вяла, часта паўтараўся, шукаў у партфелі і не знаходзіў патрэбную, у дадатак да сказанага, літаратуру. Калі ў калідоры затупацелі і трэба было ісці на перапынак, Рыгор падняў руку і папрасіў слова:

— Вадзім Уладзіміравіч, мы тут агулам верш сачынілі. Паслухайце, ці хоць варты ён чаго.

Туркоў насцярожыўся, ажно пабялеў.

— Ну, што ж, мне ўжо не ў навіну чытаць скарбы народнай творчасці. Валяйце.