Рыгор без запінак на памяць прадэкламаваў:
Добра ладзіцца ў Туркова,
Туркоў — майстар адмысловы.
Ён вучоны і паэт
На ўвесь славянскі свет.
— І гэта ваша калектыўная творчасць? Шчырая? — вочы ў Туркова пасвятлелі і палагоднелі.
Годна і памяркоўна трымаўся Туркоў і на гэтым апошнім пасяджэнні літаб’яднання. Разбіралі апавяданні і гумарэскі Вадзіма Гурко. Пяць лепшых твораў даў хлопец на суд таварышаў. Семнаццаць чалавек тыдзень рыхтаваліся, каб па костачках разабраць кожную рэч. Вадзім хваляваўся, бо ведаў: водгалас аб гэтай разборцы дойдзе і да рэдакцый, аб пасяджэнні абавязкова напіша «Універсітэцкі лісток». Сярод тых, хто меўся сказаць слова, былі паэты, што ўжо заканчвалі вучобу, альбо старшакурснікі. Прозу, акрамя Вадзіма, пісаў яшчэ Барыс Маргуноў, аповесць яго з жыцця партызанскага атрада нібыта рыхтавалася да друку. Больш чым каго Гурко баяўся Маргунова. Ён добра памятаў, як на першым зборы іхняга літаб’яднання Маргуноў чыхвосціў маладога аўтара з яго трыма апавяданнямі пра каханне. Не вытрываўшы здзеклівага тону, малады хлопец згарнуў лісткі і пакінуў пасяджэнне. Больш і нагі яго тут не было. Тады Туркоў трохі паўшчуваў Барыса Маргунова, сказаў, што яны тут збіраюцца не дзеля таго, каб некага караць ці мілаваць, а каб адзін у аднаго вучыцца. І далікатнасць тут вельмі неабходная. Інакш можна спудзіць каго хочаш, назаўсёды адбіць ахвоту брацца за пяро.
Невядома, ці запалі тыя словы выкладчыка Маргунову ў памяць, але Вадзім, хоць знешне стараўся трымацца спакойна і ўпэўнена, у душы ўсё ж хваляваўся: раптам Маргуноў убачыць у Вадзіму суперніка, які хоча перабегчы яму дарогу, засціць уласны аўтарытэт?
Абышліся, аднак, з ім вельмі памяркоўна. Не было той аглабельнай крытыкі, ад якой апускаюцца рукі. Хлопцы гаварылі нешматслоўна, але канкрэтна па кожным творы, давалі розныя парады, з гумарэсак нават шмат смяяліся. Маргуноў таксама далучыўся да агульнай думкі, што Вадзіму Гурко трэба толькі больш дбаць пра нечаканасць кожнага эпізода, бо бессюжэтныя, без вострай непрадказальнай інтрыгі творы малацікавыя, яны не знойдуць шырокага чытача. З гэтым меркаваннем можна было б і не пагадзіцца, але Вадзім змоўчаў.
Калі пагаманілі пра іншыя літаратурныя навінкі, намецілі новую дату пасяджэння, Туркоў абвясціў:
— А зараз вельмі нечаканая і прыемная навіна: нас, усю нашу групу, хочуць бачыць у Саюзе пісьменнікаў, каб пазнаёміцца з кожным паасобку, запісаць адрасы. І яшчэ, што самае найважнейшае, з намі выказаў жаданне пабачыцца сам Якуб Колас, патрыярх нашай літаратуры, наш народны Пясняр.
— Во гэта навіна! — калі ішлі да сябе ў інтэрнат, выказаў захапленне Рыгор. — Ён жа, Колас, казалі, цяжка хварэе. Хіба прывязуць на машыне.
— А ты як думаў? Народны ды каб пехам хадзіў? Г аньба была б усім начальнікам, — Вадзім не менш за сябра быў узрушаны чаканнем такой сустрэчы.
Будынак Саюза пісьменнікаў размяшчаўся ў цэнтры горада, непадалёк ад тэатра імя Янкі Купалы, да якога прымыкаў утульны скверык, дзе спачатку ўсе прыпыніліся ў чаканні Туркова. Вадзім Уладзіміравіч прыйшоў без спазнення. Сказаў, што паспеў пабываць ужо ў будынку саюза, сустрэцца з Броўкам, Кандратам Крапівой, сакратаром партыі Гарбуновым. Усе яны чакаюць прыезду Коласа.
З заміраннем сэрца Вадзім выціраў на ходніку туфлі, ішоў па калідоры, дзе ўся атмасфера была прасякнута творчым духам. Каб яшчэ год-два таму назад сказаў яму хто, што апынецца ў гэтых апартаментах, што вось-вось пабачыць чалавека, якога абагаўляў з дзяцінства, зачытваўся яго вершамі, паэмамі, казкамі, а цяпер і прозай, ён ніколі не паверыў бы. Аднак жа ён тут, разам з калегамі па пяры, стане перад вачыма дбайнага сейбіта беларускасці, мо нават удасца сфатаграфавацца з ім. Няўжо гэта магчыма?!
Іх пасадзілі ў невялікім зальчыку, дзе стаяў стол і некалькі мяккіх крэслаў пры ім. Пятрусь Броўка зайшоў праз бакавыя дзверы першы, за ім Колас і яшчэ нехта. Усе, устаўшы, дружнымі воплескамі сустракалі Песняра і яго світу. Добрымі, прыязнымі вачыма глядзеў народны паэт на маладую змену. Стомлены жыццём, карпатлівай працай над творамі, рознымі хваробамі, ён выглядаў не лепшым чынам: частыя і глыбокія зморшчынкі пакрывалі яго не вельмі свежы ўдумлівы твар, як бы трохі бледны. Адны толькі вочы свяціліся па-маладому бадзёра. Броўка не стаў разводзіць цягамоціну, даў колькі слоў кіраўніку універсітэцкага аб’яднання. Нешматслоўны быў і Колас. Ён парадаваўся, што беларуская літаратура папаўняецца таленавітай моладдзю, што адкрываюцца новыя выданні, на старонках якіх годнае месца зойме паэзія, проза, іншыя літаратурныя жанры.