Выбрать главу

Фатаграфаваліся з Коласам і ў зале, і ў двары, калі ён, ужо апрануты, з капелюшом на галаве, збіраўся ад’язджаць у свой дом ля Акадэміі навук. Вадзіму тады пашчасціла стаяць бліз саменькага паэта, хоць пазней, як атрымаў фота, прызнаваўся сябрам, што ён ані не імкнуўся аказацца ўсутыч. Так ужо само сабой атрымалася.

Першую сесію здавалі з Рыгорам датэрмінова. Як толькі абвясцілі, што фарміруецца вялікі атрад беларускіх камсамольцаў і моладзі для паездкі на цаліну, хлопцы без ваганняў вырашылі ехаць. Хацелася паглядзець новыя нязведаныя землі, прасякнуцца духам рамантыкі ды і падзарабіць трохі грошай. Пісалі і гаварылі па радыё, што на цалінных землях даспявае нябачаны дасюль ураджай пшаніцы, што спатрэбяцца тысячы і тысячы маладых і гарачых сэрцаў і рук.

Вадзім, атрымаўшы стыпендыю за летнія месяцы, надумаў з’ездзіць спачатку ў Галаброды, а ўжо пасля ў Жорнаўку. Рыгор, у якога былі ў Мінску неадкладныя клопаты з выданнем першага зборніка, рашыў пакуль што затрымацца ў інтэрнаце. Вадзім пару дзён бегаў па мінскіх магазінах, шукаў падарунак сястры і Юзіку. З адзення нічога не стаў глядзець, бо не ведаў, што ім найперш трэба. Вырашыў інакш: ён аддасць большую частку сваёй стыпендыі, тым больш, што яны распачалі будаўніцтва новага прасторнага дома, а пры ім яшчэ і летняга доміка — кухні. Але ж з голымі рукамі не паедзеш. Падлічыўшы і ўсё размеркаваўшы, пабег і купіў патэфон і некалькі пласцінак з самымі папулярнымі песнямі. Во гэта будзе памяць!

З вакзала ішоў пешкі, бо на спадарожную машыну ў такі позні час спадзеву не было. Гэты раз да Галабродаў вырашыў дабірацца не праз Мікуцічы, а з другога боку, дзе былі стары касцёл і царква. Мінуўшы мястэчка, па палявой гравейцы датэпаў да павароткі на Галаброды. Тут скрозь не было лесу, хіба толькі ў нізіне блізка падступаўся да дарогі малады саснячок. Ноч была не цёмная, хоць неба зацягнулі хмары. Аднак на дождж нішто не паказвала.

Хата зеўрала цёмнымі вокнамі і, вядома, была замкнёна з сярэдзіны. Вадзім ціхенька пастукаў у дзверы, пастаяў, прыслухаўся. Адтуль — ні шолаху. Тады ён адкінуў почапку на варотцах у агародчык, падышоў да акна спальні і кончыкамі пальцаў пабарабаніў у шыбу. Зноў прыслухаўся. З сярэдзіны бы хтось затупаў босымі нагамі па падлозе. І нарэшце ў акно:

— Хто там поначы? — Юзікаў голас.

— Свае, адчыняй.

— Вой, гэта ж Вадзім, відаць, прыехаў, — то ўжо Верка прачнулася.

Прыемна было чуць родныя галасы, па якіх так ссумаваўся ў сталіцы. У кухні ўспыхнула святло, і Верка, ужо апранутая, сустрэла яго на парозе, кінулася абняць і пацалаваць.

— Дай жа хлопцу распрануцца, — Юзік, ветліва ўсміхаючыся, далікатна адхіліў Верку, падаў і моцна паціснуў Вадзіму руку, папытаў:

— Можа, хто падвёз? Гэта ж нешта ў цябе ў руках, то цяжка пехам.

— Нічога, свая ношка плечы не намуляе.

Пакуль сястра бегала ў свіронак, каб знайсці што падсмажыць, Вадзім разгарнуў пакунак, адчыніў гожую скрыначку, хуценька, пакруціўшы ручку, паставіў на круг патэфона пласцінку, на яе — бліскучую галоўку з іголкай. Юзік зацікаўлена глядзеў на ўвішныя Вадзімавы рукі, чакаў. І палілася па хаце мелодыя, ад якой ажно заняло дух. Пра ямшчыка, які, згубіўшы ў люты мароз і мяцеліцу накірунак, адзінока канаў у бязмежным стэпе. Верка, якая зайшла з кавалкам вяндліны, не адразу зразумела, скуль гэта жаласлівае гранне, а ўгледзела патэфон і расплакалася:

— А мой жа ты братулька! Сам, можа, галодны сядзіць, а купляе такое даражэзнае. Грошай табе німа дзе дзяваць. Можа, гук трохі цішэй зрабіце, а то Анютку пабудзім.

— Яна падалася ў пярэдні пакой, а Вадзім, дастаўшы з кішэні пінжака невялікі жмуцік грошай, паклаў іх перад шваграм, сказаў:

— Гэта частка маёй стыпендыі, ды ганарар такі-сякі. Бярыце. Вам жа цяпер на хату, на абжытак нямала трэба. У калгасе, відаць, з гулькін нос зарабляеце.

— А то ж каб хоць гулькін нос. Няма ні носа, ні паўноса. Абяцалі даць па кілі на працадзень, а выйшла па чатырыста грамаў. Вот тут і разгарніся. Старшыня наш не скажу што кепскі, але не ўмее падхалімнічаць перад начальнікамі. А яны яму і горшую цехніку, і запчастак не даюць. Ты, можа, напісаў бы куды, ты ж умееш. Але не трэба сваю фамілію называць. Калі ўведаюць, што Верка твая сястра, то мне ўжо найперш не паздаровіцца.

Да размовы, пакуль Вадзім еў, падключылася і Верка.

— Ат, — сказала рашуча, — пустое ўсё гэта. Што рабілі, тое й будуць рабіць. Начальству трэба, каб і ў лапу даў, і маўчаў як у рот вады набраўшы.

Перад тым, як легчы спаць (а паслалі яму на кухні, на шлабане), Вадзіму няўсцерп хацелася папытаць, ці ж хоць вярнуліся дадому дырэктар школы