Выбрать главу

Аляксей Мітрафанавіч са сваёй жонкай. Ён памятаў пра свой доўг і гатоў быў разлічыцца хоць заўтра. Але найперш яго хвалявала, як яны, у чым іх абвінавачвалі, як іхняе пачуванне. Аднак роспыты тыя рашыў адкласці на раніцу, бо ведаў сябе: расхвалюецца, тады ні на хвіліну не змружыць вока. Не сказаў сястры і пра сваё рашэнне паехаць на цаліну. Таксама яна будзе думаць, як і што сабраць у дарогу. Мо што трэба зашыць, залатаць. Сястра ёсць сястра.

Раніцай — вось што значыць родная хата і свежае паветра! — прачнуўся пазней за ўсіх, тады, калі Юзік пайшоў ужо на работу, а маленькая Анютка прытэпала да шлабана і з цікавасцю ўзіралася ў нейкага дзядзьку, спрабуючы, відаць, успомніць кагось знаёмага. Мусіць, успомніла, з радасным гіканнем кінулася да яго, залепятала:

— Дзядзя Вадзім піехаў, дзядзя Вадзім піехаў. — Яна так шчыра была ўсцешана, што Вадзім не ўстрымаўся, хуценька ўскочыў і пашукаў у партфелі шакаладку «Алёнка», а заадно і прыгожую ляльку. Малая найперш ухапіла ляльку, прыціснула яе да грудзей. Лялька выдала якісь гук, які спачатку насцярожыў малую, а пасля яшчэ больш абрадаваў.

Калі паснедалі — дзеля брата Верка напякла дранікаў, Вадзім усё ж пацікавіўся лёсам дырэктара школы.

— Німашака. Быў чалавек і ні гуку больш. Божачка, няўжо ён які вораг ці шпіён?! А такі ж, кажуць, добры і чалавечны.

Павойкаўшы, сястра ўзялася пыніць малую, апранаць на вуліцу. Вось цяпер Вадзім і пра цаліну сказаў.

— Здурнеў ты, ці што?! — захвалявалася Верка. — Казаў Юзіку нехта, што пад цягнікі, якія ідуць на тую цаліну, хтось бомбы, ці як іх, міны падкладвае, знарок урэднічаюць. Лепей бы пасядзеў дома. І на Нёман пабегаеш, рыбку паловіш, і карове травы дзе ўкосіш. А на яблынях бачыў жа, што робіцца? Будзе процьма садавіны. Еш не хачу. На той жа цаліне, калі яшчэ даедзеце, хоць шаром пакаці.

— Не, дарагая сястрычка. Ужо ўсё вырашана. А што палохаюць... То і я чуў гэтыя байкі. Але ваўка баяцца — у лес не хадзіць. Мянціць языкамі нікому не забароніш. Можа, трохі і грошай падзараблю, вам падсобіць.

— Ого, і гэныя, што даў, нам вялікая падмога. А паціфон бяры ў свой інтэрнат, вы ж маладыя. Вам больш трэба. Калі мы тут слухаць будзем?

— А чаго ж: сядзеце калі з бабамі на лаўцы, паставіце пласцінку — там я прывёз і вясёлых — і ў скокі. Не ўсё ж бедаваць да гараваць.

— Жытка такая. Ты ў гару, а чорт за нагу. Але песні і дапраўдачкі мы любім. На радзінах там, ці ў каго вяселле, дзе музыка, мы тут як тут.

Два дні, якія Вадзім намеціў правесці ў Галабродах, праляцелі імгненна. Калі ад’язджаў, Верка напакавала яму і гуркоў, і маладой цыбулі, і бульбы, нарвала спялейшых яблык.

— Палавіну сабе пакінь, астатнія адвязі Славіку. Ён жа цяпер на практыцы на нейкім заводзе. Пісаў, што прыедзе на тыдні два.

Вадзім пагушкаў на назе Анютку, якая, дазнаўшыся, што дзядзька некуды надоўга едзе, разрумзалася на ўсю хату. Ледзьве супакоілі.

— Ну, то бывайце, — Вадзім пацалаваў спачатку пляменніцу, пасля сястру, моцна паціснуў руку швагру і рушыў у дарогу. На сэрцы было чамусь як ніколі маркотна.

9

Трэція суткі яны былі ўжо ў дарозе. Праязджалі сотні станцый, міналі большыя і меншыя гарады і гарадкі, лясы і пералескі, бясконцыя палі і зноў лясныя і горныя масівы, а прасторам гэтым, здавалася, не будзе канца-краю.

І ў сне не мог бачыць Вадзім такіх шырокіх рэк, даўжэзных мастоў, такіх высокіх гор.

— Ты паглядзі, паглядзі, — ён паказаў Рыгору рукой у бок маторкі, якая, нібыта спаборнічаючы з поездам, імкліва шыбавала да берага, падымаючы немалую хвалю. Яны таксама набліжаліся да вялікага горада, дзе, сказалі, ім арганізуюць гарачае харчаванне. Гарачага і праўда хацелася. Сухамятка ім ужо даўно абрыдла. Хацелася баршчу ці якога супу.

— Я б тры порцыі злопаў, — сказаў Рыгор, размінаючы костачкі.

У дальнім кутку таварнага вагона, у якім мясціліся хлопцы і дзяўчаты, зашавяліліся, пачалі збіраць карты.

— Ура, пад’язджаем, — глянуўшы ў прачыненыя дзверы, усклікнула Рэня Мятлік, камсорг іхняга курса. — Хоць бы ў які тупік не загналі, дзе ні вады, ні людзей, ні туалета.

— А што, надта прыспічыла? — падкалоў Рыгор. — Гані струмень, мы адвернемся.

— Нахабнік! Паспачуваць бы дзяўчатам, а ты. Дзе ж твая тонкая душа?

— У пяткі пайшла, як глянуў на цябе, такую красуню, — парыраваў Рыгор. — Была б мая воля, то.

— Што «то»? — падступілася Рэня.

— Замуж на цаліне як адну аддаў бы. Механізатары там, відаць, мэнчацца без такіх краляў.

— Ну і выйдзем, а што? Хлопцы як хлопцы. Не горшыя, можа, за нашых таўкачоў, — бліснуўшы вачыма, дзяўчына пайшла да свайго гурту, адкуль хутка выбухнуў дружны смех.