— Атрымаў на абаранкі, таўкач? — засмяяўся і Вадзім. — Лепш іх не задзіраць. Яны і так цярплівыя. А ты яшчэ дражнішся.
Поезд усё ж стаў насупраць вакзала, што выклікала гукі адабрэння ў дзяўчат. Вадзім з Рыгорам сышлі першыя і зараз падавалі рукі, падтрымлівалі сваіх сябровак. Калі дайшла чарга да Рэні і Рыгор прапанаваў ёй помач, дзяўчына дэманстратыўна скокнула сама. Скокнула няўдала. Падвярнуўшы нагу, распласталася на пероне з кацялком і пустой сеткай. Але і цяпер праявіла ўпартасць і адмовілася ад паслуг Сініцы. Затое Вадзімавай рукі не адхіліла. Атрэпаўшыся і накульгваючы, пайшла шукаць вадакачку ці які кран. Старшыя па вагоне абвясцілі, што састаў з цаліннікамі адправіцца праз паўтары гадзіны. Прасілі не разбягацца, бо хутка паклічуць у сталоўку.
Да Рыгора падбегла чарнявая ў квяцістай хустцы на галаве маладая цыганка, прапанавала паваражыць на картах ці па далоні. Толькі трэба пазалаціць руку, інакш не ўся праўда адкрыецца.
— І што ты мне наварожыш? Калі нарадзіўся, дзе жыву, жанаты ці не? Дык гэта я і без цябе ведаю, — Рыгор рашыў папацвельвацца з цыганкі, не адразу адхіляць яе прапанову.
— А я каб паверыў, назаву тваё імя. Пазалаці вось руку.
Рыгор павагаўся, выняў з кішэні некалькі рублёвак, паклаў у працягнутую руку цыганкі.
— Скупы ж ты, аднак. Але так і быць, скажу. Дык вось, цябе зваць Грыша і ты едзеш...
— Куды я еду, і дурню апошняму зразумела. А вось наконт імя... пэўна, падслухала, як мяне называў сябра. Хітрыя вы, цыганкі. Можа, скажаш, як яго зваць, — паказаў на Вадзіма, — тады паверу.
Цыганка змерала хлопца з ног да галавы, знайшлася:
— А ў яго пуста ў кішэнях. Няма чым пазалаціць руку, таму не буду варажыць. Лепей табе, ты грашовы.
Паклікалі абедаць, і хлопцы, пасмейваючыся, адзін за адным пабрылі ў доўгую прыземістую будыніну, якую прыстасавалі пад сталоўку, каб адразу накарміць вялікую колькасць людзей. Абед быў нясмачны: боршч, катлета з хлебнага мякішу, пусты кампот. Але давялося есці, дзе дзенешся. Калі яшчэ пакормяць, было невядома.
— А я і сапраўды не ўзяў з сабой ні рубля, — палэпаў па кішэнях Вадзім. — Няўжо яна і праўда можа адгадваць? Ды і імя сказала. Нешта не помню, каб я ці хто побач звяртаўся і называў цябе.
— І ўсё роўна я ім не веру. Зладзейкі яны. Неяк на хутары, калі я быў у школе, а бабуля поркалася ў гародзе, дзве цыганкі, яшчэ і дзіця было з імі, пракраліся ў хату і вынеслі што толькі можна: з бабінага куфра два сувоі палатна, з буфета — лепшыя талеркі і яшчэ розную драбязу. Шукалі, відаць, і грошай, бо ўсе рызманы валяліся на зямлі, а ў пасцелях быў поўны кавардак. Тут ім, праўда, не пашэнціла: у нас на той час не было ні капейкі. Бедная бабуля! Як яна гаравала, упікала сябе, што не замкнула хату, што цяпер яны яшчэ большыя жабракі. Нават захварэла пасля гэтага.
— А скуль ты ведаеш, што гэта цыганы пачысцілі вас? Злодзеяў жа ўсюды хапае.
— Бачылі ў той дзень іхні табар на ўскрайку лесу. Але ж не злавілі за руку, і нічога не дакажаш. Нават міліцыя не стала б разбірацца.
— Ты хоць зараз, перад ад’ездам, пакінуў ёй грошай? Я дык сваім амаль усю стыпендыю аддаў. Так што ў мяне цяпер у кішэнях вецер свішча. Цыганка як у ваду глядзела. Не схацела варажыць.
Абвясцілі пасадку, і хлопцы пайшлі ўздоўж выцягнутага мо на паўкіламетра саставу. І зноў дарога, новыя гарады і пасёлкі, рэкі і горы. Чым бліжэй набліжаліся да цаліны, тым цяжэй дыхалася ў вагоне. Хутка пайшоў суцэльны стэп, і вецер, якому было тут дзе разгуляцца, калыхаў густыя травы, сярод якіх пераважалі мятлік, жытняк, лісахвост, ціпец. З пагоркаў несла дурманлівым пахам палыну. І гэтаму разнатраўю не было, здавалася, ні канца ні краю. І хоць бы адзін дзе дамок, якая-небудзь палатка пастуха ўзбоч чыгункі. Нічагусенькі. Толькі хісткае мроіва гарачага сухога паветра, а ў далечыні, на гарызонце — міражы, быццам там, на краі неба і зямлі плешчацца ў берагах вялікае возера альбо ўздымаюцца гмахі гарадскіх ускраін.
— А дзе ж пшаніца, дзе тыя горы зерня, пра якія гэтулькі гавораць? — Вадзім, абапёршыся на парэнчы ў дзвярным праёме, глядзеў і глядзеў на гэтыя прасторы, такія непадобныя на беларускую прыроду. І ўсё ж, хоць ён самааддана любіў усё сваё, бясконцасць і пустэча гэтых прастораў займала дух.
Рыгор таксама, відаць, уражаны, нічога не сказаў. Ён штось занатоўваў у свой блакнот, знарок куплены для цалінных патрэб. Цяпер амаль усе з вагона стоўпіліся ля процілеглых дзвярэй, знарок расчыненых і з другога боку, каб трохі прадзімала ветрам спёртае паветра.
— А вунь-вунь, глядзіце, — нехта паказаў рукой на дзіўнага звярка, які, узняўшыся на заднія лапы і выцягнуўшы шыю, праводзіў паглядам поезд. — Ці не ліса гэта?