Выбрать главу

Калі ўдалечыні пачуўся гул машыны, бясконца абрадаваліся: нарэшце-ткі! Рыгор і Вадзім не дурні, каб і назад плесціся пешшу. Пэўна ж, арганізавалі транспарт і зараз выскачаць з машыны, абцяжараныя пакупкамі. Аднак, калі ўбачылі чупрыністага шафёра аднаго, таго, што прывозіў бароны, трывога перарасла ў паніку.

— А хлопцаў, ну, тых, якія памагалі табе разгружацца, не стрэў на дарозе? — першая падступілася да шафёра Рэня Мятлік.

Калі той сказаў, што і почуту няма ні пра якіх хлопцаў, дзяўчаты акружылі чупрыністага і запатрабавалі неадкладна ехаць у пошукі прапажы. Калі не стрэнуцца на дарозе, то трэба заяўляць у міліцыю, падключыць дзеля гэтага механізатараў, тых, хто хоць трохі ведае дарогі і можа поначы арыентавацца ў стэпе.

— Прыйдуць вашы кавалеры, дзе дзенуцца, — выскаліў зубы чупрыністы. — Можа, дзе да маладзіц заваліліся і гоцкаюцца зараз на мяккіх пярынах? Чысценькія ды свежанькія, за іх нашы бабы ў агонь і ваду пойдуць.

Мятлік не на жарты раззлавалася:

— Калі ты зараз не закрыеш сваю зяпу, то невядома, што з табой зраблю. Мы месца сабе не знаходзім, а табе выкабельвацца хочацца. Разварочвай машыну.

— Ды я ж прыехаў не так сабе, — чупрыністы зразумеў, што тут ужо не да жартаў і кепікаў. — Брыгадзір прасіў перадаць, што заўтра к абеду прыедзе саўгаснае начальства цікавіцца, як вы тут. Дык каб не п’яныя былі, нікуды не разбрыліся.

— У нас п’яных не бывае, — адрэзала Мятлік. — Хай лепш за сваімі сочаць.

У кузаў залезлі Віця Баравік, які, нягледзячы, што да чарнаты пабіў палец, як майстраваў сталы, выклікаўся хоць да раніцы бегаць па стэпе і галёкаць, і дзве дзяўчыны: Валя Кірсанава, задзірыстая, але справядлівая дзетдомаўка, і Рэня Мятлік. Яна нізавошта не хацела лезці ў кабіну, колькі не ўгаворваў чупрыністы (Кірсанава дазналася, што яго завуць Арцёмам і ён таксама з Беларусі). У кузаве не было на што сесці. Але стаяла, прыхіленае да кабіны, запасное кола. Яны ўсе ўтраіх уселіся на туга напампаваную гуму. Фары ў машыне былі падслепаватыя, высвечвалі перад сабой толькі вузкую палоску, таму дзяўчаты прасілі Баравіка час ад часу станавіцца ва ўвесь рост і як мага ўглядацца наперад, каб часам не размінуцца з хлопцамі. Арцём даехаў да канторы саўгаса і спыніўся. Святла нідзе не было. Пасёлак моцна спаў. Толькі чуйныя да любога гуку сабакі перабрэхваліся між сабой.

— Ну, што рабіць будзем? — Арцём вылез з кабіны і лоўка ўскочыў у кузаў да астатніх. — Да каго ў першую чаргу пойдзеце? Каго будзіць станеце?

— Трэба ў міліцыю заявіць, — Рэня Мятлік першая скочыла на зямлю, размяла ногі. — Там будзе хто?

— А я скуль ведаю? — пачаў выказваць незадавальненне шафёр. — Адны гуляюць невядома дзе, другія, выспаўшыся днём, гойсаюць па стэпе, шукаюць гульцоў-малайцоў. Аднак жа парадачкі ў вас.

— Што ты квакаеш, курыная твая башка, — зноў пачала злавацца Рэня. — З хлопцамі, можа, бяда якая, а ты. Дзе міліцыя? Вязі.

— Ды яна побач, не трэба ехаць, тут усе службы ў цэнтры. Толькі ў міліцыі ці будзе хто. Поўнач жа. А заўтра ці ўжо сёння раненька ўставаць. Тут у нас не дрыхнуць у тры наздры.

Дзяжурны ў міліцыі ўсё ж быў. Схіліўшыся над сталом, пэўна, спаў. Яны ўсе ўтраіх уваліліся ў невялікі пакойчык без стуку, і іхняе нечаканае з’яўленне раззлавала сяржанта.