— Што, зноў пабіліся ці кабялька не падзялілі? — ён брыдка вылаяўся, выняў з шуфлядкі стала аркуш паперы, гатовы пісаць пратакол.
Рэня адразу асадзіла яго:
— Таварыш дзяжурны, мы прыйшлі ў савецкую міліцыю, а не ў шарашкіну кантору. І ваша брыдкаслоўе, вашы мацюкі будуць вядомы вышэйшаму начальству. Мы студэнты, прыехалі па камсамольскай пуцёўцы, звярнуліся да вас па пільнай справе. А вы, акрамя таго, што спіцё на службе, дык яшчэ двайным матам крыеце тых, хто да вас звяртаецца. «Во дае, — у захапленні адзначыў сам сабе Віктар Баравік. — З такой палец у рот не кладзі. Не такі ўжо мяккі і пушысты гэты мятлік».
Міліцыянер, не чакаючы такога наскоку, усхапіўся, залыпаў вачыма, пасля забегаў, пачаў шукаць, куды пасадзіць начных візіцёраў. Калі гэта яму ўдалося, сам сеў за стол і ўжо афіцыйна, як патрабаваў статут службіста, папытаў:
— То якая бяда прывяла вас сюды? Хто першы пачне?
Мятлік расказала, што прапалі іхнія два студэнты. Яшчэ ранкам пайшлі пехам на цэнтральную сядзібу, каб што купіць з харчоў, і да гэтага часу не вярнуліся. А абяцалі ж да абеду быць на месцы.
Як дзяўчына і чакала, дзяжурны таксама выказаў меркаванне, што хлопцы кульнулі дзе лішку, знайшлі часовых сябровак і... «шумел камыш, деревья гнулись, а ночка темная была», — ён нават праспяваў адзін куплет.
— Гэтага не можа быць, — стаяла на сваім Мятлік. — Хлопцы, абодва паэты, зусім не пітушчыя і да выпадковых заляцанняў не такія ўжо ахвочыя. Карацей кажучы, не ведаем, што думаць і што рабіць далей.
— А з кім і як вы дабраліся сюды з палявога стана?
Мятлік назвала імя шафёра.
— То ідзіце, затрымайце яго, пакуль не пайшоў дадому і не заваліўся спаць. Пасля ўжо, яшчэ калі ў рот возьме, з пушкай не дабудзішся. А я тым часам пазваню ў райцэнтр і далажу пра тое, што вы сказалі. Прыйду да канторы праз колькі хвілін.
Машыны ля канторы ўжо не было. Засмучаныя, не ведалі, што рабіць.
— Во землячок! — абурылася Мятлік. — Яму на ўсё напляваць. Ведаць бы, дзе ён жыве.
Міліцыянер прыйшоў неўзабаве і таксама нічога добрага не параіў.
— Адно скажу, што яны ці заблудзіліся, ці, стаміўшыся, спяць бліз дарогі. Цяпер жа не зіма, не замерзнеш.
— А нам што рабіць? Дзе перакантавацца ноч? Во ўліплі!
— Да раніцы нічога не будзе, ніхто вас не падвязе. А перакантавацца, як кажуць, можна ў дзяжурцы на крэслах.
10
Вадзіму і Рыгору давялося цяжэй. Ужо, пэўна, трэцюю гадзіну яны брылі абы-куды, толькі б ісці, а дарогі, з якой так неасцярожна збочылі, уцякаючы ад магчымай пагоні, не было і не было. Ды хоць бы якая! Пад зоркамі, а яшчэ і поўня ў прыдачу, бачылася далёка. Мокрыя ногі — добра яшчэ, што расы не было — прасілі спачыну, але яны вырашылі не паддавацца спакусе, бо варта толькі сесці, як наваліцца сон, злепіць вочы. Тады яны ўжо могуць і да абеду праспаць. Вядома, гэтак натаміўшыся і набраўшыся страху. А іх жа недзе шукаюць, здагадаўшыся, што збіліся з тропу. Вярэдзіла душу і думка, што, покуль яны тут блындаюцца ў стэпе, бандыты перадумалі, змянілі сваё рашэнне абрабаваць банк не заўтра ўначы, а ўжо сёння. Сёння можа праліцца і чыясьці кроў. Гэтыя галаварэзы ні перад чым не спыняцца, тым больш калі ў іх ёсць зброя. Трэба неяк хутчэй іх апярэдзіць. А вось як? Бегчы яны ўжо не маглі. Нягледзячы на досыць прахалодную ноч, тэніскі іхнія было хоць выкручвай. І ўсё ж, сабраўшы рэшту сіл, яны паддалі ходу. Да нейкага жытла прыб’юцца, быць такога не можа, каб на дзесяткі кіламетраў была пустэча.
— Ціха! — раптам спыніўся і натапырыў вушы Рыгор. — Ці не сабакі брэшуць?
Вадзім таксама прыслухаўся, аднак нічога не пачуў.
— У цябе ў вушах заклала. Яшчэ раз паслухай. Вунь у тым, злева, баку перагаўкваюцца. Давай зварочвай леваруч.
Вадзім не стаў спрачацца, бо сапраўды ў вушах яго — прадзьмула дзе скразняком ці так ад чаго — стаяў гул, акурат там пасяліліся восы ці чмялі.
Праз пятнаццаць хвілін шпаркай хады і ён пачуў лянівае пабрэхванне сабак. Цяпер яны ўжо не сумняваліся, што наперадзе жытло, мо нават і цэнтральная сядзіба. Але ж да каго поначы завітаць? Каму сказаць аб небяспецы? Яны не былі ўпэўнены, што тут ёсць апорны міліцэйскі пункт, і ён можа быць адчынены.
Плошчу перад канторай саўгаса і саму кантору яны пазналі і бясконца абрадаваліся. Нарэшце-ткі яны дабрылі і трапілі туды, куды хацелі. Цяпер можна было трохі і перадыхнуць. Яны селі на прыступку ганка, баючыся, аднак, каб не зваліў сон. Рыгор дык зняў туфлі, пасля шкарпэткі, якія на нагах амаль што высахлі, памасажыраваў галёнкі, ступні і адчуў палёгку.
— Давай і ты, — сказаў Вадзіму, — у цябе ж таксама былі мокрыя ногі.