Аднак, ужо амаль засынаючы, хлопец адмовіўся, і тады Рыгор таўхнуў яго ў бок:
— Пайшлі.
— Куды?
— На кудыкіну гару. Міліцыю будзем шукаць.
Праз пяць хвілін яны ўжо стаялі на ганку невялікага, са шчытоў, доміка, пры ўваходзе ў акне якога гарэла святло. Хлопцы пастукалі, і за газецінай, якой было прыкрыта шкло, мільганула чыясьць фігура.
— Хто? — строга спытаў мужчынскі голас.
— Мы заблудзіліся ў стэпе, — гукнуў Рыгор. — Можна зайсці? Хочам нешта важнае паведаміць.
Дзяжурны памкнуўся ісці адчыняць дзверы, але яго апярэдзіла Мятлік, апантана кінулася ў калідорчык.
— То ж нашы хлопчыкі, — радасцю свяціліся яе вочы. Яна першая адчыніла дзверы, быццам была тут галоўная, прапусціла хлопцаў наперад. — Мы тут ужо ўсіх на ногі паднялі. Думалі, вам каюк, ваўкі зжэрлі ці абрабаваў хто і забіў.
— Не такія мы ўжо і зломкі, каб не пастаяць за сябе, — сказаў Рыгор і звярнуўся да дзяжурнага: — Заблудзіўшыся, мы, калі ўжо змяркалася, натрапілі на калок, куды звозяць усякае жалеззе. Шукалі вады, запалак у якойнебудзь кабіне. І раптам чуем — галасы. Мы стаіліся, не дыхаем. Размаўлялі двое. Як мы зразумелі, гэта былыя крымінальнікі. У аднаго з іх — зброя. Яны плануюць заўтра ноччу напасці на нейкі банк, узяць касу. Дзе і які банк, не ведаем. У вас жа ёсць банк?
— Ёсць, а як жа, — заінтрыгаваны паведамленнем хлопцаў, азваўся міліцыянер. — Ён у нас самы буйны, акрамя абласнога цэнтра. Дык, кажаце, заўтра ноччу?
Пачухаўшы патыліцу, заглянуўшы ў якіясь паперы, дзяжурны набраў нумар тэлефона і праз хвіліну сказаў у трубку:
— Зноў я. Хлопцы знайшліся. Так, самі прыйшлі. Блукалі па стэпе... Што? Не, не бачна, каб выпівалі. Цвярозыя, толькі стомленыя да чорцікаў. Важную навіну сказалі. Быццам падслухалі размову тых двух уцекачоў, якіх вы беспаспяхова ловіце як не паўгода, — Фенькі Кудлатага і. як яго? Міхалёва, па мянушцы Затычка. Яны нібыта дзесьці ў вобласці рыхтуюцца зрабіць налёт на банк. Калі, пытаеце? Заўтра. Мая справа далажыць, а вы ўжо самі глядзіце... Гэтых двух? Дзе ж у нас сродкі? Хай той банк, які ўратуюць, падкіне ім за інфармацыю. А прозвішчы і ўсё іншае я запішу.
Дзяжурны, паклаўшы трубку, павярнуўся да Вадзіма і Рыгора.
— Калі ўсё так і на месцы злачынства зловяць тых рэцыдывістаў, вы, хлопцы, прагрыміце на ўсю вобласць, а то і рэспубліку. За іх затрыманне, нават падказку, дзе хаваюцца, абяцаюць добрыя грошы. Прасілі цяпер, пакуль што-якое, вам аддзячыць.
Кірсанава Валя і Мятлік, заадно з імі і Віця Баравік, паціснулі хлопцам рукі, а дзяжурны падрыхтаваўся пісаць пратакол. Прозвішчы свае хлопцы назвалі. А вось наконт якой бы там ні было ўзнагароды рашуча запратэставалі:
— Нам бы толькі... — Рыгор наблізіўся да дзяжурнага, шапнуў як не ў вуха: — Бутэлек колькі віна прыстарацца. Ведаем, што зараз тут сухі закон. Але ж, у парадку выключэння... Мы, пакуль не ўпрэгліся ў работу, хочам адзначыць дзвюх дзяўчат дні нараджэння, ну, і наш прыезд сюды. То як, таварыш сяржант? Падсобіце?
Дзяжурны пачухаў патыліцу:
— Але ж гэта не ў маёй кампетэнцыі. Далажу пра вашу просьбу дырэктару саўгаса. Мо і ўважыць. А зараз адпачывайце. Папіце вады, — ён падсунуў ім графін і шклянку, — і размяшчайцеся хто як. Крэслы я прынясу з кабінета начальніка.
Гэта ноч далася ў знакі не толькі Вадзіму і Рыгору, а таксама тым, хто памчаўся ў дагонку, але і астатнім з іхняе групы. Ніхто не клаўся спаць, з хвіліны на хвіліну чакалі вяртання машыны. Але яе не было і не было, хоць пайшла другая гадзіна ночы. Бліз сталоў расклалі невялікае цяпельца, грэлі рукі, спіну, наганялі на сябе страх, расказвалі розныя жахлівыя выпадкі з жыцця цаліннікаў, якіх наслухаліся ў поездзе па дарозе сюды. Толькі калі пачало світаць, і перадранішняя прахалода стала нясцерпнай, большасць пайшла ў палатку на свае сеннікі, пад коўдры і, нават не распранаючыся, не знімаючы цёплых швэдараў, залегла, каб хоць трохі перагнаць сон.
Вярнулася ўся кампанія перад абедам, незадоўга да прыезду саўгаснага начальства. Прывезлі іх у міліцэйскай машыне, убачыўшы якую, можна было абамлець. А ўсмешлівы вадзіла па-заліхвацку крутнуў руль ля саменькіх сталоў і, даўшы сігнал, спыніўся, толькі пыл закурэў з-пад колаў.
— Вы што гэта сабе дазваляеце? — сарвалася з языка ў паварыхі Каці Шмыровай. — Тут у нас праверка намячаецца, а вы пясок гоніце на сталы і каструлі.
З кабіны, з гіканнем і смехам, вывалілася праз розныя дзверы ўся пяцёрка.
— А мы ўжо абамлелі, убачыўшы міліцыю, — Каця гукнула астатніх. — Многія яшчэ спяць, бо цалюткую ночку сядзелі ля агню і чакалі.
Хутка ўся палатка была на нагах.