Выбрать главу

— Во яны, блудныя сыны, — Мятлік кіўнула на Вадзіма і Рыгора. — Заварылі тут кашу, усё жыццё помніць будуць. І праславіліся. Пасля раскажуць. Стрэнем толькі начальства. У палатцы, калі хто дрыхне, хуценька хай засцілае пасцелі.

Рыгор папрасіў шафёра адчыніць багажнік, выняў адтуль цэлую сетку бутэлек з рознымі наклейкамі.

— Прымай, Каця, пад тваю поўную адказнасць. Вечарам гульнём як мае быць.

Міліцэйская машына паехала і амаль тут жа падкацілі «Волга» і «Масквіч». З «Волгі» выйшаў цёмнавалосы мужчына гадоў пяцідзесяці, з ужо досыць прыкметным пузам, якое, аднак, не псавала яго фігуру, а надавала яшчэ большую саліднасць. Гэта і быў дырэктар саўгаса «Стэпавы» Ігнацюк Кірыла Васільевіч. Яго абступілі і студэнты, і тыя, што прыехалі ў «Масквічу» — галоўны аграном, брыгадзір трактарнай брыгады, а таксама важак цалінных камсамольцаў Багамолаў.

— Ну, то з прыездам, таварышы цаліннікі, — звярнуўся да ўсіх Ігнацюк. — Бачыце, якое перад вамі мора пшаніцы. Убраць своечасова і без страт усё зерне — задача з задач, якая перад намі пастаўлена. Людзі нашы згаладаліся па хлебе. Відаць, і ў Мінску ў вас яго няхватка. Белыя батоны і булачкі ўсе любяць, толькі дай. А вось многія гараджане, пэўна, і не ведаюць, якім потам, слязамі даецца гэтае дабро. Так што віншуем усіх вас, што адгукнуліся на заклік і прыехалі нам у помач.

Па колькі слоў сказалі галоўны аграном і брыгадзір трактарнай брыгады. Даўжэй прамаўляў камсамольскі важак Багамолаў. Гэты расказаў страшную гісторыю пра гібель трох першацаліннікаў, якія паехалі па груз на чыгуначную станцыю і па шляху назад у іх заглух матор. Апруцянелых, зацярушаных снегам, іх знайшлі толькі на другі дзень.

— Так што бачыце, — падсумаваў ён, — многія і жыццём сваім ахвяравалі.

Гаспадары саўгаса бавіліся нядоўга. Зайшлі ў палатку, Ігнацюк пацікавіўся нават, што сёння на абед.

— А вы сядзьце за стол, — замітусілася Каця. — Паспрабуйце наша варыва.

— Абедайце без нас, — сказаў Кірыла Васільевіч. — У нас жа не вы адны. Сёння трэба ўсіх аб’ехаць, бо заўтра пачынаем жніво і на такі пальецца зерне, многа зерня. Думаю, вас праінструктуюць, як яго сушыць, пералапачваць. Не лёгкая, скажу вам адразу, праца. Давядзецца і начамі шчыраваць.

Калі адбылі машыны, толькі тады дзяўчаты кінуліся да Рыгора і Вадзіма, да астатніх, хто з імі прыехаў.

— А мы тут па вас паніхіду хацелі заказваць, — засмяялася круглатварая, з доўгай, да пояса, касой Аксана Печкіна.

— А яны з’явіліся і не запыліліся. Ну, цяпер спавядайцеся.

— Дайце хлопцам трохі ачомацца, — заступілася за Рыгора і Вадзіма Рэня Мятлік. — Няхай прасоленыя ад поту сарочкі зменяць, памыюцца як мае быць, тады ўжо... А ты, Шмырова, стаў на стол абед, калі ўсё гатова. Мы як ваўкі згаладаліся. За ядой нашы хлопцы і раскажуць, дзе былі і што ўчынілі.

11

Цаліннае лета прамільгнула ў цяжкай, можна сказаць, знясільваючай працы. Дырэктар саўгаса не маніў: бывала, што і па дваццаць гадзін, з невялікімі перапынкамі, даводзілася шураваць лапатай гарчае з сярэдзіны, бы прысак, зерне, выварочваць яго наверх альбо адкідаць у іншае месца. А машыны з паўнюткімі кузавамі ўсё пад’язджалі і пад’язджалі, выгружалі збожжа і зноў імчалі ў стэп, да камбайнаў. І так дзень пры дні, з ночы ў ноч. Больш за месяц ішла ўборка, і пра сябе не было калі падумаць. Самае вялікае жаданне было заваліцца куды — хоць тут, зарыўшыся ў бурт пшаніцы, хоць у палатку — і паспаць колькі гадзін запар, каб ніхто толькі не тармасіў, не галёкаў, што прыбыў груз.

Назад яны ехалі ўжо ў самых што ні на ёсць пасажырскіх вагонах, дзе грэлі і падавалі чай, дзе працаваў рэстаран, у якім можна было смачна паесці, абы былі грошы.

Вадзім з Рыгорам не шыкавалі, але ў першы дзень па дарозе дадому ўсё ж адшукалі той рэстаран і — была ні была — вырашылі-ткі трохі расслабіцца, а заадно аблегчыць свае кішэні. Сказаць, каб яны вельмі адтапырваліся, бы­ло б няпраўдай, але і наракаць ніхто не збіраўся. Многія лічылі — вясковыя дзяўчаты перш-наперш, якія жылі на адну стыпендыю, — што саўгас расплаціўся з імі шчодра, кожнай адваліў прыстойную суму. У вагоне толькі і размовы вяліся, як лепш патраціць гэтыя грошы, каб купіць сабе гожую сукенку ці кофту, што з абутку лепшае, а рэшту перадаць бацькам, бо яны таксама спадзяюцца на якую капейку.

У Мінск прыехалі ў холад і слату. З першых дзён верасня нечакана заімжэла, паўночны вецер працінаў да костачак, а яны, не падрыхтаваныя да такога надвор’я, выскачылі на перон і адразу адчулі розніцу тэмператур у Казахстане і ў Беларусі. Пераапранацца было некалі, бо іх на пероне сустракалі вельмі ўрачыста. Пад гукі двух гімнаў камсамольскія важакі, для якіх паставілі часо­вую трыбуну, прамаўлялі ўзнёслыя словы і віталі цаліннікаў, называючы многія імёны і прозвішчы як герояў. Сярод тлуму і мітусні, абдымкаў з роднымі і блізкімі да Рыгоравага вуха данеслася: «.не пабаяўшыся нават наведзенага на іх пісталета, яны, мужныя нашы сябры, умудраліся злаўчыцца і выбіць зброю з рук мацёрых бандытаў. Некалькі сутак ідучы па голым стэпе без вады і якоганебудзь харчу, яны зусім выбіліся з сіл, а Рыгор Сініца — бачыце, якога палёту птушкі пасяліліся пад дахам універсітэта — дык вось гэты мужны хлопец усю дарогу ў дзвесце кіламетраў пратопаў з навярэджанай, апухлай нагой. Гурко і ён па чарзе прысаджваліся адпачываць, трымалі на мушцы рэцыдывістаў, якія мелі намер абрабаваць банк, нават, у выпадку супраціўлення, забіць ахоўніка. Іх нашы хлопцы здалі міліцыі, адзначыўшы гэты ўчынак у мясцовым друку...»