Выбрать главу

— Што ён там пярындзіць? — верыў і не верыў сваім вушам Рыгор. — Гэтак хутка і да звання Героя Савецкага Саюза прадставяць.

Вадзім таксама быў ашаломлены пачутым.

— Ды ну іх, — сказаў, ужо смеючыся, — плюнь і разатры. Не пойдзем нават да трыбуны. Няхай пагалёкаюць. Ім за гэта плацяць. Толькі перад сваімі будзе брыдка.

Паколькі было недалёка ад вакзала, яны перасеклі трамвайныя пуці і ўжо праз пяць хвілін былі ў інтэрнаце. Напалову ён быў зараз пусты, бо з пачатку заняткаў студэнтаў зноў адправілі на бульбу. Дзяжурная дала ім ключ ад пакоя, і яны перш-наперш распакавалі рэчы, пераапрануліся ў сухое, што было ў чамаданах. Кастуся і Сенькі не было, відаць, таксама ў калгасе. На стале, неяк непрыкметна прыхіленую да графіна з вадой, Вадзім прачытаў пісульку: «Рыгор, уключай матор і шпар па ганарар. З цябе навар». Пасмяяўшыся, Вадзім перадаў пісульку сябру.

— Го, дык сёння мы можам баль класны арганізаваць. Эх, дзяўчат бы сюды! Тваю Люсю, а мне. Не, не па маім носе мая краля. Пэўна, з тым марскім афіцэрам мілуецца.

— А ты не давай маху. Афіцэр далёка, а ты побач, толькі ў розных з ёй групах. Цікава, ці паехала яна на бульбу. Г арадскім цяжка цягаць кашы, тым больш у такую слоту. Ведаць бы, дзе яны, то, можа, падскочылі б.

— Не, ты лепш падскоч да Люсі. Пэўна, дзяўчына змэнчылася, чакаючы ад такога дуралея якую вестку.

— Так, трэба і ў Жорнаўку да сваіх заглянуць, і ў Радава падскочыць. Нешта апошні час брат пачаў сніцца. Хоць бы не захварэў ці так каб якая бяда не сталася.

— А пра меншага брата ты помніш? Нешта вы зусім як чужыя, нібыта чорная кошка прабегла між вамі.

— Ведаеш, Рыгор, са Славікам у нас асаблівыя адносіны. Маленькім ён як паехаў з сястрой на новае месца, дык мы мала і бачыліся. Пасля я прыехаў туды, а ён падаўся ў вучылішча. Перад ад’ездам на цаліну быў дзесь на практыцы. Цяпер, можа, размеркавалі куда на работу. Калі ў Мінску, то, можа, сам акажацца. Ён ведае мой адрас.

Хлопцы пагаліліся, апранулі святочнае і, пераканаўшыся, што дажджу няма, вырашылі прайсціся. Перш-наперш заглянулі ў корпус філфака, каб пачытаць аб’явы, а заадно пацікавіцца поштай. Пры ўваходных дзвярах вісела скрыня з ячэйкамі на кожную літару, і час ад часу туды кідалі пісьмы, запрашэнні на тэлефонную размову, нетэрміновыя тэлеграмы. На ўсякі выпадак яны заглянулі кожны ў сваю ячэйку. І, дзіва, абодвух чакалі аднолькавыя канверты з аддрукаванай уверсе чырвонай шапкай: «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

— Шчо цэ значыць?! — на ўкраінскі манер усклікнуў Рыгор. — Мо зноў наш літгурток запрашаюць?

Яны пайшлі ў сквер на лаўку, але яна была мокрая, таму зноў вярнуліся ў вестыбюль і, прыхінуўшыся да акна, акуратна, пры дапамозе алоўка, раскрылі канверты. Паперкі былі аддрукаваныя на машынцы з аднолькавым тэкстам: «Саюз пісьменнікаў Беларусі ладзіць першую рэспубліканскую сустрэчу з маладымі паэтамі і празаікамі, якая адбудзецца ў Доме творчасці па адрасе...» Далей называліся дата, месца збору, умовы пражывання.

— Дык гэта ж яшчэ вельмі няхутка. У лютым толькі, а ўжо выслалі запрашэнне, — абрадаваўся і адначасова засмуціўся Вадзім. — Я думаў у часе зімовых канікул пабыць у Галабродах, памагчы Юзіку габляваць дошкі, ставіць перагародкі. Работы там процьма. А чужых не вельмі ноймеш.

— Ну, і не паедзеш у свае Галаброды. Гэта ж больш важна. Уяві, якія людзі прыедуць з розных куткоў Беларусі, якая можа быць літаратурная школа. Цяпер, пакуль нашы на бульбе, з’ездзі і памажы. Можа, што новае напішаш? Тым больш і з Саюза пісьменнікаў просяць падрыхтаваць творы.

— Яно і праўда, у мяне прозы няшмат надрукавана. А рукапіснае хто ж будзе разглядаць, — пагадзіўся з думкай сябра Вадзім.

— Дзе ж гэта што з майго надрукавалі? — азадачыўся Рыгор. — Пайду найперш у «Маладосць». Там два мае вершы меліся даць. Тады пабанкетуем. А заўтра, відаць, падскочу да бабулі. Толькі што ёй купіць? Вядома, падкіну грошай, але ж падарунак будзе ёй даражэй, яна марыла пра арэнбургскую хустку. Во дзе б дастаць!