— Без цябе невядома калі адужаў бы гэтулькі. На зімовыя канікулы, калі прыедзеш, то ўжо будзем у новай цёплай хаце.
Вадзім толькі зараз мусіў прызнацца, што яго не будзе. Пакорпаўшыся сярод сваіх папер, адшукаў канверт і запрашэнне з Саюза пісьменнікаў.
— Так што я буду ў Доме творчасці, — сказаў не без гонару.
— То дай божачка, каб цябе там прыкмецілі, каб хто важны сказаў добрае слоўка, — сястра расчулілася і ажно пусціла слязу. — Можа, сам Якуб Колас будзе вам за старэйшага і адзначыць цябе. Тады і па радзіву сказалі б. Ого! Тут і так пра цябе ведаюць, а каб яшчэ па радзіву. Вот бацькі радаваліся б, каб былі жывы. Не давялося ім, бедным, пацешыцца дзецьмі, дачакацца ўнучачкі. Такія маладыя параць зямлю.
Да ад’езду Вадзіма сястра зарэзала пеўніка, ашпарыўшы кіпетнем, аскубла, падрыхтавала ў дарогу тое-сёе з гародніны. Ад пеўніка Вадзім катэгарычна адмовіўся.
— Юзіку патрэбен добры харч, бо нешта ён здаў апошнім часам. Ды і вам з Анюткай не зашкодзіць з’есці кавалачак мяса.
Верка ўпарцілася, але ўсё ж пеўніка пакінула сабе. Ранкам, толькі Юзік сабраўся на работу, выйшаў з ім і Вадзім. Гэты раз швагер папрасіў пачакаць на скрыжаванні, бо, сказаў, будзе ў Стаўбуны грузавая машына. Па Юзіка таксама прыехалі, і ён, падаўшы Вадзіму руку, адбыў у сваю майстэрню. «Студабекер» прымчаў хутка, і шафёр, відаць, папярэджаны Юзікам, ліха спыніўся перад Вадзімам.
— Скакайце, — адчыніўшы дзверцы, выгукнуў малады белабрысы хлапец у зашмальцаванай спяцоўцы, — сядзенне я праціраў, так што не бойцеся запэцкацца. Вы, калі ў Мінск, то давязу і туды. Учора позна перазванілі ў кантору і сказалі, каб патрэбны груз забраў на таварнай станцыі ў Мінску.
— Го, то мне пашэнціла, — парадаваўся Вадзім. — Бо поезд мой будзе недзе к абеду. Доўга давялося б мэнчыцца на вакзале.
Ніколі чалавек не ведае, што чакае яго наперадзе, якія сюрпрызы рыхтуе яму лёс. Кажуць жа ў народзе — ведаць, дзе ўпадзеш, саломкі падсцяліў бы. У іхнім выпадку не дапамагла б і ніякая саломка.
З гадзіну, як выехалі на шашу Брэст — Масква, усё ішло добра. Вадзіла аказаўся гаваркім хлопцам. З гумарам расказваў, як служыў у арміі ў Нямеччыне і як яго ўпадабала адна палкоўнічыха, у мужа якой быў за шафёра. Неяк, калі палкоўнік быў на нейкіх курсах каманднага саставу, жонка яго, дзябёлая румянашчокая маладзіца гадоў трыццаці, папрасіла ў кватэры перасунуць мэблю, прыбіць новую вешалку. Прыйшоў са сваім інструментам — малатком і цвікамі, нарыхтаваўся цягаць і прыбіваць. А палкоўнічыха, нарумяненая, расфрэнчаная ва ўсё яркае, бы той пеўнік, стаіць і ўсміхаецца. Пытаюся, з чаго пачынаць будзем. А пачнём з таго, кажа, што сядзем за стол і вып’ем па кілішку. З халадзільніка вымае бутэльку каньяку «Напалеон» і загадзя падрыхтаваную закусь — рыбу чырвоную, ікру чорную, венгерскія агурочкі, тонка нарэзаную колцамі каўбасу, іншыя якіясь прысмакі, ад чаго ў мяне і сліну пагнала. Стаю, як доўбень, і нічога не разумею. Думаю, мо гасцей важных чакае, мо палкоўнік яе сёння вяртаецца, і з гэтай радаснай нагоды яна рашыла пачаставаць мяне. А яна. Смялей, смялей, кажа, радавы Барыс Пупкін, цяпер я твая камандзірша. Дагодзіш, то будзеш як сыр у масле плаваць. З радавых старшым сяржантам станеш. Я ўсё магу. Я выцягнуўся па струнцы і хацеў ужо гаркнуць: «Служу Савецкаму Саюзу», як яна мяне абвіла рукамі за шыю, упілася ў губы ў гарачым, аж дыханне заняло, пацалунку. Пасля далікатна падпіхнула да стала, усадзіла ў мяккае крэсла. Вось гэта, кажа, усё з’ядзім і вып’ем, тады паглядзім, які ты майстар. Я адразу здагадаўся, чым тут пахне, але маўчу, думаю, што ж будзе далей.
— Ну, і што было далей? — зацікаўлена спытаў Вадзім.
— А далей, калі ледзь не ўсё выпілі ды закусілі, яна павяла паказаць, які ложак трэба перацягнуць у іншае месца. Завяла ў спальню, а сама юркнула кудысь у ванную ці туалет. Я стаю і прыкідваю, дзеля чаго ёй спатрэбілася нейкая перастаноўка. Праўда, ужо здагадваўся, нашто я ёй патрэбен. Пачуліся крокі, я абярнуўся і вачам саім не веру: стаіць палкоўнічыха голенькая, пухленькая, слінкі абліжаш, і . цэліцца на мяне з пісталета. Смяецца: