Выбрать главу

— Во, здэцца, пачаў дыхаць, — пачуў Вадзім голас аднаго з мужчын. — Але ж і трывушчы. Другі даўно б канькі адкінуў.

Толькі зараз Вадзім адчуў, як востры боль працінае ўсё цела. Ён застагнаў, у бяспамяцтве нешта прамармытаў.

— Змачыце яму губы, — распарадзіўся той жа голас, — піць, але адну лыжачку.

Калі дайшоў да памяці, першым чынам паспрабаваў пашавяліць рукой, нагой. Правая нага трохі слухалася, а левая ляжала дзеравяшкай. «Божа, хоць бы не аднялі», — жахнула думка. Ён паспрабаваў адкінуць коўдру, каб глянуць, што там унізе, нават падняў галаву, але ў шыі і ў грудзях кальнула так, што страціў на нейкі час прытомнасць. Відаць, моцна застагнаў, бо ў палату прыбегла сястра, схілілася над ім. Прыйшоўшы ў сябе, Вадзім асмяглымі губамі прашаптаў:

— А левую нагу. Што, адрэзалі?

Сястра паклала халодную далонь яму на лоб, супакоіла:

— Ды цэлая, цэлая нага, і правая, і левая. Яшчэ месяц-паўтара і скакаць будзеш. А вось грудзі, шыю, ды і бок правы моцна зачапіла. Як сэрца толькі вытрывала?

— Што з шафёрам, ну, тым, з кім ехаў, сталася? Жывы хоць?

— Не, кажуць, згарэў разам з машынай. Эх, хлопцы, хлопцы. Нап’юцца, а пасля за руль садзяцца. Жонцы, бацькам якое гора.

Вадзіму хацелася сказаць, што чалавек быў зусім цвярозы, што няшчасце здарылася па іншай прычыне. Але ў яго перахапіла дыханне. Пякучыя слёзы пацяклі па твары.

Недзе праз тыдзень яго адшукаў Рыгор. Усяго забінтаванага, схуднелага і ўчарнелага, Рыгор ледзьве пазнаў сябра.

— У міліцыю, ва ўсе бальніцы званіў і ніяк не мог напасці на твой след. Яшчэ ад бабулі дачуўся, што згарэла калгасная машына. Я адшукаў тваю сястру, швагра, папытаў, калі ты паехаў. Супадала, што акурат у гэты дзень з машынай і здарылася бяда. Швагер думаў, што ты сышоў у Стаўбунах, паехаў цягніком, таму не забілі трывогу. А яно во як атрымалася.

Вадзім, аслабелы дазвання, не мог яшчэ пашавяліцца, аднак гаварыць ужо мог, хоць і з вялікай цяжкасцю. Рыгора папярэдзілі, каб доўга не затрымліваўся, каб нічога непрыемнага не гаварыў. Зараз, развітваючыся, папрасіў у Вадзіма адрас Люсі і дазволу ад яго імя напісаць ёй колькі слоў. Швагру і сястры такса­ма, хай, хто зможа, прыедзе, наведае. Наконт Люсі Вадзім прасіў устрымацца, не хацеў, пакуль трохі не акрыяе, каб дзяўчына бачыла яго такога.

— А на курсе што? — папытаў зацікаўлена. — Я ж так адстану. А тут і зімовая сесія не за гарамі.

— Галоўнае, ачуняць і стаць на ногі. Астатняе неяк асіліш. Я буду прывозіць табе падручнікі, свае канспекты. Будзеш чытаць, як толькі зможаш. Не забывай жа, што нас чакае Дом творчасці. Твае апавяданні і гумарэскі, як я дазнаўся, будзе разглядаць адзін вельмі салідны пісьменнік. Прозвішча пакуль не сказалі. Гэта каб было сюрпрызам.

Рыгор пакінуў палату, і Вадзім, падбадзёраны сябрам, хутчэй пайшоў на папраўку. Люся прыехала ўжо перад самай выпіскай, устрывожаная, бясконца замучаная.

— Сумлення ў цябе няма, каб гэтулькі часу трымаць мяне ў няведанні. А каб са мной што, і ніхто не даў знаць, як бы ты паглядзеў на ўсё гэта. Ага, маўчыш.

Выгаварыўшыся (яны пайшлі ў калідор, на глухую лесвіцу, якая вяла на гарышча), Вадзім прытуліў да сябе дзяўчыну, горача пацалаваў. Развітваючыся, Люся паабяцала наведаць яго паслязаўтра.

— Дык мяне ж можаш ужо не застаць тут. Давай лепш праз тыдзень стрэнемся ў Мінску, у тым жа прывакзальным скверыку. Буду чакаць. Гэты раз, нават калі і не выпішуць, уцяку.

Яны, прызначыўшы час спаткання, яшчэ раз горача абняліся, пацалаваліся і разышліся. Вадзім вярнуўся ў палату акрылены, са ззяючымі вачыма.

— Ты дзе бадзяешся? — накінулася на яго медсястра Каця. — Прыходзіў прафесар, хацеў агледзець, а цябе і след прастыў. Накрычаў на мяне, што распусцілі хворых.

Вадзім павініўся, адчыніў тумбачку і даў Каці шакаладку, якую Люся прывезла ў якасці гасцінца. Медсястра палагоднела, але папярэдзіла, каб хоць цяпер нікуды не адлучаўся, бо прафесар можа вярнуцца. Ён і праўда зайшоў у палату са світай — урач, яшчэ два нейкія медработнікі, адзін з іх з бародкай, якая падкрэслівала яго вучонасць і на фоне белага халата глядзелася досыць унушальна. Другі, гладкаголены, са стомленым, нават нібы хваравітым тварам, трымаў перад прафесарам рэнтгенаўскія здымкі, перагортваў іх, на латыні штось тлумачыў. Трохі ўбаку стаяў Іван Парфір’евіч і, усміхаючыся, падмігнуў яму: маўляў, не дрэйфі, усё будзе о’кей. Прафесар, выслухаўшы асістэнтаў, павярнуўся да Вадзіма, папрасіў распрануцца да пояса і легчы на ложак.