Выбрать главу

— Добра ім тут, — сказаў Рыгор, — шышак, а ў іх семак, хоць адбаўляй. Але дзе прыстарацца б арэшкаў?

Удалечыні адной з дарожак яе перасек бяляк, пакінуўшы ў снезе, куды яны наблізіліся, глыбокі след.

— О-го, тут жыўнасці хоць адбаўляй, — прыйшоў у захапленне Рыгор. — Край непалоханых звяроў і птушак. Не здзіўлюся, калі і лось нам перагародзіць дарогу. Ідылія для мастака. Умеў бы маляваць, во карціна была б.

— А многія пісьменнікі і малююць, самі афармляюць свае кніжкі. Карацей кажучы, і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Мне б так.

Нахадзіўшыся, налюбаваўшыся прыродай, яны вярнуліся ў свой домік. Да прызначанага часу заставалася яшчэ гадзіны паўтары, і яны, распрануўшыся, вырашылі, каб была свяжэйшай галава, трохі падрамаць, хоць ніколі днём гэтага не рабілі.

— Не праспаць бы, — соладка пазяхнуў Рыгор. — Я ўжо як засну, то і з гарматы не пабудзіш. Толькі спадзяванка на цябе, дружа. Ты амаль не піў, адно прыгубіў, так што пакаравуль, пакуль я дрыхнуць буду. Напішы і ты колькі нятленных радкоў. Чалавецтва цябе не забудзе.

— Пацвельваешся, лайдак. Так і быць, дрыхні, але толькі калі пачую храп, то ў рот усуну кляп.

— Табе б катам працаваць, — агрызнуўся Рыгор і ўлёгся ў мяккі ложак.

У галоўны корпус яны прыйшлі ці не першыя, бо на вешалцы не было ні адной апраткі. Падняліся на другі паверх і там убачылі Васіля Уладзіміравіча. Той, кіўнуўшы ім галавой, працягваў размаўляць з прафесарам Гутаравым, на лекцыі якога марыў трапіць кожны. Хлопцы, каб не перашкаджаць і не мазоліць вочы, выйшлі ў хол, прысланіліся да падаконніка. Пачалі сцякацца і іншыя ўдзельнікі семінара. Універсітэцкіх Вадзім налічыў пяць чалавек. Астатнія былі незнаёмыя. Прыехалі з Мінска некалькі салідных пісьменнікаў, сярод якіх Вадзім пазнаў вядомага гумарыста і байкапісца Уладзіміра Корбана, паэтаў Пімена Панчанку і Анатоля Астрэйку, празаіка Макара Паслядовіча. Яны ручкаліся з кожным, хто сустракаў іх, пыталіся прозвішча і жанр, у якім працуе, дружалюбна паляпвалі па плячы. Першы пачаў Іван Васільевіч Гутараў. Гэтага чалавека можна было б слухаць і слухаць гадзінамі, і не надакучыла б. Ён меў фенаменальную памяць, якая выручала яго ў самых нечаканых выпадках. Расказвалі са смехам, як Гутараў лоўка абводзіў вакол пальца самых заўзятых бюракратаў. Не маючы моцы пісаць канспекты сваіх лекцый, ён, калі нечакана заходзілі ў аўдыторыю правяральшчыкі, клаў перад сабою падрыхтаваныя загадзя якіясь спісаныя лісткі і быццам цытаваў класікаў марксізму-ленінізму, чытаў вытрымкі з таго ці іншага твора славутых рускіх і замежных пісьменнікаў. Калі праверка канчалася, ён са смехам адсоўваў паперкі ўбок і працягваў лекцыю, здзіўляючы сваёй эрудыцыяй.

Зараз Іван Васільевіч быў сур’ёзны. Сказаў, што ранкам наведаў у бальніцы Якуба Коласа і той папрасіў перадаць ад свайго імя гарачае віншаванне маладой змене літаратараў. Усе дружна запляскалі, папрасілі расказаць пра здароўе народнага песняра.

— Слабаваты, але вычухаецца. Марыць к канцу семінара пад’ехаць да вас, каб пагутарыць і сфатаграфавацца на памяць.

Гулам адабрэння і радасці сустрэлі словы прафесара.

Пімен Емяльянавіч падзяліўся ўражаннямі ад нядаўняй паездкі ў Швецыю з усесаюзнай дэлегацыяй пісьменнікаў. Калі ён называў некаторыя лічбы, усе ахалі ды охалі. Але, заключыў паэт, у гасцях добра, а дома лепш.

«И дым Отечества нам сладок и приятен», — пад смяшок прадэкламаваў нехта вядомыя радкі.

— Чаго-чаго, а дыму ў нас хапае, — шапнуў Вадзім, але яго пачулі і таксама засмяяліся.

Пачалася сур’ёзная разборка твораў. Кожнаму быў прызначаны яго дзень. Вырашылі збірацца ў гэткі ж час, калі людзі паабедаюць, хто захоча адпачне. Ну, а ранак дадзены для творчай працы.

Да Вадзіма падышоў Макар Паслядовіч і папрасіў у яго новыя і надрукаваныя ўжо творы. Хлопец адкрыў кардонную папку, паказаў усё яе змесціва: тры гумарыстычныя часопісы, выразку з апавяданнем у сельскагаспадарчай газеце, два маладзёжныя часопісы, дзе значылася яго імя.

— Вершы таксама друкаваліся, але я закінуў паэзію, таму не хацеў бы паказваць.

— Чаму ж, — падахвоціў Макар Трафімавіч. — Я паспрабую разабрацца. А што зараз напісаў ці пішаш?

Вадзім зніякавеў:

— Скончыў нядаўна апавяданне, але яно ў мяне ад рукі. Не меў часу даць каму перадрукаваць на машынцы.

— То хай будзе і ад рукі. Почырк жа, можа, у цябе не прафесарскі. А калі не разбяруся, то ў Саюзе пісьменнікаў дам машыністцы, яна любы тэкст рукапісны чытае. Заадно табе экземпляр будзе.