Выбрать главу

Пасмяяліся. Рыгор выняў з кішэні паліто каньяк, паставіў на стол.

— Во гэта напой, — абрадаваўся Васіль Уладзіміравіч. — У мяне таксама тое-сёе ёсць. З Гродна вёз. А ў Гродна з Польшчы даставілі. Пакаштуем пшэцкай гарэлачкі. Кажуць, не горшая за наш пяршак, — ён адчыніў халадзільнік, выняў талерку парэзанай ужо хатняй варанай каўбасы, ад якой ішоў зманлівы пах кмену, яшчэ якіхсьці прыпраў, і бутлю самагонкі, на дне якой плавалі нейкія травы, чырвоны перац, рознай велічыні карэньчыкі.

— Можа, з майго «чэмергесу» пачнём? — ён зіркнуў на хлопцаў. — А запіваць таксама знойдзем чым. Ё бутэлька мінералкі.

— А што вы зараз пішаце, — пацікавіўся Вадзім. — Казалі, што над нейкім эпізодам думалі. Пра вайну што?

— Там паглядзім. Вядома, вайну я ведаю не па чутках. Сам глынуў гэтага ліха ўдосталь. І доўг мой расказаць, што сам перажыў, што вынес. Задумаў аповесць пад умоўным пакуль назовам «Жураўліны крык».

— Цікавая назва, — сказаў Рыгор. — З журавамі звязана штось сумнае, цяжкае, пакутнае.

Выпілі «чэмергесу», ад моцы якога нават у Сініцы дых заняло.

— Во гэта напой! — аддыхаўшыся, усклікнуў ён. — Піў пяршак, але, браце ты мой, не тое. Відаць, корань ці перац далі такую моц.

Вадзім толькі прыгубіў, а вось на вараную каўбасу накінуўся, нібы і не вячэраў. Праз паўгадзіны, калі «чэмергес» быў выпіты да донца і хлопцы ўжо расчырванеліся, Рыгор адкаркаваў каньяк. Як толькі Васіль Уладзіміравіч выйшаў у туалет, Вадзім шапнуў сябру:

— А ці не замнога будзе? Яму ж заўтра здаваць экзамен.

Рыгор адмахнуўся:

— Што яму той экзамен. Ён ужо здаў яго «на выдатна». Калі маё і тваё ўпадабалі, то быкаўскае «на ўра» прымуць.

Васіль Уладзіміравіч і праўда выглядаў бадзёра, акурат выпіў кубак кавы.

— Што, хлопцы, замаркоціліся, — ён бліснуў вачыма. — Адкаркуем яшчэ адну? Зрэшты, хопіць, лепш вы, Рыгор і Вадзім, пачытайце што новенькае з напісанага. А я, каб весялей ішло, падрыхтую кіпетню і зраблю смачны напой.

— Я вам памагу, — падрадзіўся Вадзім. — А ў чым мы нагрэем вады?

Гаспадар выняў з сакваяжа электракіпяцільнік, паўлітровы кубак і пачак кавы, сказаў:

— У дарозе вельмі неабходныя рэчы. Нават у вагоне, як ехаў сюды, з адным служывым пад каву вялі задушэўную гамонку. Не прыкмецілі, як і ў сталіцы апынуліся.

Аднаго кубка кіпетню хапіла на тры няпоўныя шклянкі. Быкаў не забыўся пра сваю просьбу, каб хлопцы пачыталі што-небудзь. У Вадзіма з сабой не было нічога з прозы, таму, глянуўшы на Рыгора, сказаў:

— Ён першы з універсітэцкіх будзе мець кніжку, таму і карты яму ў рукі. Хай урывак з паэмы пачытае. Ён жа ўсю ведае яе на памяць.

— Ну ты і трапло, — раззлаваўся Рыгор. — Табе па сакрэце, а ты ўсяму свету. Толькі вельмі паважаючы Васіля Уладзіміравіча, я зраблю выключэнне.

Рыгор і праўда ведаў увесь тэкст, чытаў натхнёна, з уздымам, нават жэстыкуляваў. Паэма была пра каханне да дзяўчыны, трохі прыземленай, без узнёслых парыванняў, але статнай, надзвычай прыгожай. Яна смяялася, калі хлопец гадзінамі мог расказваць пра якуюсь казюрку ў траве, пра тое, што ён чуе ў гудзе правадоў, у пошуме дрэў, лістоты. А пра зоркі і казаць няма чаго. Ён ведае ўсе сузор’і, велічыні кожнай планеты, захапляецца жнівеньскім заркападам. І вельмі засмучаецца, што яго каханая такая абыякавая да ўсяго, без чаго ён не ўяўляў свайго існавання. На гэтай глебе ў іх атрымаўся разлад і поўны разрыў адносін, ад чаго хлопец вельмі пакутаваў.

Рыгор скончыў чытаць і галантна раскланяўся.

— А дзе ж воплескі, кіданне шапак угору? Я што, так сабе стараўся?

Васіль Уладзіміравіч, вельмі расчулены, падышоў да Рыгора, моцна паціснуў яму руку.

— Я ведаў, што вы цудоўны паэт, што ў вашых радках шмат гумару, гэтых іскрынак-залацінак народнай мудрасці, але гэта нешта новае ў вашай творчасці. Так можа пісаць той, хто перажыў падобнае. Скажыце па-шчырасці, у вас была ці ёсць такая асоба? Мне, нашмат за вас старэйшаму, можна даверыць такія-сякія сакрэты.

Вадзім глянуў на сябра: скажа ці не пра сваю чарняўку? Рыгор адвёў вочы ўбок, прапанаваў за такі ўдалы вечар усё ж паспрабаваць яго напою. Васіль Уладзіміравіч заўпарціўся:

— Пакуль не скажаце, так ці не, не падніму чарку.

Рыгор змушаны быў расказаць пра сваё няўдалае каханне, падкрэсліўшы, што спадзяецца на ўзаемаразуменне.

— То во за гэта і вып’ем, — застаўся задаволены Быкаў. — Эх, каб я пабачыў гэту красуню, я б ёй задаў перцу. Такімі хлопцамі не кідаюцца.

Яны заседзеліся да поўначы. Каньяку выпіў і Вадзім, і цяпер ад лёгкага хмелю кружылася галава. Тую ноч ён спаў як забіты.

Частка другая