Выбрать главу

1

Жыццё ў Вадзіма ішло сваім ладам. Мінула чацвёртая вясенне-летняя сесія, якую ён, гэтак жа, як і папярэднія тры, вытрымаў без адзінай тройкі, атрымаў наперад стыпендыю, такі-сякі ганарар і зараз думаў, як правесці канікулы. Вабіла, апроч як да сястры, паехаць куды-небудзь у новае месца. Ужо трохі шкадаваў, што зноў не падаўся на цаліну. А клікалі ж. Ён, можа, і рашыўся б, ды Рыгор не захацеў, сказаў, што трэба быць на хутары: маўляў, бабуля слабенькая, трэба яе падтрымаць.

Дапамог выпадак. Сноўдаючыся ад няма чаго рабіць па праспекце, Вадзім сустрэў кіраўніка іхняга літаб’яднання і выкладчыка беларускай літаратуры Вадзіма Уладзіміравіча. З ім шырока і размашыста крочыў незнаёмы мужчына ў капелюшы і, хоць было гарачавата, у пінжаку і пад гальштукам. Туркоў першы заўважыў Вадзіма, спыніў, паздароўкаўся, пасля прадставіў суседа:

— Рэдактар раённай газеты Адам Вікенцьевіч Мальцаў, пагроза раённых бюракратаў, нязломны змагар за беларушчыну, за што яму ад тых жа бюракратаў дастаецца і ў хвост і ў грыву.

— Ну, цябе, Вадзім, толькі на трыбуну, — паморшчыўся рэдактар. — Тут жа таксама вушы ёсць. Цішэй на паваротах.

— Не бойся гэтага хлопца. Ён сам за беларускае гатовы, як той Джардана Бруна, на вогнішча пайсці. Зрэшты, добры табе кадр можа быць. Хай ён не журфак заканчвае, а беларускае аддзяленне, але ж піша прозу і друкуецца нямала. Будзь знаёмы — Вадзім Гурко, мой цёзка.

— Ну, Вадзіма Гурко я тое-сёе чытаў. Змястоўныя гумарэскі і апавяданні.

— А ты ведаеш, што ён разам з нашымі ўніверсітэцкімі літаратарамі сустракаўся з Коласам? Ёсць нават здымкі, некаторыя былі ў друку.

— Цікава было б паглядзець. Колас і ў нашыя мясціны прыязджаў, як быў малады. Хадзіў па грыбных мясцінах, любаваўся прыродай. Хацеў нават пакой дзе-небудзь зняць, толькі каб бліжэй да лесу. Шкада, што памёр. Яшчэ б жыць яму ды жыць.

— Такі лёс многіх вялікіх, — уздыхнуў Туркоў. Ён раптам ляпнуў сябе па лбе. — Ты ж неяк казаў, што табе літсупрацоўнік патрэбен. То ўзяў бы хлоп­ца хоць на колькі месяцаў, а спадабаецца, то і назусім. На пятым курсе ў яго заняткаў тых — кот наплакаў. Як, Вадзім? Адчуваю, ты работу сабе шукаеш.

— Я не супраць, — Вадзім пачырванеў нават. — Але ж ці ёсць месца і ці возьмуць?

Мальцаў задумаўся, пасля сказаў:

— Калі ўсур’ёз вабіць газетная справа, праз тыдзень прыязджай. У нас акурат вызваляецца месца. Аднаго загадчыка аддзела пісьмаў выпраўляем на пенсію, сам папрасіўся, зробім перастаноўку, і ў гэтым жа аддзеле будзеце літсупрацоўнікам. Як?

— Я згодзен, — Вадзім удзячна глянуў на рэдактара.

Яны пайшлі, а Вадзім цяпер абдумваў, як за гэты кароткі час зрабіць шмат спраў. У яго не было ані сумнення, ці правільна ён зрабіў, даўшы згоду з’ехаць са сталіцы і пасяліцца ў правінцыйным гарадку. Па праўдзе сказаць, ён і не планаваў на будучае чапляцца за горад і, у адрозненне ад многіх сваіх аднакурснікаў, выказваў жаданне па заканчэнні ўніверсітэта з’ехаць у самы далёкі і глухі куток, толькі б былі добрая школа, лес і хаця б непадалёку рэчка ці возера. Тут жа, куды яго запрасілі, прырода, ведаў, самая што ні на ёсць маляўнічая, зваблівая, нават гарыстая. Добра ўзімку будзе і на лыжах пакатацца, а летам ці ўвосень пабегаць па грыбных мясцінах. Ён крочыў у бок Камароўкі і прыкідваў, што і каму купіць. Цяпер ужо грошы ашчаджаць не вельмі патрэбна, бо, калі ўсё пойдзе на лад, праз месяц які з гакам атрымае першую палучку. Цікава, колькі ж літсупрацоўнік атрымлівае? Ну, пэўна ж, не раўня стыпендыі. Ды там жа, у газеце, нейкі і ганарар можна зарабіць.

Зараз як ніколі хацелася бачыць Люсю. Дзяўчына за гэты час расквітнела бы кветка. У паставе, у рухах з’явілася штось паважлівае, а ў вачах — дарослая задуменнасць. Дзяўчына закончыла ўжо вячэрнюю школу і цяпер вызначалася, як быць далей: паступаць куды ці працаваць і дапамагаць маці. Чакала з дня на дзень Вадзіма, каб параіцца з ім. Ён гэта таксама адчуваў, таму і вырашыў, што найпершым чынам паедзе да брата, пабудзе там дні два-тры, і ўвесь вольны для абаіх час аддасць ёй. Толькі што купіць у падарунак каханай? Вырашыў, што і ёй падорыць патэфон з наборам пласцінак самых любімых ёю песень Русланавай, Бернеса, Шаляпіна і іншых славутых спевакоў. Во будзе радая! Ну, а да сястры са шваграм таксама завітае на пару дзён. Гэта ўжо пасля Жорнаўкі. Купляць ім, апроч такіх-сякіх гасцінцаў-прысмакаў, нічога не будзе, лепш дасць на абжытак у хаце лішнюю капейку. Дайшоўшы ўжо амаль да Камароўкі, Вадзім павярнуў назад. Вырашыў, што купіць патэфон лепш за ўсё ў ГУМе. Там жа і пласцінак вялікі выбар.

Раніцай, трохі чаго перахапіўшы з апусцелых сваіх запасаў, пайшоў на вакзал, купіў білет да Радава. У вагоне ў будні дзень люду было няшмат, тым больш з Мінска. Стрэчны поезд, бачыў праз акно, быў забіты да адказу. Праз гадзіну ўжо ішоў па вуліцах Радава. Радаваўся хуткай сустрэчы з Люсяй, цешыўся цёплым ласкавым сонцам. Ён ведаў, што Люся зараз пойдзе на працу, што на абед яна бяжыць дадому. Глянуўшы на наручны гадзіннік, прыкінуў, што покуль дойдзе да яе хаты — а гэта ад вакзала кіламетры чатыры з гакам, то акурат заспее яе. З патэфонам жа да брата не пойдзеш, неяк няёмка перад ім і братавай. Вось каб і ім тое ж! Але грошай на дзве такія пакупкі замалавата.