Выбрать главу

Люся і праўда была дома, бо, калі пастукаў у сенцы, раздражнёна гукнула:

— Не выдурняйся. Ідзі, во, лепш паеш.

Вадзім адчыніў дзверы, а Люся спінай да яго сядзела за міскай. Калі, пераступіўшы парог, ён павітаўся, дзяўчына з радасным віскам павісла ў яго на шыі.

— Нарэшце-ткі! Божа, як я ссумавалася, як я чакала цябе, дурачына ты гэтакі, — яна ўзлахмаціла яго чупрыну, пасля, выцершы хусцінкай рот, прыпала да ягоных вуснаў. — Я думала, што гэта брат. Ён таксама прыязджае на абед. Праўда, сёння, казаў, што павязе дырэктара па справах у Мінск і вернецца позна. Так што мы з табой удваіх. Сядай, зараз я табе баршчу налью.

— А дзе ж мама? — Вадзім паставіў пакунак на крэсла, зноў абняў каханую, сказаў: — Вось, разгарні. Калі не спяшаешся, паглядзім і паслухаем.

— Мама ў суседкі, шыюць ёй спадніцу. Сама я магу больш і не пайсці на працу. Сёння ўсё роўна не было чаго рабіць. А заўтра неяк адпрашуся.

Яна вылузалася з яго абдымкаў, развязала шпагат і, адкінуўшы абгортку, вохнула:

— Гэта мне?! Божа, і ў нас у хаце будзе музыка?

Яна радавалася, бы дзіця, яшчэ і яшчэ раз горача цалавала Вадзіма, тулілася да яго грудзей.

— То давай паставім што, — сказаў ён.

— Дык жа няма пласцінак, — засмуцілася дзяўчына.

— На гэту бяду я раду знайду. — З партфеля ён выняў другі пакунак, кулёк з цукеркамі, паклаў на стол. — Там, — кіўнуў на пакунак, — твае любімыя артысты.

Люся перабірала адну за другой пласцінкі і не магла нарадавацца:

— Божа, Русланава! Як я люблю яе песні! Гэта ж нехта казаў, што яна забароненая. Брахалі, напэўна.

— Не брахалі, не. Яна сапраўды сядзела ў лагеры і толькі нядаўна нібыта апраўдалі.

— Яе — у лагеры?! Гэта ж за што? Такую вялікую артыстку. Ды на яе маліцца трэба.

— Бачыш жа, некаму трэба было знішчаць лепшых, найбольш таленавітых.

Люся, паставіўшы пласцінку Русланавай на дыск, спахапілася:

— Дык боршч жа астыне. Ты пасёрбай, а я тым часам пераапрануся. Пасля паслухаю.

Яна пайшла ў залу, а Вадзім прысеў да стала, узяў лыжку. Дзяўчына наліла яму паўнюткую, да самых беражкоў, талерку, у якой было многа тлушчу, нават ляжаў кавалак мяса. «Сама, можа, мяса не ела, а мне ўсё пакінула», — мучыла яго сумленне. Пакаштаваўшы боршч, адзначыў сабе, што не горшы, чым у Доме творчасці. Люся выйшла ў гожай шаўковай спадніцы, вішнёвага колеру блузцы на выпуск. Ён падскочыў да яе, падхапіў на рукі, закружыўся па кухні.

— Дурненькі, я ж цяжкая, — яна замалаціла кулачкамі па яго спіне. — Надарвацца хочаш.

Пасля яны круцілі пласцінкі, слухалі любімыя мелодыі, нават пад некаторыя танцавалі. Не пачулі нават, як у залу зайшла Люсіна мама Вольга Іванаўна. Яна абрадавалася, убачыўшы Вадзіма.

— А я яшчэ з двара думаю, няўжо па радзіву такія песні спяваюць. Але ж во яно што. Дык гэта ж патэфон. Узяла ў каго? — папытала ў дачкі. — І чаму не на рабоце?

Люся падманула, што адпусцілі, не было работы, і адпусцілі. Не прывезлі, маўляў, цэменту.

— А гэта, — паказала на патэфон, — мне падарунак. Вадзім, во, прывёз, каб мы тут зусім не замаркоціліся адны.

— Ну, дай Бог вам, дзеці, трохі павесяліцца, а я тым часам схаджу ў Радава. Скончыліся запалкі, ды і хлеба амаль не засталося. Зрэшты, а ты дала што хлопцу паесці?

— Ён еў, мама, ды мала. Мяса нават не ўзяў у рот. Што я зраблю?

— Так ты і частавала, дачушка. А можа, боршч нясмачны?

— Ну, што вы, Вольга Іванаўна, смачны, ды яшчэ які. — Вадзіму было трохі няёмка, што не даеў, талерка ўсё яшчэ стаяла на стале.

Люся выбегла ўслед за маці папрасіць купіць яшчэ зубны парашок, а Вадзім прыкідваў, калі знайсці зручны момант сказаць дзяўчыне аб хуткай перамене ў яго жыцці. Што гэта будзе для яе нечаканасць, ён ані не сумняваўся. Але ж неяк трэба супакоіць дзяўчыну. Пераканаць, што такі шанц упускаць нельга, што ён будзе часта пісаць, нават на выхадныя прыязджаць. Ды тут жа не так ужо і далёка. Недзе сто кіламетраў ад Мінска яго новая работа. Засумуюць адно па адным, то і ў Мінску могуць пабачыцца калі. Як трохі абжывецца, здыме пакой, то і да яго можа прыехаць у адведкі, а то, о было б шчасце, і назусім.