Выбрать главу

3

Замоцін аказаўся чалавекам злым і нядобразычлівым. Прачытаўшы першы Вадзімаў нарыс пра партызана, які прыйшоў з лесу пасля вайны абмарожаны, з ампутаванай левай нагой, ён, чалавек жалезнага характару, волі, здолеў узначаліць сельсавет, не пабаяўся ўступіць у канфлікт са старшынёй калгаса, адстойваючы інтарэсы сяльчан, Замоцін кісла скрывіўся, сказаў, што ўлада, фактычная ўлада, уся ў старшыні калгаса, а сельсаветчыкі былі і будуць у яго на пабягушках.

— Дык гэта хіба справядліва?! — загарачыўся Вадзім. — Вы не чулі, што пра вашага любімца калгаснага важака людзі кажуць. Як ён за некалькі каласкоў дзвюх жанчын аддаў пад суд, як абразаў пад саменькія хаты соткі, калі хто па хваробе нават не змог даць мінімуму працадзён. Гэта хіба чалавек?

— Але ж, — не здаваўся Замоцін, — ён добры гаспадарнік, яго паважаюць у раёне, ставяць у прыклад. Як-ніяк і на Дошцы гонару вісіць.

— Гэта не козыр, — Вадзім стаяў на сваім. — Знайшоўся б смелы журналіст з Мінска, то ён такога гаспадарніка хутка вывеў бы на чыстую ваду. Людзі мне расказвалі, як ён утойвае засеяныя плошчы, таму і ўраджай нібыта большы.

— Вось ты, калі такі разумнік, напішы сам пра гэта. Думаеш, нехта надрукуе?

— То лепш і хваліць такога не варта.

Яны б яшчэ спрачаліся, але да Замоціна прыйшоў знаёмы аўтар, і яны выйшлі разам падыміць.

— Здорава ты з яго пыху збіў, — сцішана і з захапленнем сказаў Максім Пятровіч, які спачатку і да канца спрэчкі слухаў абодвух. — Ён лічыць сябе пупам зямлі, бегае часта да першага сакратара райкама, паказвае свае матэры­ялы, выхваляецца. Неаднойчы бачыў яго ў кампаніі з тым, з органаў. Можа, ён і накапаў на нашага рэдактара. Зараз я чамусьці не сумняваюся ў гэтым. Меціць, пэўна, на яго месца. Лепш ты яго сцеражыся. Наступіш на гаўно, доўга смярдзець будзе. А што ён гаўно, ведае кожны. Галкіна, а гэта зусім нядрэнны хлопец, заганяў. Што б той ні напісаў, па два-тры разы прымушае перарабляць. Падмяў пад сябе адзіны ў рэдакцыі матацыкл і нікога і блізка не падпускае да яго. А нарыс твой гучыць свежа, напісаны добрай мовай і з веданнем псіхалогіі чалавека. Быў у райвыканкаме, то многія пыталіся пра аўтара. Хвалілі матэрыял. Так што і далей так трымай лейцы.

Пахвала загадчыка аддзела акрыліла Вадзіма, дала новы імпэт працаваць так, каб пасля не было брыдка. Цяпер вечарамі ён абдумваў новыя тэмы, у дасланых пісьмах шукаў герояў, ну, і абдумваў канву чарговага вялікага апавядання, звязанага таксама з партызанскімі буднямі. А матэрыялу такога хапала. Людзі пасля вайны яшчэ загойвалі раны, успамінамі вярталіся да тых невыносна цяжкіх дзён. Помніў Вадзім і пра дыпломную і ўжо рабіў такія-сякія накіды, вызначыўся і з тэмай: «Чалавек і яго доля», паводле паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Назва пакуль умоўная. Але што па гэтай паэме, якую ён вывучыў амаль што на памяць, ён зробіць дыпломную, ужо не сумняваўся.

Першай адгукнулася Люся. У канверт, акрамя спісаных некалькіх старонак, яна паклала тры высушаныя пялёсткі ружы. Чытаў Вадзім, і душа напаўнялася незвычайнай любасцю, жаданнем хоць на дзень-два вырвацца са звычнага кола сваіх абавязкаў і як на крылах ляцець да яе, каб прытуліць, пацалаваць і супакоіць. Але, ведаў, сарвацца ніяк не атрымаецца, бо чакалі прызначэння новага рэдактара, ды праз паўмесяца ён падрадзіўся падрыхтаваць літаратурную старонку. Зараз знаёміўся з вершамі, замалёўкамі, байкамі. Было тры апавяданні, адно з іх, трохі паправіўшы, можна было б друкаваць, астатнія — выключная слабізна: ні мовы, ні сюжэта, ні характараў, ні дзеянняў, якія рухалі б гэты сюжэт. Карацей кажучы, абы-што. З вершаў таксама можна было выбраць тое-сёе, але, як разумеў Вадзім, на паўнавартасную старонку, якая запоўнілася б, гэтага малавата. Вадзім ужо ведаў ад загадчыка, што ў адным з сельсаветаў жыве цікавы хлопец, інвалід дзяцінства, і яго вершы з задавальненнем друкавала абласная газета. Нават аднойчы трапіў на старонкі маладзёжнага часопіса. Прозвішча яго ці Васілёнак, ці то Васільчык, добра не памятае, але жыве ён у такой глушэчы, куды не ходзіць ні аўтобус, ні які іншы транспарт, апроч выпадковай калгаснай машыны. Калі ўжо ехаць туды, то хіба на рэдакцыйным матацыкле. Але ж паспрабуй выклянчы яго ў Замоціна. Ён тысячу прычын выдумае, каб не даць. І ўсё ж трэба нешта прыдумаць. Ён рашыў перагаварыць з Лявонам Галкіным, які таксама за рулём, але перагаварыць тады, калі ў іхнім пакоі не будзе Замоціна. Падпільнаваўшы момант, калі той пайшоў на абед (а абедаў Замоцін заўсёды дома), Вадзім падсеў да Галкіна, умольна паглядзеў на яго.