— Што трэба? — не адрываючы ручку ад паперы, спытаў той.
— Ды падымі ты галаву, — Вадзім уляпіў яму па лбе пстрычкай, — а то сядзіш, як гною кучка. Вакол жыццё кіпіць, а ты ўнурыўся і свету божага не бачыш. Вунь, дзяўчат колькі па вуліцы шпацыруе, на акно тваё паглядваюць. Свісні — і кожная твая.
— Нешта ты на лірычны лад настроіўся, — усё ж адарваўся ад паперы Лявон. — Што трэба? У сваты звадзіць?
— Во-во, — падхапіў Вадзім, — толькі не звадзіць, а звазіць. Дзеўку адну стрэў тут нядаўна, то, кажа, прыязджай, гарбуз не выстаўлю, прывечу як мае быць, накармлю ад пуза і напаю.
— Го, дзеля баршчу і катлеты гатоў ехаць на край свету, — зрыфмаваў Лявон.
— Ну, на край свету не трэба, а вось у Церахаўку добра было б, каб заўтра-паслязаўтра падкінуў. Яй-бо, дружа, выручы, свечку ў царкве за цябе пастаўлю.
— Ты гэта сур’ёзна? — вырачыў вочы Галкін. — Туды ж толькі на верталёце можна. Дарога скрозь па лясным пнёўі. Адзін толькі раз былі з Замоціным, але праклялі ўсё на свеце. Так што твая суджаная знарок паслала цябе к чорту на кулічкі.
— І ўсё ж, — даводзіў Вадзім, — трэба мне ў Церахаўку. Рыхтую літаратурную старонку, то трэба там да аднаго самародка наведацца, інваліда.
— Ды ведаю я яго, ведаю, — палагоднеў Лявон. — Алесь Васільчык. Цікавы хлопец, з вялікімі паэтычнымі задаткамі. Эх, яму б вучыцца, ды хто ў інваліднай калясцы прыме яго куды. Скончыў дзесяцігодку на выдатна, атрымаў залаты медаль. У яго толькі маці, а бацька ў партызанах загінуў. Так што ў гэтай глушэчы яны гібеюць удваіх.
Сваім аповедам Лявон падагрэў яшчэ большую цікавасць да хлопца. Вадзім усё ж вырашыў пагутарыць з Замоціным і пад выглядам напісання матэрыялу для сельгасаддзела наведаецца разам з Лявонам куды трэба. Замоцін, памятаючы нядаўнюю не вельмі прыемную яго спрэчку з Гурко, трохі паморшчыўся, але даў згоду на паездку абодвух на матацыкле.
Яны выехалі рана, яшчэ і васьмі не было. Падруліўшы да бензакалонкі, залілі поўны бак бензіну і рушылі спачатку па брукаванцы, пасля па пыльнай пясчанай дарозе ў бок возера Ляснога, што ў дваццаці кіламетрах ад райцэнтра.
Вадзім упершыню сядзеў на матацыкле і пакуль што адчуваў сябе няблага. Было, праўда, трохі халаднавата, бо на роўнай дарозе Лявон выціскаў з машыны максімальную хуткасць. Вецер, хоць Вадзім і сядзеў ззаду, ажно ірваў на ім адзенне. Дых займала на паваротах, а таксама калі траплялі на якую ямку. На адной з такіх калдобін ён ледзьве ўтрымаўся на сядзенні.
За нейкай шыльдачкай, збавіўшы рух, Лявон завярнуў улева. Пайшла лясная дарога, густа пераплеценая каранямі магутных дрэў. Было ўжо не да хуткасці. Тут толькі сачы, каб на паваротцы не наляцець на елку ці сасну, не ўдарыцца аб пень. Хоць даўно стаяла суша, у нізкіх мясцінах былі яшчэ глыбокія лужыны, пакрытыя масляністай плёнкай.
Вадзім, калі зусім сцішылі рух, ехалі на першай скорасці, убачыў пры дарозе два чарнагаловікі.
— Давай спынімся, — прапанаваў Лявону. — Ды і мяккае месца ўжо адбіў. Ты звыклы, а я ўпершыню на такім кані.
Паставіўшы матацыкл на падножку, патэпалі туд-сюд і набралі разам штук пяцьдзясят баравікоў. Лявон дастаў з кішэні плеценую сетку, склаў туды дабро, сказаў:
— Алесю Васільчыку і ягонай маці будзе невялікі падарунак. Хоць, пэўна ж, з грыбамі ў іх праблем няма.
Ехалі яшчэ з гадзіну.
— А як мясцовы калгас тут называецца? — гукнуў Вадзім. Лявон не адазваўся, бо ўскочылі ў вялікую лужыну, і матацыкл, чыхнуўшы раз-другі, чамусьці заглух.
— Вада, ліха на яе, трапіла ў карбюратар. Цяпер нам труба, — зняўшы туфлі і закасаўшы штаны, сказаў, ступаючы ў жыжу, Лявон.
Тое ж самае зрабіў і Вадзім. Удвух яны выцягнулі цяжкую машыну на сухое месца. Лявон пачаў думаць, што рабіць-чыніць. Трэба было разбіраць як не ўвесь матор, а гэта, ведаў, задача з нялёгкіх. Ды і вопыт патрэбен.
— Пакукуем мы тут, — пачухаў патыліцу. — Хоць бы яшчэ ключы адпаведныя былі.
Ён адамкнуў скрыначку, з замасленай анучы выняў і расклаў на траве ўвесь інструмент. Вадзім пачуваўся як бы вінаватым, што схіліў хлопца на такую рызыкоўную паездку. Ён таптаўся вакол матацыкла, не ведаючы, як і чым памагчы. Перш чым разбіраць сэрца машыны, Лявон зрабіў яшчэ адну спробу ажывіць яго. Зноў жа чых-пых, і ніякага выніку.
— Заб’е мяне Замоцін, — сказаў азадачана. — Заўтра ён сам збіраўся некуды ехаць.
Хлопец, сцякаючы потам (сонца ўжо падбіралася к поўдню), пачаў разборку карбюратара, іншага нічога не заставалася. Гадзіны паўтары корпаўся, насосам нешта прадзімаў і сушыў на сонцы. Калі ўсё зноў паставіў на месца, перахрысціўся.