— Ну, пан ці прапаў. Калі і на гэты раз нічога не атрымаецца, трэба хаваць машыну і тэпаць за пяць кіламетраў, не менш, у тую Церахаўку, шукаць якога механіка, які ведае тэхніку. А мо якая машына будзе ісці насустрач?
Гэты раз з цяжкасцю, пускаючы клубы чорнага дыму, матацыкл завёўся.
— Ура! — усклікнуў Вадзім. — Справа майстра баіцца.
Яны зноў паехалі, цяпер ужо як мага асцерагаючыся. Лужы, выбоіны Лявон аб’язджаў проста па лесе, лоўка лавіруючы між ствалоў. Калі дарога стала зусім сухой, яны наддалі хуткасці і неўзабаве былі ў Церахаўцы, невялікім, акружаным барамі сяле з нешматлікімі жыхарамі. Вадзім не здзіўляўся, што ў такой пракаветнай цішыні і на такой прыродзе могуць нараджацца паэтычныя радкі. Хату Васільчыкавых паказала старэнькая бабуля, якая сядзела на лаўцы, чакаючы, відаць, на абедзенную дойку карову.
— Вунека яна, пад саламянай страхой, — маршчыністай спрацаванай рукой яна паказала на прыземістую, амаль што без фундамента хатку, ля якой пышнай кронай узнімалася ўгору магутная бяроза.
Яны, заглушыўшы матор, прыхінуўшы матацыкл да камля дрэва, зайшлі на ўтравянелы двор, ступілі на ганак. Дзверы ў сенцы, змеціўшы праз акенца чужых, адчыніла ім загарэлая жанчына, папытала, каго шукаюць.
— Мы да Алеся, — сказаў Лявон. — Ён жа, пэўна, дома.
Жанчына неяк падазрона глянула на чужых.
— Што, зноў з райбеса? — папытала, не даючы хлопцам апамятацца. — Ужо ж вазілі на камісію, прызналі, што інвалід першай групы. Хіба пенсія хлопцава некаму муляе.
— Ды не, мы з рэдакцыі «Бальшавіка». Хочам з сынам вашым пагутарыць, папрасіць яго вершы, — апраўдваўся ні ў чым не вінаваты Вадзім.
— Хіба што так, — палагоднела кабета. — А то ўжо другая ў гэтым годзе праверка. Думаюць, што хлопец хітрыць, паправіўся даўно, бегае-скача, а пенсію, хоць яна як кот наплакаў, патрабуе.
— Мама, што ты людзей на кухні марынуеш? — пад’ехаўшы на старэнькай самаробнай калясцы да парога і расчыніўшы дзверы ў святліцу, папытаў малады ўсмешлівы хлапчына.
— Алеська, да цябе госці. Кажуць, з газеты. Прывець іх, а я пайду ў агарод.
Вадзіма ўразіла ўбоства іх жылля і мэблі. «І ў такіх умовах ён вучыўся на пяцёркі, пісаў сачыненні, вершы», — падумаў з горыччу.
Алесь аказаўся гасцінным. Пераканаўшыся, што абодва супрацоўнікі газеты, што рыхтуецца літаратурная старонка, ён выняў з шуфлядкі падрапанага, без абруса стала тоўсты сшытак, увесь спісаны дробным почыркам. Але перш чым пачаць чытаць, Алесь папярэдзіў, што з сабой не дасць усяго напісанага.
— Калі што спадабаецца, то можна перапісаць, — сказаў, перадаючы ў рукі Вадзіма сшытак.
Ніколі не думаў Вадзім, што ў гэтага хлопца такая тонкая і чуйная душа. У кожным радку, кожным вершы ён знаходзіў нешта такое, што цалкам адпавядала яго настрою, яго светаўспрыманню. Шмат вершаў прысвяціў паэт няўдаламу свайму каханню. Вершаў балючых, шчымліва-тонкіх, якія кроілі жыўцом сэрца. «Божа, ды гэта ж тое, што нам трэба, — падумаў Вадзім. — І чаму ён трымае іх у стале, не пасылае куды?»
Алесь прапанаваў хлопцам чай, які ён рыхтуе па сваім рэцэпце. Яны не адмовіліся, хоць час падпіраў. Лявону трэба было яшчэ сустрэцца з кімнебудзь з механізатараў, брыгадзіраў, пабыць на малочнатаварнай ферме. Вадзім таксама паабяцаў што-небудзь напісаць з калгаснага жыцця, таму, падмацаваўшыся чаем (а ён сапраўды аказаўся самы смачны з усіх, якія яму даводзілася піць дагэтуль), перапісаўшы з дзясятак вершаў (гэта зрабіў сам Алесь Васільчык), хлопцы цёпла развіталіся з паэтам і рушылі шукаць патрэбны для газеты матэрыял.
4
Уся восень і пачатак зімы пайшлі на напісанне дыпломнай. Дзеля дадатковага збору матэрыялу Вадзіму давялося адпрасіцца на колькі дзён і з’ездзіць у Мінск, пабываць у бібліятэцы, у музеі Якуба Коласа, нават завітаць на радзіму песняра, пахадзіць па тых сцежках, па якіх хадзілі героі «Новай зямлі». Многія мясцовыя жыхары шмат расказвалі пра нявыдуманых народным паэтам перасанажаў паэмы — дзядзьку Антося, Міхала, іншых яго родзічаў. Жывыя сведкі тых дзён і падзей, пра якія расказвае паэма, папоўнілі Вадзімавы запісы такімі падрабязнасцямі, пра якія ён не меў і ўяўлення, хоць, здаецца, ведаў ужо амаль усё. Дыпломная атрымалася змястоўнай, насычанай цікавымі думкамі, развагамі, асабістымі назіраннямі.
З Рыгорам сустрэцца не давялося, бо той, пасля смерці бабулі, сядзеў на хутары і таксама, відаць, уперамешку з вершамі пісаў дыпломную. Затое Люся адразу прымчалася ў Мінск, калі атрымала ад яго тэлеграму, бо самому ў Радава і Жорнаўку не ставала часу ехаць. Дзяўчына вельмі ссумавалася і ўсё дапытвалася, ці хоць маладая гаспадыня, як і чым яго корміць, ці спіць у асобным пакоі. Вадзім, тулячы яе да сябе, смяяўся, жартаваў, што ложак у хаце толькі адзін, і яны па чарзе спяць на ім.