Выбрать главу

— Ды ну цябе, — Люся гняўліва бліснула вачыма. — То і жаніся на ёй. Будзе табе і жыллё бясплатнае, і харч. А мне не дуры галавы.

— Дурненькая ты мая журавіначка. Не ведаў, што ты такая раўнівая. Вось хутка паклічу да сябе, паглядзіш, як я там кукую. Прыедзеш?

— А дзе ж я спаць буду? Хіба на падлозе, глядзець, як вы мілуецеся. — Дзяўчына трохі адышла, зразумела, што ляпнула глупства.

— Чаму ж на падлозе? — Вадзім зноў прытуліў яе і пацалаваў. — Ложак у нас з табой будзе адзіны. Прыедзеш, распішамся і ўжо не пушчу нікуды.

Цяпер, згадваючы тую размову, Вадзім усё часцей і часцей задумваўся, што трэба мяняць свой статус-кво, трэба ачалавечвацца. Годзе і сапраўды дурыць галаву дзяўчыне. Пагаварыўшы з гаспадыняй і заручыўшыся яе падтрымкай, паслаў Люсі тэлеграму, каб тэрмінова прыязджала. Дні пацягнуліся ў хвалюючым чаканні. На рабоце яшчэ нікому не казаў, што ўдумаў расстацца са сваім халасцяцкім жыццём і чакае прыезду каханай дзяўчыны. А раптам што сарвецца, раптам маці ўзбурыцца, каб аддаваць непаўналетнюю ў чужыя рукі? Ды ці мала яшчэ якія прычыны могуць перашкодзіць іх шчасцю быць разам? І вось раніцай сёмага сакавіка, яшчэ не выбраўся на працу, — тэлеграма: «Буду абед восьмага». Вадзім як не заскакаў ад радасці. Нарэшце-ткі! Памчаўся на работу, каб падцягнуць хвасты, зрабіць нават на пару нумароў які задзел, бо быў упэўнены, што дзень-два яму будзе не да газеты. У прызначаны час, калі павінен быў прыйсці аўтобус з Мінска, стаяў на канцавым прыпынку, чакаў. Надвор’е ў гэты дзень выдалася кепскае не прыдумаеш: вецер і мокры снег прымушалі людзей хутчэй бегчы ў памяшканне, настаўляць каўняры паліто, глыбей нацягваць шапкі. Вадзім, які не разлічваў на такі сюрпрыз пагоды і не захапіў з дому нават шапкі і шаліка, акалеў, бы цюцька, але ў будынак вакзальчыка не ішоў. Мінуў прызначаны час, прайшло яшчэ паўгадзіны, а аўтобуса ўсё не было і не было. Хлопец пачаў хвалявацца, хаця б што не надарылася ў дарозе. Ён ведаў, якую старызну адпраўляюць у маленькія гарадкі і як часта такія аўтобусы ламаюцца па шляху. Дык жа добра, калі вопытны шафёр і нешта можа ў дарожных умовах зрабіць. І яшчэ калі ёсць тая ці іншая патрэбная запчастка.

Калі ўжо хацеў пайсці ў вакзал і ў каго папытацца, мо што там скажуць пра затрымку рэйса, удалечыні, валюхаючыся на няроўнасцях, усё ж паказаўся жаданы транспарт. Увесь аблеплены снегам, аўтобус спыніўся ў некалькіх кроках ад Вадзіма. Сярод зусім нямногіх пасажыраў была і любімая. Яна, таксама прамерзлая да касцей, уся дрыжала, нават і гаварыць добра не магла. Вадзім, пацалаваўшы ў халодную шчаку, падхапіў яе сумачку, і яны пайшлі адразу ў рэстаран, які месціўся на другім паверсе невялікага прадуктовага магазіна. Люся, трохі сагрэтая хадой, з цікавасцю разглядала адна-двухпавярховыя будыніны і свяцілася непадробнай радасцю. У рэстаране ўжо было цёпла, і яны, усеўшыся за столік пры батарэях, спачатку адагравалі рукі, а Люся, неўпрыкмет зняўшы пад сталом туфлі, прыхінула і ногі да цёплага жалеза.

— Дык, кажаш, не разлічвала, што будзе такая доўгая і марудная язда, — хлопец глядзеў Люсі ў вочы і ўсё яшчэ ніяк не мог паверыць, што сённяшні яе прыезд у корані мяняе яго жыццё, што ён цяпер ці не самы шчаслівы чалавек у свеце.

Падышла афіцыянтка, змерала Люсю ўважлівым і цікаўным позіркам і папытала, што будуць заказваць.

— Бутэльку шампанскага і ўсё самае-самае смачнае. І першае абавязкова. Мы вельмі галодныя.

— Можа няёмка днём шампанскае, — прашаптала дзяўчына. — Цябе ж тут, пэўна, ведаюць і даложаць начальству, што п’янствуеш у рабочы час. Каб не было непрыемнасцей.

— Па-першае, ніхто мяне не збіраецца кантраляваць, па-другое, сёння Жаночы дзень, а ў мяне яшчэ другі шчаслівы дзень — твой прыезд. То і грэх не выпіць па келіху.

Вадзім ніколі не быў у сваім рэстаране і не ведаў, што тут гатуюць не горш, чым у сталіцы ці нават у Доме творчасці. Праўда, самае смачнае — адбіўную са смажанай бульбай і гарошкам давялося чакаць досыць доўга. Але яны і не падганялі ні повара, ні афіцыянтку. Ім было цёпла і добра ўдваіх. У рэстаране, апроч трох афіцэраў і яшчэ адной пажылой пары ў другім канцы залы, нікога не было, таму не было ні тлуму, ні гучнага смеху, ні п’яных воклікаў. Люся, разрумяненая, павесялелая ад віна, расказвала, як выпрошвала ў маці дазволу на такую паездку.

— Бедная мая матулечка, — дзяўчына нават выняла з рукава гожай шарсцяной сукенкі хусцінку, выцерла слёзы. — Яна хоць і ведае цябе, а ўсё роўна баіцца, каб не ашукаў, бо тады, казала, не будзе ёй жыцця на свеце. Як магла супакоіла яе, сказала, што ты не такі пустадомак, як многія, і на гадасці няздольны. Яна, перасцерагаючы мяне і перахрысціўшы, усё ж адпусціла. Праўда, сыну, ну, брату майму, вырашыла не казаць пакуль што ўсёй праўды.