адышлі ад ЗАГСа, выняла з сумачкі пашпарт, паглядзела на штамп.
— Божа, я замужняя жанчына. Усё чын-чынам прастаўлена. Дата. Штамп.
І што ж цяпер будзе? — хіхікнула яна. — Сяброўкі па рабоце не павераць. Ды і мама. Каб толькі лупцоўкі не было.
— Якая работа? — усклікнуў Вадзім. — Не пушчу больш ад сябе.
— Дурненькі, мне ж трэба звольніцца, з мамай падумаць, як і што купіць, каб не голай сюды з’явіцца. Ты ж папросіш пасаг, ды і сама я не дапушчу, каб на ўсім тваім у рай ехаць. Мама таксама не пакіне мяне ў крыўдзе.
— Мне толькі ты патрэбна, больш нічога. Усё набудзем самі. Вось трошкі пабудзеш з гаспадыняй, адпачнеш, а тады і табе будзем шукаць працу, — развіваў думкі наконт іх сумеснага будучага Вадзім. Ідучы каля прадуктовага, ён пацягнуў дзяўчыну за сабой. — Сёння ўвечары зноў вып’ем шампанскага, толькі б было ў продажы.
— А я паехала б хоць зараз дадому, каб быў аўтобус, — ашаламіла дзяўчына. — Мне чамусьці і няёмка перад тваёй гаспадыняй, і страшна. Паабяцай, што ты гэты раз не будзеш мяне чапаць. Хачу з’явіцца перад мамай, як і была. Добра, любы мой? Абяцаеш?
— Ну, як тут не паабяцаеш? Яшчэ, чаго добрага, ноччу збяжыш. Тады шукай ветру ў полі.
— Ну, то і добра, — Люся была задаволена.
Шампанскае ім давялося ўсё ж купляць у рэстаране, а гэта, без дазволу дырэктрысы, ніхто не меў права зрабіць. Яе з паўгадзіны не было, і маладыя зноў спусціліся на першы паверх у магазін, каб купіць што-кольвечы з закусі. Вадзім у думках падлічваў, што засталося ў кішэні. Прыйшоў да высновы, што шыкаваць не давядзецца, трэба ж заўтра купіць любімай білет да Мінска, даць якую капейку і на дарогу да Радава. Што яна паедзе ранічкай, з гэтым ён ужо змірыўся. Узяў з Люсі толькі абяцанне не пазней як праз тыдзень вярнуцца.
Яны купілі два селядцы, бохан хлеба, кулёк цукерак. Калі падняліся ў рэстаран, дырэктарка была ўжо на месцы. Вадзім расказаў, якая ў яго сёння радасная падзея, і тая злітасцівілася, адпусціла бутэльку пеністага напою. Па дарозе зайшлі і ў рэдакцыю. Люся саромелася, але Вадзім угаварыў яе, што тут людзі добрыя і вестку аб жаніцьбе свайго супрацоўніка прымуць з радасцю. У кабінетах, апроч Максіма Пятровіча, нікога ўжо не было, разбегліся да сваіх жонак, і Вадзім, пазнаёміўшы Адашэвіча з дзяўчынай, сказаў не без гонару:
— Мая жонка. Нас распісалі. Так што прашу вас, Максім Пятровіч, на вячэру. Была б мая хата, то запрасіў бы ўсіх супрацоўнікаў. А так хай ужо выбачаюць. Мы яшчэ гэту падзею неяк адзначым.
У гаспадыні, калі яны прыйшлі, стол быў ужо накрыты. Вадзім яшчэ з парога гукнуў:
— Віншуйце нас, Варвара Вікенцьеўна. Нас распісалі. Эх, і вып’ем жа сёння за такую падзею. Дзе наша не прападала, — ён выставіў на стол шампанскае, паклаў селядцы, цукеркі. Варвара Вікенцьеўна была радая за свайго пастаяльца. Яна пайшла на кухню чысціць селядцы, а Вадзім, ашчаперыўшы Люсю, моцна прыпаў да яе вуснаў.
— Ажно не верыцца, што ты мая жоначка, — цалуючы яе, мілую, ласкавую і трапяткую, гаварыў ён.
Люся спахапілася:
— Дык, можа, гаспадыні трэба што дапамагчы? Ідзі папытай.
Хлопец адвінуўся і вярнуўся ўжо з Максімам Пятровічам. Той таксама прыйшоў не з пустымі рукамі: выставіў на стол пляшку гарэлкі, колца каўбасы, а жанчынам, віншуючы са святам, а Люсю яшчэ і з замужжам, галантна паднёс па каробцы дарагіх цукерак.
— Балуеце вы нас, мужчынкі, — гаспадыня запрасіла ўсіх за стол.
Калі налілі ўсім шампанскага, Вадзім падняўся з месца, сказаў:
— Сённяшні дзень будзе самы векапомны ў маім жыцці. Са мной мая каханая, і я вельмі ўдзячны ёй, што прыехала, што мы паядналі нашы лёсы. Дык вып’ем жа за ўсіх жанчын, мілых нашых сябровак, якія і ў дні ваеннага ліхалецця, і зараз побач з намі, якія на сваіх плячах нясуць нялёгкую жыццёвую ношу, дораць нам цяпло, радасць, каханне.
Калі выпілі, Люся пад сталом моцна паціснула Вадзіму руку — відаць, дзяўчыне спадабаўся ягоны тост. Шчасця і дабра пажадалі ім гаспадыня і Максім Пятровіч. Адашэвіч, адразу пасля тосту, зазбіраўся дамоў.
— Пасядзелі б яшчэ трохі, — упрошвала Варвара Вікенцьеўна. — Вы ж і гарэлкі не паспыталі.
— Мая палавіна таксама чакае на вячэру. Так што дзякую гэтаму дому і пайду к другому.
Вадзім падрадзіўся праводзіць госця да брамкі. Ужо на ганку Максім Пятровіч, яшчэ раз павіншаваўшы свайго супрацоўніка з уступленнем у шлюб, сказаў, што няхай рыхтуецца заняць пасаду загадчыка аддзела.
— А вы куды? — занепакоіўся Вадзім.
Максім Пятровіч ляпнуў даланёй яго па плячы, сказаў, што таксама ідзе на павышэнне, што нібыта хочуць яго зацвердзіць рэдактарам газеты.