Выбрать главу

— Гэта было б здорава, — усклікнуў Вадзім. — А як перанясе гэту вестку Замоцін? Ён жа меціў на гэта месца.

— Як хоча, — Максім Пятровіч падаў руку. — Нядобры ён тып, душой адчуваю, што з яго «ласкі» з’елі Мальцава. Але паспрабуй дакажы. У райкаме таксама недалюбліваюць гэтага скрытнага чалавека, ад якога можна чакаць любой подласці. Так што яго шанцы на рэдактарства пакуль што церпяць крах. Бліжэйшыя дні пакажуць, як там будзе.

Адашэвіч пайшоў, і Вадзім вярнуўся ў хату, сеў за стол.

— Нешта ж вы доўга сакрэтнічалі, — калі гаспадыня адышлася на кухню, папытала Люся. — Костачкі мае перамывалі?

— Ну, што ты, любая. Твае костачкі чыстыя. Проста Максім Пятровіч сказаў, што ў рэдакцыі чакаюцца змены. Можа, нават і мяне павысяць. Гэта ж не жартачкі стаць на цэлую прыступку вышэй. Тады і зарплата вырасце. Толькі б пацягнуць.

— А на чыё месца ты меціш? — пацікавілася яна. — У вас жа, казаў, усё занята.

— А рэдактарскае крэсла пустуе.

Люся з недаверам паглядзела на яго.

— Жартуеш, ці што? Тут жа патрэбен чалавек партыйны. А ты не скончыў яшчэ ўніверсітэта.

— Ты не так зразумела. На рэдактара мецяць нібыта Максіма Пятровіча, а я займу яго трон. Фарштэйн?

— Ну, там вам відней, — Люся паднялася з-за стала. Прыйшла гаспадыня. Сказала:

— Мы яшчэ пасядзім. Гэта ж і шампанскае не ўсё дапілі. А яшчэ ж гарэлка.

— Гарэлку пакіньце сабе, — Вадзім пасунуў да яе неадкаркаваную бутэльку. — А вось шампанскае закончым.

Ён разліў рэшткі яго Люсі, гаспадыні, трохі засталося і сабе. Калі выпілі, Вадзім спытаў у Варвары Вікенцьеўны, у колькі на Мінск адпраўляецца аўтобус.

— Было ў сем раніцы. А што? Едзеце куды?

Вадзім кіўнуў на госцю і дурасліва, як не з плачам:

— Люся разводу патрабуе. Кажа, не так сустрэў, не тое гаварыў. Таму і ўцякае да сваёй мамкі. Можа вы, Варвара Вікенцьеўна, утрымаеце яе?

Люся ўшчыпнула яго за бок, сур’ёзна сказала:

— Мне ж яшчэ разлічыцца з работай трэба, ды і маме абяцала калі не ў гэты, то на наступны дзень быць дома.

Варвара Вікенцьеўна з паўслова зразумела дзяўчыну і жартам параіла свайму пастаяльцу не хныкаць. А Люсю запэўніла:

— Я вечарам яго ні на крок з хаты. Так што будзь пэўная, ля маёй брамкі і нагі нічыёй дзявочай не будзе.

Гэтая ноч для Вадзіма была пакутнай. Яны, па просьбе дзяўчыны, ляглі валетам. Праўда, звечара, распрануўшыся і прыціснуўшыся адно да аднаго пад коўдрай, яны абое, асабліва Вадзім, ледзьве вытрывалі, каб не парушыць абяцанне — не чапаць дзяўчыну да яе канчатковага прыезду. Калі ўжо зусім стала няўцерп, яна першая адпіхнула яго ад сябе, шапнула, што і сама зараз не вытрывае. Так яны і прамучыліся да раніцы, ні на хвіліну не змружыўшы вочы. А палове сёмай, яшчэ гаспадыня соладка спала, падаліся на станцыю.

5

Вясна ўсё ж брала сваё. Яшчэ для канца сакавіка было досыць зімна, ляжалі гурбы снегу, а з пачатку новага месяца, калі падзьмуў паўднёвы вецер і сонца, якога не бачылі амаль усю зіму, раскашавала ў бясхмарным, без адна­го воблачка небе, пацяклі дружныя раўчукі па ўзбочынах вуліц. Вераб’і шумнымі чародкамі, невядома скуль пырхнуўшы, садзіліся ля лужыны, пілі ваду, голасна гаманілі аб чымсьці сваім, пырскаліся не горш за дзяцей.

Вадзім, ідучы з абеду ў рэдакцыю, з цікавасцю і нейкім трапяткім хваляваннем сачыў за ўсімі праявамі прыроды, якая ажывала. Чамусьці ў такія хвіліны ўзгадвалася і сваё маленства, калі яшчэ жылі бацькі, і жыццё, нягледзячы на нястачу, здавалася такім цікавым і змястоўным. Вуліца ў Жорнаўцы за многія гады была выбіта коламі падвод, нярэдка і машын, і вада ад талага снегу з-пад платоў уся збягала на самую сярэдзіну, утвараючы досыць глыбокія пеністыя раўчукі. З паперы, а то і з фанеры яны рабілі лодкі, караблікі, пускалі іх у плаванне. Самі ішлі ўзбоч, распіхвалі палкамі заторы, бясконца радаваліся, калі чый караблік вырвецца ўперад.

Мілае і далёкае ўжо дзяцінства! Усё, здэцца, аддаў бы, каб яно вярнулася хоць на імгненне, скінула з плячэй друз клопатаў, трывог, вечнага змагання за кавалак хлеба. Але нішто не вяртаецца з небыцця.

З задумліва лірычнага стану яго вывеў знаёмы голас:

— Ты як небажыхар, вітаеш дзесь у аблоках. Спусціся на грэшную зямлю.

Вадзім пазнаў голас Лявона Галкіна, які ішоў паралельна па другім баку вуліцы.

Вадзім таксама перасек падсушаную ўжо дарогу, пакрочылі разам.

— Чуў навіну? — спытаў Лявон.

— Якую?

— Майму шэфу райкам уляпіў вымову за ілжывы матэрыял пра «Прагрэс». Помніш, тыдні тры на ўсю паласу ён накатаў, як у гэтым калгасе механізатары рыхтуюцца да веснавых работ. Маўляў, уся тэхніка стопрацэнтна адрамантавана, схавана пад навесы, насенны фонд у ажуры, каровы і цяляты ў цяпле і ў сытасці. Карацей, сапраўдная ідылія. Я казаў яму, што нешта тут не тое, што хтось збрахаў, бо ніколі гэта гаспадарка не славілася парадкамі. Прапаноўваў сам з’ездзіць і пераправерыць. Дык дзе там! Паслаў мяне на тры літары. А нехта капнуў адтуль у камітэт партыйнага кантролю. Прыслалі камісію, а тая за галаву хапілася. Тэхніка ржавее дзе папала, ніхто да яе і не дакрануўся, каровы топяцца ў гразі і галадаюць, а зерне... зерня таго на гекта­ры тры-чатыры. Астатняе ўсё расцягнута і прапіта. Старшыню калгаса адразу знялі і рыхтуюць суд, а райкаму ўказалі на дрэнную дасведчанасць аб стане спраў у раёне. Вось такія, браце, дзялы.