Дайшоўшы да рэдакцыі, яны яшчэ трохі пастаялі, Лявон дакурыў цыгарэту і падаўся ў свой пакой — дапісваць чарговы матэрыял. Вадзім у душы парадаваўся таму, што трохі збілі пыху з Замоціна, бо, апроч сваіх матэрыялаў, ён нічые не прызнаваў. Толькі Вадзіма браў одум, як Замоцін мог гэтак накалоцца. Хто яго падставіў? Ці даверыўся якому пісьму, знарок арганізаванаму, каб дыскрэдытаваць газету, новага рэдактара? Цяпер, апёкшыся, Замоцін будзе дзьмуць і на халодную ваду.
Вадзім падумаў і пра свой аддзел. Пісьмаў прыходзіць нямала, сярод іх шмат і крытычных. Праверыць усе — яму аднаму не пад сілу, тым больш што новага ў аддзел супрацоўніка пакуль што няма. А даверыцца кожнаму крытычнаму факту без праверкі рызыкоўна. Зусім жа не пісаць пра адмоўнае таксама не справа. Газета хутка згубіць сваю вастрыню, ператворыцца ў хвалебны прапагандысцкі лісток. Як жа быць? А тут яшчэ Люся затрымліваецца. З яго, Вадзіма, ужо той-сёй пачынае кпіць, што маладая жонка пасля першай ночы адразу збегла і не хоча вяртацца. Хлопец жартам адбрэхваўся, а пасля, калі надакучыла, пайшоў на пошту і паслаў тэлеграму: «Прыязджай неадкладна. Ляжу з тэмпературай сорак два. Не сёння, то заўтра ўпаду ў кому». Такая тэлеграма падзейнічала. Ужо на другі дзень, калі Вадзім быў у рэдакцыі, Люся пастукалася ў дзверы Варвары Вікенцьеўны, але яны былі замкнёныя. З чамаданам і двума клункамі дзяўчына не хацела нікуды ісці, села на ганку і, стомленая ад бяссоннай ночы і доўгай язды, задрамала. Гападыня і заспела яе, сонную, замаркочаную, на ганку, калі вярнулася дадому.
— Мая ж ты любачка, а Божа мой, — бедавала яна, адмыкаючы дзверы. — Чаму ж не папярэдзіла, што едзеш. Вадзім бы сустрэў. А так — як снег на галаву. Ён жа так згараваўся без цябе. Ну, пайшлі, пайшлі ўсярэдзіну. Рэчы занесці я памагу. О, цяжкі які чамадан. І гэта ты адна ўсё несла ад аўтобуса? Біць цябе мала. Папрасіла б каго, памог бы. А Вадзіму таксама дам наганяй, што не ўпільнаваў. Хаця ж ён не ведаў.
— А як ён? — занепакоена папытала Люся. — Прайшла тэмпература.
— Якая такая тэмпература? — усклікнула гаспадыня. — Здаровы, як бык, а ты пра тэмпературу. Хутка прымчыцца ўжо з работы, есці трэба што рыхтаваць.
— Дык ён жа. як яе? пра кому нейкую пісаў у тэлеграме. Наце, во, гляньце.
Варвара Вікенцьеўна прачытала тэлеграму і ажно зайшлася ад смеху.
— Ну і лоўка ён цябе выманіў. Але ты і яго зразумей. Кажа, з мяне ўжо смяюцца, што жонка, не пажыўшы і дня, збегла невядома куды.
Вадзім, убачыўшы Люсю ў кампаніі з гаспадыняй, кінуўся да дзяўчыны, згроб яе і, саромеючыся пры сведцы цалаваць у вусны, плюснуў у шчаку.
— Нарэшце-ткі. А то мы ўжо думалі, цябе мама не пускае, заперла на ключ у цёмнай кладоўцы, — ён радаваўся, бы дзіця, пахапаў яе рэчы і панёс у свой пакой. Люся, падзякаваўшы гаспадыні, падалася за ім. Цяпер ён ужо цалаваў яе не саромеючыся, кружыў па пакоі, нават ледзьве не звярнуў кадушку з фікусам.
— А я думала, ты ўжо канаеш, — смяялася яна, трохі адышоўшы ад шоку пасля расказанага Варварай Вікенцьеўнай. — Мама, калі прыйшла твая тэлеграма, таксама была сама не свая, усё перажывала, хаця б не памёр. Хуценька пачала пакаваць рэчы, збіраць мяне ў дарогу. І наказала адразу ж даць тэлеграму. Так што, прытвора, збірайся, пойдзем на пошту. Як хочаш цяпер апраўдвайся.
— Твая мама — цуд. Але хутка яна зноў убачыць нас абаіх у сябе дома.
— Праўда? — Люся не верыла сваім вушам. — А цябе адпусцяць?
— Па законе — павінны. У мяне ж апошняя сесія, здача экзаменаў, абарона дыпломнай. Сёння раніцай Рыгор званіў на работу, цікавіўся, як справы, ці гатова дыпломная.
— А ты скончыў пісаць? — занепакоена глянула на яго дзяўчына.
— Ты думаеш, я бегаў у тваю адсутнасць на танцулькі? — зноў, збіраючыся на пошту, ён прытуліў яе да сябе. — Кожны вечар да глыбокай ночы сядзеў, крэмзаў, перапісваў начыста. Спадзяюся, атрымалася што трэба.