Выбрать главу

Не стукаючы, зайшоў у пакой і абрадаваўся: Рыгор быў на месцы і не чуў, што хтось увайшоў. Калі Вадзім ляпнуў яго па плячы, уздрыгнуў ад нечаканасці. Абярнуўся і заззяў белазубай усмешкай.

— З’явіўся не запыліўся. А я тут мэнчуся адзін, рыхтую, бач, полудзень.

Яны паручкаліся, па-сяброўску абняліся.

— А дзе ж твая суджаная? — папытаў Рыгор, запрашаючы сябра паесці разам яго смажаніну.

— Не, браце, мяне дзве гадзіны таму цешча накарміла, во, — Вадзім ткнуў пальцам у гарляк. — Вечарам вяду цябе ў кафэ, адзначым і сустрэчу, і мой новы сямейны статус.

— Хацеў бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Вечарам у мяне стрэча. Пойдзем у кіно ці таксама ў кафэ.

— І з кім жа ты? — Вадзіма разабрала цікавасць. — Мо твая чарняўка змякчылася, не дачакаўшыся свайго марачка?

— Пра марака яна больш не ўспамінае. А нашы адносіны зайшлі далей няма куды — на днях падаём заяву ў ЗАГС.

— Дык гэта ж здорава, — Вадзім паціснуў руку сябру, — нарэшце ты дамогся свайго. А як з кніжкай вершаў? Выйшла?

— Ну, вядома, ужо былі і рэцэнзіі. Зараз падаў у выдавецтва новы рукапіс.

— Ай ды Рыгорка, ай ды сукін сын! А як званіў, ні слова не сказаў ні пра чарняўку, ні пра зборнік. То яшчэ раз віншую. Відаць, дабрэнны і ганарар адхапіў.

— Не магу скардзіцца. Так што калі не сёння, то заўтра кніжку падпішу, і сходзім куды пабаляваць. А сёння, выбачай, не магу.

Калі Рыгор, гладка пагаліўшыся і апрануўшы ўсё лепшае са свайго гардэроба, пайшоў, Вадзім рашыў заглянуць ва ўніверсітэт, каб пацікавіцца аб’явамі, якімі яшчэ афішамі. У вестыбюлі снавалі зусім незнаёмыя яму хлопцы і дзяўчаты, відаць, першакурснікі ці другакурснікі. Пасноўдаўшыся без справы па ацямнелых ужо дарожках скверыка, падаўся да сябе ў пакой. Ад Рыгора ён ужо ведаў, што ні Кастуся, ні Карпіка ў бліжэйшыя дні не будзе і ніхто не перашкодзіць яму сесці і скончыць новае апавяданне. Дзве гумарэскі ён падрыхтаваў для сатырычнага часопіса і заўтра ж занясе ў рэдакцыю. Аповесць з калгаснага жыцця, якую пачаў пісаць тры месяцы таму і нямала ўжо скрэмзаў старонак, будзе канчаць, як вернуцца з Люсяй у свой ціхі гарадок.

Рыгор прыйшоў позна, і не адзін, а з той самай аднакурсніцай Палінай з другой групы, на якую кідалі вока не толькі студэнты, але і маладыя выкладчыкі. Вадзім ведаў дзяўчыну слаба, бо толькі зрэдзь сустракаліся на агульных лекцыях, ды і то яна заўсёды садзілася спераду, а Вадзім з Рыгорам шыліся на заднія парты. Цяпер ён бачыў яе зблізку, і Паліна сапраўды глядзелася як галівудская зорка. Рыгор паставіў на стол бутэльку шампанскага, падрыхтаваў шклянкі і адкупорыў пеністы напой.

— Вот і мая суджаная, — сказаў не без гонару, падымаючы шклянку. — Вып’ем за яе, што асмелілася прыйсці сюды, не адхіліла маёй рукі і сэрца.

Дружна выпілі, закусілі шакаладам, якога некалькі плітак прынёс з сабой Рыгор. Вадзім памкнуўся яшчэ што паставіць на стол, але сябрук сказаў, што яны толькі што з рэстарана і наеліся ўдосталь. Паліна распытала Вадзіма пра яго маладую жонку, папрасіла паказаць фотку. Хлопец сумеўся і сказаў, што ўсе картачкі з ёю ў Жорнаўцы, ну, там, дзе зараз яна засталася з маці.

— Любімую трэба насіць пры сабе, — усміхнулася дзяўчына. — А ты не баішся, што хто-небудзь пачне заляцацца да яе? Рыгор казаў, што яна і яму дужа спадабалася, — Паліна гарэзліва бліснула вачыма на хлопца.

— Кепска ж, мусіць, — засмяяўся Вадзім, — калі на жанчыну, жонка яна табе ці не, ніхто, апроч цябе, не гляне. Рэўнасць жа нейкая павінна быць. Без яе было б таксама нецікава.

— Ну, гледзячы якая рэўнасць. Іншыя з-за рэўнасці робяць вялікія глупствы. Рыгор во зусім не раўнівы. Праўда? — Паліна зноў гарэзна павяла вачыма і засмяялася.

Рыгор, быццам гэтая гаворка яго ані не тычылася, выпіў рэшткі шампан­скага і, устаўшы, гулліва абвясціў тост:

— За саюз чатырох сэрцаў. Хай ён не старэе, не ржавее, доўжыцца да скону дзён.

Яшчэ трохі пагаманілі, пасмяяліся, і Паліна зазбіралася дамоў. Рыгор, апрануўшы яе, выклікаўся праводзіць да самага дома, дзе дзяўчына жыла з бацькамі ў трохпакаёвай кватэры амаль што ў цэнтры горада. Вадзім не клаўся спаць, пакуль не вернецца сябра. Ён, хоць сон хіліў галаву, вырашыў яшчэ раз паглядзець дыпломную, апасаючыся, каб часам не закраліся якія памылкі, бо раніцай намеціў аддаць яе ў дэканат. Там жа дазнаецца, калі намечана абарона. Два экзамены, якія яшчэ трэба здаць, яго мала хвалявалі. Па мове ў яго заўжды была цвёрдая пяцёрка, а гісторыю КПСС, хоць і ставіўся да многіх яе момантаў досыць крытычна, не выказваючы гэтага на лекцыях, бо, ведаў, не абярэцца бяды, ведаў таксама калі не выдатна, то, ва ўсякім разе, досыць грунтоўна. Чытаць дыпломную не скончыў — канчаткова змарыў сон. Ён лёг і імгненна заснуў, нават не чуў, калі вярнуўся Рыгор.