Раніцай, калі сябра яшчэ спаў як пшаніцу прадаўшы (будзіць яго было шкада), на хуткую руку перакусіў і пайшоў у дэканат, здаў сваю работу. Рабіць у інтэрнаце не было што, і ён вырашыў пешшу прайсціся да Дома друку, паказаць «Вожыку» дзве свае гумарэскі, напісаныя за апошнія тры месяцы. Ён ведаў, што ў часопісе рабочы дзень пачынаецца пазней, недзе пасля адзінаццаці, а то і дванаццаці, але разлічыў, што пакуль не спяшаючыся дабрыдзе, то будзе і поўдзень.
Яго сустрэлі ветліва, як старога знаёмага, распытвалі пра жыццё-быццё, упікалі, што доўга не з’яўляўся на парозе рэдакцыі. Калі Вадзім расказаў, у якую глушэчу закінуў яго лёс, што працуе ў рэдакцыі райгазеты, рэдактар, які зайшоў акурат у аддзел, ні з таго ні з сяго прапанаваў:
— А давай да нас пераходзь. Праўда, у нас пакуль што ёсць паўстаўкі карэктара, але ты ганарарам навярстаеш. Пэўна ж, прынёс нешта.
Вадзім, збянтэжаны такой нечаканасцю, не пачуў пра гэтае «нешта», сказаў, што для яго быў бы гонар вялікі працаваць у такім часопісе. Але ж яму дзеля гэтага трэба звольніцца з папярэдняга месца працы, пераехаць у Мінск і пашукаць жыллё.
— Ну, ты чалавек малады і ўвішны, табе гэткая задачка як раз плюнуць.
Вадзім толькі цяпер успомніў пра гумарэскі і, выняўшы з кішэні рукапіс, перадаў у рукі рэдактару.
— Во, к пераезду і ганарар будзе.
Вадзім папрасіў, калі гэта можна, пачакаць з афармленнем тыдні тры, покуль ён не здасць апошнія два экзамены і не абароніць дыплом.
На гэтым гаворка была скончана. Рэдактар пайшоў у свой кабінет, а Вадзім, акрылены і ўзбуджаны да крайнасці, як на крылах вылецеў на вуліцу. Няўжо, няўжо ён будзе жыць і працаваць у сталіцы?! Сам горад яго не так вабіў, ён, вясковы хлопец, любіў ціхія ўтульныя мястэчкі і гарадкі, але ж наконт літаратурнага росту, перспектыў нешта надрукаваць магчымасцей тут было значна больш. Цікава, як Люся ўспрыме гэту вестку? Вядома ж, яна будзе на сёмым небе ад шчасця, калі даведаецца пра гэткае запрашэнне. Трэба, пакуль яшчэ не вельмі заняты, сёння ж з’ездзіць у Жорнаўку, пабачыць і парадаваць любую. Ёй бліжэй з Мінска будзе да маці, і з работай лягчэй можна ўладкавацца.
Рыгор, калі запыханы Вадзім прыскочыў у свой пакой, усё яшчэ дрыхнуў, і хлопец бесцырымонна перавярнуў яго на спіну, ушчыкнуў за бок.
— Уставай, лайдак несусветны, музу сваю праспіш. Паліну тваю бачыў ужо ля ўніверсітэта.
— Га? Што? — заспаны Рыгор не цяміў, што ад яго хочуць.
— Уставай, кажу, хутка абедаць пара. А я памчуся на цягнік, заўтра к абеду буду тут як штык.
— Нешта ты сёння надта гаманкі і задзірысты, — соладка пазяхнуў Рыгор і пачаў апранацца. — Рана пташачка запела.
— Хто рана ўстае, таму Бог дае. Я ўжо аддаў у дэканат дыпломную, завітаў і ў «Вожык».
— Бачу, што ён цябе шпільнуў іголкамі ў адно далікатнае месца, — буркатаў сябра, — што табе не сядзіцца і не стаіцца. Ведаю цябе як аблупленага. Выкладвай, што дазнаўся. Гумарэскі прынялі?
— Не толькі гумарэскі, але і самога прынялі.
— Не разумею.
— Ну, што тут разумець? Прынялі на работу ў «Вожык». Фарштэйн?
— А што, рэдактара там знялі і цябе замест яго? — Рыгор усё яшчэ думаў, што яго дурачаць. — То, можа, у намеснікі возьмеш? Бажуся і клянуся, што верай і праўдай буду служыць вашай светласці.
— Годзе пацвельвацца, — глянуўшы на гадзіннік, Вадзім сабраўся ісці на вакзал. — Кажу, што прынялі на карэктарскую пасаду, значыць, прынялі. Ладна, заўтра паталкуем. Паеду, парадую жоначку. А ты ідзі шукай Паліну. Заўтра мо ўчатырох, калі ўгавару Люсю прыехаць у Мінск, сходзім куды адзначыць добрую падзею.
Люся не чакала яго. З маці яны корпаліся ў шафе, перабіралі старыя і новыя рэчы. Дзяўчына нават не заўважыла, што нехта зайшоў у кухню. Вадзім кашлянуў, і яна апантана кінулася яму на шыю.
— Які ж ты маладзец, зяцёк, што прыехаў, — выйшла на кухню і Вольга Іванаўна. — Хутка будзем вячэраць. А мы тут з дачушкай прымяркоўваем, што лепшае ёй узяць з сабой, калі паедзеце, што яшчэ дакупіць трэба. Прыедзе ж без пасагу, то смяяцца будуць. Удваіх больш нешта возьмеце, чым калі ехала адна. Во, ватовая коўдра ёсць новенькая, дзве падушкі з наўлечкамі, тры прасціны. Па першым часе хопіць.