Вадзім, абдымаючы жонку, шчыра падзякаваў за пасаг, але сказаў, што яны самі не зломкі, усё купяць, дабудуць сваім стараннем.
— Але, — ён прыняў урачыстую позу, — змушаны вам сказаць, што мы хутка перабяромся ў Мінск і рэчы вашы хай пакуль паляжаць у шафе.
Пад бурнае лікаванне Люсі і матчыну шчаслівую ўсмешку Вадзім расказаў аб прапанове працаваць у сатырычным часопісе.
— Вось толькі пакой які зняць, — падзяліўся клопатам Вадзім. — Казалі, што вельмі нялёгкая гэта справа знайсці такое жыллё, каб не вельмі і дорага, і грубка якая была, і каб не за трыдзевяць зямель.
— Я цяпер ужо буду напытваць у знаёмых, хто ў Мінску працуе, — сказала Вольга Іванаўна, завіхаючыся з вячэрай.
— А дзе ж ваш Толік? — папытаў Вадзім. — Колькі ні прыязджаю, ніяк не магу з ім стрэцца.
— А Божа, хіба ж я не казала, што яго змабілізавалі ў армію? — пляснула рукамі Вольга Іванаўна. — Зусім дурная галава стала. Піша, што служыць бліз Арэнбурга, што там стэпы, лютуюць маразы. Абяцаў, калі вышлем грошы, купіць і прыслаць пуховую хустку.
— Мамачка, табе вельмі патрэбна такая хустка. Уся вёска зайздросціла б табе. Мы з Вадзімам, як толькі збяром што, пашлём яму патрэбную суму. Праўда, мілы?
— Я і зараз магу тое-сёе знайсці, — сказаў Вадзім. — А ў «Вожыку» надрукуюся, то і астатняе дадам.
— Не, дзеткі, не, — рашуча запярэчыла Вольга Іванаўна. — Вам сама абжывацца, і кожная капейка самім спатрэбіцца. Ды вяселле ж трэба справіць. Што, мы горшыя за іншых? Не справім, то людзі пальцам будуць тыцкаць.
— І праўда, мы ж пра вяселле неяк не падумалі, — спахапілася Люся. — А я хачу, каб у нас было самае лепшае вяселле. Праўда, мілы?
— Праўда, праўда, — Вадзім зноў прытуліў жонку да сябе. — У нас усё будзе самае лепшае. Мы так пастараемся.
Павячэраўшы, Люся прапанавала прайсціся. Ужо досыць падсохла, і можна было не баяцца, што поцемку ўваляцца ў якую гразь.
— А ты не хочаш завітаць да Колі, з ім падзяліцца навіной? Ты ж, свінтус, як прыехалі разам, так і носу не паказваў ні перад ім, ні перад братавай. А ў іх, мама казала, вось-вось мае дзіцятка быць.
— Я і сапраўды свінтус-грандыёзус. Ад свайго шчасця ашалеў, што нічога і нікога вокал не бачу. Ведама ж, трэба наведацца. Вось толькі ў мяне гасцінца ніякага няма, хаця б для Лількі.
— У мяне шакаладныя цукеркі ёсць. Хавала на ўсякі выпадак, — Люся выняла з шафы прыгожую, у ружах, каробку, паклала перад Вадзімам.
Апрануўшыся, яны пайшлі, наказаўшы маці не зашчэпліваць дзверы. Коля, Лілька і іхняя дачушка Аня сядзелі каля прыёмніка, слухалі якуюсь радыёпастаноўку. На стук з сенцаў першая зрэагавала малая, пачуўся яе радасны вокліч:
— Дзядзя Лёдзік плыехаў, дзядзя Лёдзік, — яна пабегла на кухню, адчыніла дзверы. Убачыўшы Вадзіма і чужую цёцю, засаромелася, задам падалася назад. Выключыўшы перадачу, выйшлі Коля з Лількай, і Вадзім перадаў малой цукеркі.
— Гэта ж мы пра Заслонава заслухаліся. Надта ж цікавая перадача, — як бы апраўдвалася Лілька, гатовая, нават пры цьмянай лямпачцы бачна, у любы дзень нарадзіць.
— То праходзьце, праходзьце ў хату, — Коля расчыніў перад імі дзверы ў пярэдні пакой. — Я ўжо ведаў, што вы тут, і з дня на дзень чакаў. То віншую з законным шлюбам, — Коля абняў і пацалаваў спачатку Люсю, пасля брата. — Трэба ж гэтую падзею і замачыць. Лілька? Ты дзе дзелася?
Ён, не дачакаўшыся адказу, сам пайшоў на кухню, прынёс бутэльку гарэлкі. — Зараз жонка што-небудзь зварганіць. Відаць, у кубелец палезла.
— Не трэба ніякага пачастунку, — запратэставаў Вадзім. — Мы толькі што ад стала. Вольга Іванаўна накарміла нас ад пуза.
Лілька прыйшла са сваёй бакоўкі прычапураная, у новай квяцістай сукенцы, таксама павіншавала маладых.
— Калі ж вяселле? — папытала ў Люсі. — Ці не будзеце спраўляць?
Коля напусціўся на жонку:
— Табе сама пра вяселле дбаць. Хутка будзе ў хаце вясела, аж занадта. Вот лепш запрашай, каб паклалі чаго на талеркі, а я тым часам налью.
Ён адкаркаваў «Маскоўскую», напоўніў чаркі. Мужчыны выпілі па поўнай, Люся адно прыгубіла, а Лілька толькі падняла чарку і чокнулася з усімі.
Ведаючы яе становішча, ніхто не стаў прымушаць. Вадзім расказаў, што хутка пераедзе ў Мінск на новае месца працы, а зараз рыхтуецца да абароны дыпломнай. Коля прапанаваў яшчэ выпіць, але і Люся, і Вадзім наадрэз адмовіліся. Люся, развітваючыся, сказала, што к Першамаю плануюць справіць вяселле і каб яны мелі гэта на ўвазе.
Вярнуліся дадому, калі Вольга Іванаўна ўжо спала. Ціха распрануліся і юркнулі ў пасцель. Раніцаю, правёўшы шчаслівую ноч з любімай, Вадзім паехаў у Мінск.