Частка трэцяя
1
Была тая пара бабінага лета, калі як магнітам цягнула на прыроду, каб перад зацяжнымі дажджамі і першымі замаразкамі атрымаць поўную асалоду ад зямлі, нацешыцца сонцам, удыхнуць на поўныя грудзі гаючага паветра. Тут, на Балотнай станцыі, дзе яны з Люсяй знялі невялікі пакойчык, таксама хапала прастору, варта было толькі мінуць невялікі завулак — і перад табою поле, а там, трошкі далей, — гаёк, у якім, казалі, яшчэ і цяпер сустракаюцца крамяныя баравікі. Вядома, гэта не тое, што пад Бягомлем. Там, ведаў Вадзім, вазамі вазілі белыя, падасінавікі, рыжыкі. На сыраежкі ці там бабкі ніхто глядзець не хацеў. Цяпер, прагульваючыся з Люсяй па наваколлі Балотнай, Вадзім з пачуццём нейкай віны прыгадваў, як развітваўся з супрацоўнікамі газеты, з гаспадыняй, у хаце якой спазнаў асалоду першай шлюбнай ночы. Ён тады, ужо вольны ад рэдакцыйных абавязкаў, падбухторыў Лявона Галкіна яшчэ раз з’ездзіць у самы гушчар Бярэзінскага заказніка, дзе жыў яго актыўны аўтар Васіль Махавец. Замалёўкі аб прыродзе, звярах і птушках Махаўца друкавалі амаль што ўсе рэспубліканскія выданні, а ўжо ў Вадзіма ён быў найпершы аўтар, матэрыялы якога выклікалі самы шчыры водгук чытачоў.
Хату Махаўца ў лесе Лявон ведаў добра, але, калі прыехалі, гаспадара не было дома. На дзвярах вісеў замок. Чакаць яго не мела сэнсу, бо гэты чалавек не стыкаўся дома, мог гадзінамі сядзець дзе на дрэве ці пад кустом і назіраць за дзікай прыродай. Вось бы яму фотакамеру ці добры апарат, колькі здымкаў, якія б упрыгожылі лепшыя фотавыстаўкі краіны, ён мог бы зрабіць дзеля радасці людской!
Яны з Лявонам вярнуліся назад. Зайшлі разам у рэдакцыю, і Вадзім яшчэ раз з сумам, як быццам губляе штось самае дарагое і незваротнае, развітаўся з усімі.
У Мінск вярнуўся нейкі апустошаны, безуважны да ўсяго. Здаўшы рэчы, якія заставаліся яшчэ ў гаспадыні, у багажнае аддзяленне, паехаў у рэдакцыю часопіса. Яшчэ раз пераканаўшыся, што залічаны ў штат, зноў падаўся на вакзал, каб завезці ў Жорнаўку досыць такі ёмкі груз. Адной Люсі ён быў бы не па сілах.
I вось яны, пасля двух тыдняў пошуку кутка, нарэшце-такі знайшлі гэты пакойчык, якому бязмежна рады. У гэтую нядзелю яны вырашылі не ехаць да маці, адаспацца ўволю, а пасля пахадзіць па ваколіцах Балотнай станцыі. Ніякага балота пры станцыі тут і заваду няму, але вось назва сведчыла, што тут, відаць, здабывалі некалі торф, а побач шумелі вялікія бары. Сонца ўжо добра прыпякала, і яны, адышоўшыся далекавата ад ускрайку горада, вырашылі разаслаць коўдры і трохі пазагараць. Распрануліся да трусоў, а Люся нават і ліфчык зняла, каб загар быў роўны па ўсім целе. Вадзім, шчаслівы такой блізкасцю, прытуліў любую да сябе, горача пачаў цалаваць.
— Хоць бы каго побач не было, — засаромелася дзяўчына. — Убачаць, тады...
Ён не даў ёй дагаварыць. Неадольнае жаданне мець яе, цалаваць яе тугія грудзі, ногі, губы зацьміла ўсё на свеце. Люся таксама задыхнулася ў такім жа жаданні. Астыўшы ад шалу кахання, яны, абняўшыся, моцна заснулі. Вадзім прачнуўся першы, калі сонца схавалася за хмарку і адразу стала прахалодна. Ён акрыў любімую сваім пінжаком і, пакуль яна спала, думаў пра новую сваю работу. Вядома, гэта было нашмат лягчэй, чым у райгазеце, але і больш адказна. Тыраж раёнкі і рэспубліканскага часопіса непараўнальны. Калі прапусціць якую памылку пры вычытцы карэктуры, і яна пройдзе, чакай непрыемнасцей. Ды ёсць такія ўедлівыя чытачы, што любую блыху заўважаць і паскардзяцца. Асабліва актыўнічаюць настаўнікі-пенсіянеры. Але, дзякаваць богу, пакуль што ў яго ўсё ідзе гладка. Вось толькі зарплата мізэрная — усяго трыццаць сем рублёў. Паспрабуй на такія грошы пражыць. За пакойчык падрадзіліся плаціць пятнаццаць рублёў. I што застаецца? Мізэр. Каб не такія-сякія ганарары, ногі працягнулі б. А гэтага дапусціць ён не можа. Каму, як не яму, гаспадару сям’і, паклапаціцца аб яе дабрабыце. Тым больш Люся прызналася, што зацяжарыла, што праз якога паўгода ў іх будзе папаўненне. Божа, якая гэта радасць і разам з тым адказнасць! Няўжо ў яго будзе дачушка альбо сын? Але ж аб іх трэба паклапаціцца, аб жонцы і дзіцяці. Толькі што дзеля гэтага зрабіць? Пытанні, на якія трэба шукаць адказу.
Люся, нешта прамармытаўшы ў сне, прачнулася, абвіла мужаву шыю, сказала:
— Як соладка спіцца на свежам паветры. Ды яшчэ пасля такога... — яна шчасліва засмяялася.
Апрануўшыся, яны пайшлі да нешырокай палоскі лесу.
— А раптам знойдзем які грыб, — сказала яна. — Я б тады зрабіла таўканіцу з грыбной подліўкай.
— Гэта ідэя, — падхапіў Вадзім. — Даўно не еў таўканіцу з грыбамі. Зробім сёння такую вячэру. А бульбы яшчэ засталося трохі? А не, дык пазычым у гаспадыні, пакуль ад маці прывязём.