— Хутка паедзем капаць. Мама казала, што ўрадзіла неблагая бульба. Так што другім хлебам мы будзем забяспечаны.
У лесе, колькі ні хадзілі, апроч мухамораў і некалькіх сыраежак, нічога не знаходзілі.
— Давай па ўскрайку паходзім, — прапанаваў Вадзім. — Усе бягуць чым глыбей, а мы пры полі пашукаем у траве.
I праўда, праз хвіліну Люся радасна ўсклікнула:
— Во, во! Хадзі глянь.
Вадзім, падышоўшы, не паверыў сваім вачам: у разоры, якой апаясваюць лес ад пажараў, сядзелі ў пяску рыжыкі, такія агністыя, вабныя, якія і зрываць было нават шкада. Пахадзіўшы з паўгадзіны, яны разам набралі цэлую, як завязаць, Люсіну хустку найсмачнейшых лясных ласункаў.
— Іх засаліць добра было б, — сказала яна. — Мама неяк зрабіла са смятанай, то пасля нельга было ад місы адцягнуць.
— Дык і мы зробім так, але не ўсе. З таўканіцай, калі адварыць і прыгатаваць падліву, пойдуць за мілую душу.
Вярнуліся ў свой пакойчык задаволеныя, як ніколі. Бульбы, аказалася, яшчэ трохі было, і яны размеркавалі абавязкі: Вадзім падрадзіўся абіраць бульбу, а яна, Люся, ачышчаць ад пяску і адварваць грыбы. Знайшоўся посуд і для салення.
Вячэралі гэты раз па-царску. На часопісным століку, які вызваліла ад вазонаў гаспадыня, стаяла бутэлька піва, а ў талерках дымілася таўканіца, шчодра палітая грыбамі. На асобным сподачку былі нарэзаныя памідоры і салёныя агуркі.
— Ну, любая, каб гэтыя вуглы абмінала ўсялякае ліха, — Вадзім падняў шклянку і чокнуўся з Люсінай.
Яда аказалася найсмачнейшай.
— Будзем час ад часу наведвацца туды, — сказаў Вадзім, як не вылізваючы талерку. — Можам, акрамя рыжыкаў, і на апяты натрапіць. Тады і на зіму трохі насалілі б.
Гэты раз Вадзім рашыў усё-такі пагаварыць з рэдактарам. Пастукаўшыся, зайшоў у кабінет, пачакаў, пакуль ён скончыў гаварыць па тэлефоне.
— Ну, што, Гурко? — рэдактар быў у добрым настроі, і гэта Вадзіма ўзбадзёрыла. — Як асвойтваешся на новым месцы? Кватэру знайшоў?
Адказаўшы на ўсе пытанні, Вадзім папрасіў:
— Памажыце мне стаць на чаргу на жыллё. У мяне ж пакуль што няма прапіскі, а без яе ніхто і слухаць не хоча. Непаўнацэнны жыхар горада.
— Ну, ты гэта дарэмна — непаўнацэнны. Паўнацэнны, ды яшчэ які. Не кожны гэтак пісаць умее, як ты. Так што не прыбядняйся. А наконт прапіскі будзем нешта думаць. Г аспадары твае не могуць прапісаць? У прыватным жа доме лягчэй.
— Яно, можа, і лягчэй, але ж у іх метраў не хапае. Так кажа гаспадыня.
— Ладна, — сказаў рэдактар. — Запішы свой адрас, а мы пахадайнічаем перад гарсаветам, каб зрабілі якое выключэнне.
Рэдактару зноў пазванілі, і Вадзім, задаволены размовай, пайшоў да сябе і, сеўшы за стол, пачаў вычытваць гранкі наступнага нумара.
— З цябе бутэлька, — азваўся ад свайго стала Генадзь Каўко, супрацоўнік літаратурнага аддзела. — У гэты нумар думаем ставіць тваю гумарэску «Дыспрапорцыя». Рэч вартая ўвагі, але не шкодзіла б пару абзацаў скараціць, бо не ўмесціцца на старонку.
— Трэба дык трэба, — Вадзіма гэтая вестка парадавала, — бо канчаліся грошы, а ў перспектыве, апроч гэтай рэчы і яшчэ апавядання, якое заляжалася ў маладзёжным часопісе, нічога новага не было напісана. — Можам з’ездзіць да мяне, дзе я асталяваўся. Заадно з жонкай пазнаёмлю і салёных рыжыкаў пад чарку паспрабуем.
— Гэта ідэя! — усклікнуў Генадзь. — Даўно рыжыкаў не каштаваў.
Пасля работы яны пайшлі разам. Каўко аказаўся кампанейскім чалавекам, які, праўда, у адрозненне ад Вадзіма, любіў выпіць, нават і на рабоце тадысяды прыкладаўся да бутэлькі. Сам неблагі паэт, да яго пастаянна ішлі маладыя, якія спрабавалі сілы ў гэтым жанры, неслі сатырычныя вершы, заадно і выпіўку. Але Генадзь ні на якую халтуру не ішоў, выпіваў толькі з тымі, каго прымаў да друку.
— Дык, можа, таксі возьмем, — Генадзь пачаў галасаваць, але ніводная машына з шашачкамі не спынялася.
— Тут і паўгадзіны не будзе хады, — Вадзім прыкідваў, колькі ў яго грошай і ці хапіла б і на бутэльку, і на таксі, каб яно і падхапіла іх. Люсі, вядома, гэта будзе нечаканасцю і лішнімі клопатамі. Хоць бы дома быў хлеб. Па шляху, папрасіўшы Каўко пачакаць на вуліцы, ён усё ж заскочыў у гастраном, купіў бохан, ну і заадно бутэльку. На каўбасу не разлічваў, а прыхапіў дзве бляшанкі рыбных кансерваў.
— Проша пана ў мае апартаменты, — галантна раскланяўся, прапускаючы Генадзя перад сабой у расчыненыя сенечкі. Яшчэ адтуль пачуў пах смажанай цыбулі і сала, а ў пакойчыку галасы жонкі і яшчэ кагосьці. Не адчыняючы дзверы, пазнаў, што гэта цешча. Жанчыны абрадаваліся, убачыўшы Вадзіма з госцем.