Выбрать главу

— А я, зяцёк, чакала вас, чакала, ды сама кінулася ў росшук, — сказала Вольга Іванаўна, спадцішка разглядаючы незнаёмага чалавека. Вадзім прадставіў яго:

— Паэт, супрацоўнік часопіса Генадзь Каўко. Прашу любіць і жалаваць.

Выкладаючы на столік свае пакупкі, прадставіў Генадзю сваю жонку і цешчу.

— Як бачыш, — паказваючы пакойчык, казаў знарочыста бадзёра. — Жывём і хлеб жуём. А да хлеба смажаніны і рыжыкаў знойдзем.

Люся ахвотна выняла з-пад ложка трохлітровы слоік, шчыльна напоўнены рыжыкамі.

— Дзе ж гэта такое багацце ўзялі? — пацікавіўся Каўко. — Нябось, далёка куды ездзілі?

Калі яму сказалі, што ў ляску за паўкіламетра адсюль, ажно не паверыў.

— Дык і мяне іншым разам вазьміце, — папрасіў ён. — Усё аддам за рыжыкі.

Люся, калі хлопец адыходзіў, наклала яму невялікі слоічак гэтага смакоцця. Цешча, трошкі яшчэ пабыўшы і расказаўшы такія-сякія навіны, таксама засабіралася дамоў.

— Вы, мама, можа пераначавалі б. У гаспадыні я папрашу раскладушку. Яшчэ пасядзім, пап’ём чаю. А заўтра я вас правяду.

— Не, дачушка, не. Там падсвінак будзе енчыць ад голаду. На вечар я яму замяшала цэлае карытца, але ж ён ужо, мусіць, усё злопаў. Так што паспею на апошні поезд.

Яны правялі яе на трамвай, які ішоў да вакзала, і вярнуліся назад.

— Мама свежаніны нам прывезла, — пахвалілася Люся, дастаючы з плеценай карзіны ладнаваты пакунак. Трэба толькі пасаліць. А солі як на тое можа лыжкі дзве засталося. Няёмка ж прасіць у гаспадыні. Як думаеш?

— Я думаю, што трэба яе пачаставаць, адрэзаць які кавалак, а солі яна дасць колькі хочаш.

— Ты ў мяне самы разумны і самы шчодры, — яна пацалавала яго і пайшла ў сенечкі. Але вярнулася ні з чым.

— Гаспадыні няма дома, — сказала засмучана. — А можа, яшчэ не позна схадзіць у магазін.

— Толькі калі разам. Згода?

Яны хуценька апрануліся і найкарацейшым шляхам выйшлі на праспект.

2

Дачушка з’явілася на свет акурат на Ражство Хрыстова. Даведаўся Вадзім пра гэта днём пазней, калі прыйшоў у рэдакцыю. Яшчэ ў калідоры яго стрэў Генадзь Каўко, які выйшаў з пакоя падыміць. Сказаў:

— Табе званілі з Радава. Толькі ты збег учора, а тут — званок. Я на лесвіцу, але цябе і след прастыў. Карацей, цешча твая прасіла прыехаць.

«Можа з Люсяй што, — устрывожыўся Вадзім. — Інакш сама пазваніла б». Адпрасіўшыся ў рэдактара на суткі (акурат не было тэрміновай рабо­ты), памчаўся на вакзал. Поезда, на шчасце, доўга не давялося чакаць, і ўжо к абеду ён, хвалюючыся, пераступіў парог цешчынай хаты. Вольга Іванаўна была дома, кешкалася на кухні. Убачыла зяця і вельмі абрадавалася.

— Якое шчасце, — сказала хвілінай пазней, калі Вадзім распрануўся і сеў пры печы, прысланіўшыся спінай да гарачых цаглін, — што мы не спазніліся, датупалі да бальніцы. Ты ж бачыў, якія кругом гурбы снегу, якія гурбы панамятала. Дачушка мая такая малайчына. I толькі прыйшлі, толькі паклалі ў радзільнае аддзяленне, як пачаліся роды. Так што з дачушкай цябе, зяцёк. Няня мне сказала, што больш за тры кіло важыць. Вечарам сходзім, можа ж, даведаемся, як яны там.

Вадзім як не скакаў ад радасці. Дачушка, у яго ёсць дачушка! Божа, гэта ж здурнець можна ад такой навіны. Яшчэ заўчора яны з Люсяй гулялі па праспекце, хацелі нават схадзіць у кіно. Аднак жонка ў апошні момант адмовілася ад шпацыравання, сказала, што не лепшым чынам сябе адчувае і што яна паедзе да маці. Ён, свінтус, тады не прыдаў значэння яе словам і працягваў настойваць на сваім.

— Ты разумееш, — ужо злавалася Люся, — што я магу тут жа, на вуліцы, нарадзіць.

Яна пайшла на вакзал, а ён стаяў ля кінатэатра «Цэнтральны», спадзеючыся, што жонка капрызнічае без дайпрычыны і хутка вернецца. I во на табе, маеш. Як цяпер загладзіць віну перад ёю? Прыйшлі ў бальніцу ўжо ў вечаровым сутонні. Мяцеліца, яшчэ з сухім, калючым ветрам, перашкаджала бачыць перад сабой ужо за дзесяць крокаў. «А як жа ёй, беднай, было поцемку ісці адной, ды яшчэ ў такім становішчы?» — мучыла яго сумленне. Ён сцішыў трохі крок, пачакаў Вольгу Іванаўну. Калі яна, цяжка дыхаючы, параўнялася, сказаў:

— Я не ведаю, што купіць для парадзіхі на першым часе. А для дачушкі таксама трэба паўзункі, пялёнкі, распашонкі. Тут жа, відаць, не купіш усяго гэтага?

— Купіш, чаму ж, абы былі грошы. Ведаючы, што ў вас іх кот наплакаў, я трохі пазычыла. Пабагацееце, аддамо. Абы яны здаровенькія былі.

Словы цешчы падбадзёрылі Вадзіма. Вядома ж, не вечна яны будуць пабірацца, лічыць кожную капейчыну. Будзе ж і на іхняй вуліцы свята. Абавязкова будзе. Касцьмі ляжа, а пра сям’ю сваю паклапоціцца як мае быць. Пра ўсё гэта, падыходзячы да бальніцы, ён і расказваў цешчы.