Выбрать главу

— То дай божа, дзіцятка, каб у вас быў некалі куток свой і ў ім хапала ўсяго самага неабходнага. Што змагу, то і я падсоблю. У мяне ёсць на цяжкі выпадак тое-сёе ў запасе. Яшчэ з мужам нажылі, царства яму нябеснае. Тры царскія залатоўкі зашыла ў сяннік. Прыспічыць, то пойдуць на вас.

Вадзім рашуча запярэчыў:

— Не, хай золата будзе недатыкальнае. Я буду нешта сам думаць.

У бальніцы малую яшчэ не паказалі, а вось Люся, бледная і пахудзелая, у пярэстым халаце выйшла на колькі хвілін у хол. Убачыўшы мужа, абрадавалася і пры маці стрымана пацалавала. «Божа, як жа я вінаваты перад ёю, — зноў упікаў сябе Вадзім. — Любая, харошая мая. Усё зраблю, магчымае і немагчымае, каб ты была шчаслівая».

Доўга ім пасядзець не далі: сястра прыйшла клікаць карміць маленькую.

— Ну, як яна? Як ты? — Вадзім спяшаўся як мага болей даведацца пра самых дарагіх яму людзей.

— У нас усё нармальна, — Люся, пацалаваўшы маці і мужа, пабегла ў палату. Наўздагон Вадзім сказаў, што сёння ж паедзе апошнім поездам у Мінск, бо заўтра з самага ранку прыйдзе карэктура часопіса.

Пакінуўшы цешчы трохі грошай, ён развітаўся і пайшоў на станцыю. Мяцеліца крыху сунялася, аднак злы і калючы вецер не даваў магчымасці дыхнуць на поўныя грудзі.

«Хоць бы грубку гаспадыня яшчэ раз прапаліла, — думаў пра свой катух на Балотнай. — Прыеду, а там халадрыга, да касцей пройме».

Усю дарогу да Мінска абдумваў, з чаго пачаць, да каго кінуцца, каб выклянчыць які цёплы пакой, дзе будуць цёплыя, як у рэдакцыі, батарэі, будзе свая вада, мо нават і гарачая, свая ванная. Згадалася кватэра, у якой, пажаніўшыся, жывуць Рыгор і Паліна. Тады, паўгода назад, на іхнім вяселлі яны з Люсяй падаравалі маладажонам чайны сервіз, які вельмі прыйшоўся Паліне даспадобы. Як госці разышліся, яны ўчатырох пілі з гэтага сервіза чай, Рыгор чытаў вершы з новага свайго зборніка, прысвечанага каханай. Шматлюднага вяселля яны не рабілі, Паліна не захацела, хоць маці яе, салідная жанчына сярэдніх гадоў, нязменны галоўны бухгалтар на гадзіннікавым заводзе, на гэтым настойвала. Яе падтрымліваў і муж, работнік міністэрства прамысловасці. Да зяця яны ставіліся стрымана, але паважна і хацелі на вяселле запрасіць з аднаго і другога боку саслужыўцаў. Аднак дзяўчына заўпарцілася: не і яшчэ раз не. Я іх нікога не ведаю, а ў мяне сваіх сяброў і сябровак хапае. Карацей кажучы, ледзьве не сапсавалі ёй урачыстасць. Дык вось кватэра, у якую адразу прапісалі Рыгора, была на ўзроўні міністэрскай. Тры шыкоўныя пакоі, вялікі, на веласіпедзе можна катацца, калідор, прасторная кухня, ванная, асобны туалет.

— Ты, браце Рыгорка, каб табе не было горка, як буржуй зараз, — сказаў Вадзім сябру, калі яны, пакінуўшы жанчын мыць посуд, выйшлі на балкон праветрыцца. — Раскулачваць пара.

— Дай такім волю, то яны і цябе запяклі б куды трэба. Два патэфоны купіў? Купіў. Касцюм хвацкі справіў? Справіў. За якія шышы? Вось усё галажопікам пакажы і распішы.

Пасмяяліся. «Як ён зараз, Рыгорка? Нешта даўно не наведваўся ў рэдакцыю. Вядома, і ў яго работа не цукар у літаратурнай газеце. Супрацоўнікаў мала, а матэрыялы кожны тыдзень давай і давай. Але ж і зарплата яго не параўнаць з ягонай. Ды і Паліна працуе ў школе настаўніцай. Таксама няблага мае».

Аналізуючы сваё становішча, Вадзім прыйшоў да высновы, што трэба больш настойліва стукацца ў гарсаветаўскія дзверы. Зараз, калі яго нарэшце-такі прапісалі, дзякуючы намаганню рэдактара, ён мае поўнае права станавіцца ў чаргу на жыллё. Але ж гэта чарга расцягнецца на многія гады. А яму трэба сёння, заўтра, трэба мець хоць які цёплы пакойчык. Бываюць жа нейкія і выключэнні. Ён круглы сірата, Люсін бацька, афіцэр, таксама загінуў на вайне. То чаму ім не даць якую паслабку? Пакуль жонка ў бальніцы, ён, заручыўшыся пісьмом з «Вожыка», пойдзе на прыём да галавы горада. Наіўны чалавек! Думаў, яго там чакаюць не дачакаюцца. Такіх гарапашнікаў, як Вадзім Гурко, хоць адбаўляй. Яны гатовы звечара займаць чаргу, каб трапіць на прыём да вялікага начальніка.

Пайшоў да старшыні гарсавета і Вадзім. Выстаяў, грэючыся ў пад’ездзе цэлую ноч, прамёрз, бы цюцік, але ўсё ж трапіў на прыём. Малады, але саліднай камплекцыі мужчына, які сядзеў за масіўным сталом, заваленым паперамі, выслухаў яго, паківаў галавой, але ўсё ж заяву і пісьмо з рэдакцыі ўзяў.

— Абяцаць нічога не абяцаю, але ўсё ж просьбу такога саліднага часопіса не маем права сходу адхіліць. Будзем думаць.

З тым Вадзім і пайшоў. Страшэнна хацелася спаць, кружылася галава. Ды і голад даваў аб сабе знаць. Здэцца, заваліцца б да сябе, перахапіць што ў рот і, накрыўшыся з галавой ватняй коўдрай, легчы ў пасцель. Аднак справа ёсць справа. Па шляху ў рэдакцыю заскочыў у булачную, заказаў і выпіў кубак гарачай моцнай кавы. Трохі пасвятлела ў галаве. На рабоце яшчэ нікога не было, і ён, замкнуўшы дзверы, у крэсле за сталом вырашыў трохі падрамаць. Колькі часу доўжыўся яго сон, не ведае, але абудзіў тэлефонны званок. Пыталіся Генадзя Каўко. Вадзім, адказаўшы на жаночы голас, выйшаў у калідор. Генадзя стрэў каля лесвіцы.