Выбрать главу

— Што, гаўнюк, так і не кінуў свой паганы занятак? — не выпускаючы рукі злодзея са сваёй, ціха, каб не прыцягваць увагі збоку, шапнуў Вадзім. — А дзе ж твой хаўруснік? Ну, той, з кім па вагонах шастаеце, няшчасных кабет абчышчаеце?

— З некім вы мяне блытаеце. Адпусціце руку, я выпадкова дакрануўся да вашага паліто. А вы...

— Замаўчы, брыдота. Доўга цацкацца з табой не буду. Зараз жа здам у міліцыю. Хай высветляць, дзе жывеш і чаго шастаеш па цягніках і вакзалах.

— Клічце, клічце, нічога вы не дакажаце. Я што-небудзь украў у вас? Хай абшукаюць усяго, нічога вашага не знойдуць. А тое, што сядзеў побачкі і дакрануўся выпадкова да вашага паліто, ні пра што не кажа. «Вопытны зладзюга, — падумаў Вадзім. — І праўда, што я дакажу». Абвясцілі пасадку на цягнік, і Вадзіму нічога не заставалася, як адпусціць кішэнніка.

— Убачу яшчэ раз на вакзале, галаву скручу. І зараз шчасце тваё, што спяшаюся на поезд. А так бы.

Ён плюнуў і падаўся да выхада на перон. Уяўляў, з якім смяшком глянуў яму ў спіну гэты вырадак. У вагон усярэдзіну не пайшоў, стаў у тамбуры. На выпадак праверкі скажа, што ўскочыў у апошнюю хвіліну, не паспеўшы купіць білет да Радава. Вядома ж, кантралёры не павераць, будуць патрабаваць аплаціць штраф, а дзе ён возьме тыя грошы. А мо ім паказаць пасведчанне работніка сатырычнага часопіса? А чаго? Гэта ідэя. Не могуць жа не паверыць саліднаму чалавеку, супрацоўніку такога аўтарытэтнага выдання. Вунь, кожны чацвёрты пасажыр у вагоне гартае і чытае гэты часопіс, ад душы абураецца альбо смяецца. Можа, там у каго і ягоная гумарэска. Баяўся ён дарэмна. Да Радава ніякай праверкі не было, і ён з лёгкім сэрцам саскочыў з прыступак і пайшоў у бок Жорнаўкі. Ад хуткай хады разагрэўся, што давялося нават расшпіліць паліто. У цешчынай хаце ярка свяцілася ў зале акно, нават праз фіранку бачна было, як мітусяцца чыесь цені. Ён з’явіўся на парозе, пусціўшы ў кухню клубок халоднай пары. Жонка і Вольга Іванаўна былі, відаць, у зале, бо стуль чуліся галасы, прыглушаныя шчыльна зачыненымі дзвярыма. Вадзім распрануўся, у парозе зняў зімнія туфлі і ў адных шкарпэтках падаўся да ўсіх. Яго не чакалі, таму Люся і абрадавалася, і адначасна ўстрывожылася. Пацалаваўшы мужа, папытала:

— Што-небудзь здарылася? Гэта ж у будні дзень і на ноч гледзячы.

— Усё нармальна, — сказаў ён. — Проста замаркоціўся без вас. І вось я тут. Кінуў-рынуў усё на свеце і бягом у Жорнаўку. Хіба не чакалі?

— Ну што ты, зяцёк. Кожную хвіліну мы думаем пра цябе, ці не галодны часам, ці цёпла ў гаспадыні. Пра каго ж нам яшчэ думаць? Хіба што пра сына ў арміі. Але ён там таксама ў шапку не спіць. Знайшоў там сабе нейкую і хоча жаніцца. Во, сёння атрымала пісьмо, толькі што з дачкой прачыталі.

— А дзе ж Ірынка, крывінка наша? — Вадзіму не цярпелася хутчэй убачыць дачушку.

— Спіць у бакоўцы, — жонка, узяўшы яго за руку, павяла за перагародку, куды праз шчыліны ў дошках трапляла трохі святла. — Нядаўна яе пакупалі, захуталі і паклалі на спінку. Ціхенька падыдзі, паглядзі, якая харошанькая.

Вадзім асцярожна цмокнуў яе ў цёпленькі носік, адчуўшы ні з чым не параўнальную радасць. Павярнуўшыся да жонкі, прытуліўшы да сябе, прашаптаў:

— І праўда засумаваў без вас, мае вы любыя. Ноччу чаго толькі не сніцца...

— У нас усё добра, любы. Ты, відаць, галодны. Мы з мамай перакусілі ўжо. Зараз табе што-небудзь зробім. А калі назад?

— Ну, вядома, заўтра. Хачу з табой параіцца. Удумаў памяняць працу, то як ты на гэта глядзіш. Тут жа зарплата ведаеш якая. А куды хачу — у два з нечым разы большая. Ну, і ганарар там таксама можна такі-сякі мець. Карацей кажучы, тваё апошняе слова.

— Я што, — трохі ўстрывожылася Люся, — куды іголка, туды і нітка. Хіба я разумею што ў гэтым? Але глядзі, не памыліся, каб пасля не кусаць сабе локці.

Вольга Іванаўна паклікала вячэраць, і Вадзім, яшчэ раз плюснуўшы дачушку ў носік, пайшоў на кухню, дзе на патэльні, толькі што знятай з керагаза, дымілася смажаная бульба, а ў талерцы асобна ляжалі скваркі. Люся есці больш не стала, сядзела пры печы, націскала на мядзведзіка і, калі ён выдаваў гукі, цешылася, бы дзіця.

— А што табе заварыць, зяцёк: чай ці каву? — папытала Вольга Іванаўна. — У нас ёсць адно і другое.

— Лепш нанач чаю, бо ад кавы спацца будзе дрэнна. Вы пасядзіце, я сам згатую. Толькі б кіпетню мне. — Вадзім падняўся, пашукаў вачыма заварны чайнік.