Выбрать главу

Раніцай, прыехаўшы ў Мінск, зайшоў на работу, распрануўся і спусціўся на першы паверх. Віктара Максімавіча на месцы не было, але кабінет ягоны быў расчынены насцеж. Нарэшце ён з’явіўся і запрасіў да сябе. Папытаў:

— То якое будзе рашэнне? Пойдзеце ў нашу газету? Толькі ведайце, што давядзецца пазменна працаваць. Бывае, што і да поўначы.

— Мяне гэта не палохае, — адказаў Вадзім. — Карацей кажучы, я згодзен. Толькі мне трэба дні два, каб на ранейшым месцы падцягнуць усе хвасты.

3

Зіма канчалася, а з жыллём усё было няпэўна. Яшчэ тры разы Вадзім начаваў на вуліцы, пільнаваў чаргу на прыём да старшыні гарвыканкама. Гэтым разам ён вырашыў узяць і жонку з дачкой. У пэўны час яна пад’едзе з маленькай да адкрыцця прыёмнай, зойдуць разам у кабінет і пакажуць чыноўніку сваю крывінку. Няўжо ж яго сэрца не змякчыцца, няўжо ў вялізным горадзе не знойдзецца які вольны пакойчык і для іхняй сям’і? З такой думкай звярнуўся і да жонкі. Яна падтрымала гэту ідэю. Прыехалі разам у Мінск, пераначавалі ў досыць халодным пакойчыку на Балотнай. Звечара Вадзім пайшоў станавіцца ў чаргу, а Люся з дачушкай павінны былі прыехаць к дзевяці гадзінам. Падышла пара заходзіць у кабінет, а жонкі ўсё не было і не было. Ён выбягаў на вуліцу, прапусціў нават наперад адну жанчыну, але больш марудзіць не выпадала. Зайшоў адзін. Старшыня яго ўжо ведаў. Сустрэў пытаннем:

— Пойдзеце на вуліцу Зялёную? Там вызваліўся пакойчык. Гаспадыня пераязджае, то, можа, паспееце яшчэ ўзяць ключ.

Ён назваў нумар дома і кватэры. Як на крылах, Вадзім памчаўся шукаць тую вуліцу. Аднак у каго ні пытаўся, ніхто нічога пэўнага не мог сказаць. Выручыў таксіст. Той без ваганняў сказаў садзіцца і праз дваццаць хвілін прывёз да месца. Вадзім расплаціўся і зайшоў у двор двухпавярховай будыніны з аблезлай атынкоўкай, паламанымі знадворку дзвярыма. Зайшоў у патрэбны пад’езд і ледзьве не задыхнуўся ад смуроду. Каля лесвіцы валяліся горы акуркаў, нейкія недаедкі, парваныя чаравікі, брудныя анучы. Ён выпадкова крануў адну з куч і. адхіснуўся ад жаху. На яго глядзелі вочы велізарнага, з добрага ката, пацука, да якога далучылася яшчэ некалькі мярзотных стварэнняў. Вадзім убачыў на дзвярах таблічку і, упэўнены, што яны не зачынены, таўхануў іх наперад. Ён не памыліўся: усярэдзіне ўжо было пуста. Маленькі, не большы за дамавіну, калідорчык, які вёў на кухню з пядзю велічынёй, збоку — праём у пакойчык, сцены якога былі пакрыты цвіллю, а між вокан зіхцелі дзіркі про­ста на вуліцу. Сцены былі мокрыя, у вялікіх разводах. Гэткая ж і столь. Печка, якая стаяла пры сцяне ў куханьку, таксама была напаўразваленая. «Божа, і гэткае жыллё прапаноўваюць новым гаротнікам. Ды тут жа і сабака не схоча зрабіць сваю патрэбу». Ён плюнуў і, затыкаючы нос, як ашалелы выскачыў на вуліцу. Было крыўдна за згубленую ноч. А яшчэ брала трывога: чаму жонка з дачушкай не прыехалі? Хоць бы што з імі не здарылася.

Хоць трэба было на працу, ён памчаўся на кватэру да гаспадыні. Прыбег задыханы і ўстрывожаны. Люся сустрэла яго з заплаканымі вачыма.

— Дачушка наша захварэла, тэмпература трыццаць дзевяць і тры. Уся ажно гарыць. Што ж гэта рабіць?

Вадзім дакрануўся губамі да яе ручкі і адчуў, як ад яе патыхае жарам.

— Тэрмінова трэба ўрача выклікаць. Пабягу з аўтамата званіць. Заадно і на рабоце скажу, што затрымаюся. Можа ж абыдуцца паўдня?

Хуткая дапамога прыехала праз дзесяць хвілін. Пажылая жанчына ў белым халаце паслухала малую і безапеляцыйна заявіла: запаленне лёгкіх. Збірайцеся і паедзеце разам у дзіцячае аддзяленне.

За ўсё, што здарылася, Вадзім вініў найперш сябе. Навошта было зманьваць жонку з дзіцем з цёплай хаты, ісці пехатой да станцыі, трэсціся ў вагоне, пасля ў трамваі? А прыйшлі на Балотную — там таксама холадна, хоць ваўкоў ганяй. Пакуль трохі прапалілі, збольшага сагрэлі пакой, прайшло нямала часу. А малую ж трэба карміць, мяняць пялёнкі, паўзункі. Вось і падхапіла дзесь прастуду ці вірус. Калі яны паехалі, у яго абарвалася ўсё ўсярэдзіне. У той дзень у яго ўсё валілася з рук. Ледзьве даседзеў да канца рабочага дня. Вечарам зноў надумаў пайсці да гарсавета і стаць у чаргу на прыём. Гэты раз ён выкажа старшыні ўвесь свой гнеў, сваё абурэнне. Як можна гэтак здзекавацца з чалавека, прапаноўваць яму тое, ад чаго любы бадзяга адмовіцца. Раніцай, патуляўшыся цэлую ноч з пад’езда ў пад’езд, грэючыся ля батарэй і час ад часу звяраючы сваю чаргу, ён ужо сядзеў бліз кабінета старшыні і абдумваў, як павесці сябе. Трэба каб і не нагрубіць, але і быць хлопчыкам для біцця так­сама не варта. Трэба выбраць нешта сярэдняе.