Па яго змардаваным выглядзе і калючых вачах старшыня зразумеў, што будзе выбух. Таму, не даючы хлопцу апамятацца, спрактыкаваны чыноўнік адразу агламошыў:
— Дык вам жа выдзелілі двухпакаёвую кватэру ў новым доме. І цяпер што не так?
— Якая двухпакаёўка, які новы дом? Тое, што вы мне прапанавалі паглядзець учора, вартае курам на смех. У мяне бацькі ў магіле перавярнуліся б, каб убачылі гэтае жыллё. А яны ж паклалі галовы ў вайну і за будучыню сваіх дзяцей. Жончын бацька, афіцэр, таксама загінуў на фронце.
— Я ж вам кажу, што вашаму часопісу выдзелена двухпакаёўка. Месца — у цэнтры горада. Недзе праз месяц-паўтара будзе засяленне. Так што з вамі пытанне вырашана.
Вадзім не верыў сваім вушам. Яму — двухпакаёвая раскоша ў цэнтры горада?! Памчаўся на работу, а адтуль падняўся на чацвёрты паверх, дзе месцілася рэдакцыя часопіса. Вядома ж, перш-наперш пастукаўся ў кабінет галоўнага рэдактара.
Той, павітаўшыся, спытаў, як працуецца на новым месцы, ці не ўздумаў вярнуцца назад.
— Пакуль не позна, — сказаў галоўны, — можам узяць. Бо прэтэндэнты ўжо ёсць, і не адзін. Месца не такое ўжо і благое для таго, хто піша. І перспектыва ёсць. «Зубы загаворвае, — падумаў Вадзім. — Ведае ж, відаць, чаго прыйшоў».
— Я толькі што з гарвыканкама, — сказаў Вадзім. — Там сказалі, што мне выдзелена жыллё. Я хачу засведчыць, што я яго дамогся, і яно маё.
Рэдактар адкінуўся на спінку крэсла і гучна засмяяўся.
— Наіўны ты чалавек, Гурко, — сказаў пасля кароткай паўзы. — Во, пакажу табе паперку, што двухпакаёвая кватэра па нашай просьбе выдзяляецца рэдакцыі часопіса. І там ні слова не сказана, што гэта табе. Гэта, па-першае. Па-другое, ты ўжо не наш супрацоўнік, а чужому я аніяк не маю права аддаць. Па-трэцяе, і самае галоўнае, мы выдзелілі гэтую кватэру нашаму загадчыку рэдакцыі, які мае патрэбу ў паляпшэнні жылля. Вось, браток, аргументы, супраць якіх не пойдзеш.
Пракаўтнуўшы горкі камяк, Вадзім пакінуў кабінет. Слёзы засцілі яму вочы, было цяжка дыхаць. Каб ніхто са знаёмых не бачыў яго ў такім стане, выйшаў на вуліцу і падаўся ў бок парку. Тугі перадвясенні вецер забіраўся пад крыссе палітона, студзіў спіну, але ён нічога не чуў і не бачыў перад сабой.
У адным месцы, калі пераходзіў праспект, яго ледзьве не збіла машына. Збялелы, бы палатно, шафёр выскачыў з кабіны, вызверыўся не па-людску:
— Т-т-ты, гаўнюк, куды прэш? Бельмы засляпіла, ці што? Жыць надаела? А мне з-за цябе ў турму? «Якая турма? Што ён пляце?» — падумаў ён, ступіўшы на тратуар. Звярнуў направа, у вароты велізарнейшых памераў, за якімі раскінуўся парк. Вецер гудзеў у вершалінах дрэў, абрываў і ламаў сухія галіны, якія з трэскам падалі долу. У парку, дзякаваць богу, нікога не было, і гэта яго задавальняла. На чыстай ад снегу лаўцы прысеў, абдумваючы сваё становішча. Пошум дрэў і гаючае паветра прывялі яго ў нейкую раўнавагу. Прыйшоў да высновы, што трэба зноў стукацца ў старшынёвы дзверы. Атрымалася ж вельмі пагана. Каб ён яшчэ месяцы тры затрымаўся ў часопісе, то напэўна ж кватэра, калі не гэта, новая, то вызваленая іхнім загадчыкам рэдакцыі дасталася б яму. А цяпер — шышы. Трэба ўсё пачынаць нанава. А ці хопіць у яго сіл? Не, дзеля жонкі, дзеля дачушкі ён пойдзе на ўсё, але даможацца свайго. Жыццё вучыла яго пераадольваць тое, што многім было не па сіле.
Ён хацеў ужо ісці, ды як не пад ногі скокнула аднекуль вавёрачка, за ёй другая. Вадзім працягнуў руку, але, убачыўшы, што яна пустая і пажывіцца тут не выпадзе, абодва звяркі скокнулі на сасну і закружыліся па кроне ў нейкай сваёй гульні. «Во каму жывецца бесклапотна, — падумаў пра рыжых шэльмаў. — Ні пра жыллё, ні пра адзенне не трэба дбаць. Дупляністых дрэў хапае. Звіў сабе гняздзечка і радуйся, гадуй дзетак. А корм — корм заўсёды знойдзецца».
Да пачатку другой змены было яшчэ чатыры гадзіны, і Вадзім вырашыў схадзіць да сябе, зрабіць што папалуднаваць і хоць трохі перакархнуць. Інакш ён не зможа працаваць. А пасля — зноў пойдзе займаць чаргу на прыём да старшыні.
4
Наваселле, як ні цяжка было, рашыў усё ж справіць па-людску. Акрамя супрацоўнікаў газеты, Вадзім рашыў запрасіць і Рыгора з Палінай. Сваіх — Верку і Юзіка, Колю з Лількай, цешчу — ён лічыў само сабой зразумелым іх прысутнасць за стал ом. За тыдні два да наваселля ён з’ездзіў у Галаброды, падзяліўся навіной са сваімі роднымі. Расказаў, колькі поту і слёз каштаваў яму гэты пакой, дзе ёсць усе выгоды, халодная, а калі пагрэць дрывамі, то і гарачая вада. Плюхайся ў ванне колькі душы заўгодна. Ну, само сабой зразумела, туалет, кухня з плітой, хай сабе і на цвёрдым паліве, але ж можна што хочаш прыгатаваць. А самае галоўнае — цёпла, праўда, мо трохі цемнаваты пакой, бо на першым паверсе. Другі, меншы пакойчык выдзелілі жонцы рэабілітаванага пасмяротна пісьменніка Міхася Зарэцкага, творы якога доўгі час былі пад забаронай. Зараз, калі іх выдалі ці дазволілі карыстацца тымі, што выходзілі яшчэ да вайны, многія зачытваліся і здзіўляліся, за што такі магутны талент растапталі нелюдзі з усемагутнага ведамства. Ды каб жа адзін пісьменнік атрымаў пакаранне. Саслалі на катаргу з сям’ёй, маленькімі дачкой і сынам. Як Марыя Іванаўна выжыла з дзецьмі, яна доўгі час не магла нават гаварыць.