Выбрать главу

У Юзіка з Веркай Вадзім не мог доўга гасцяваць, бо і з работы не адпрасіўся, і трэба было рыхтавацца да ўрачыстасці. Папрасіў адно швагра, каб выгнаў сваёй славутай самагонкі са збожжа. Спіртное было найпершым клопатам. Цешча абяцала што-колечы са свініны падкінуць. Астатняе — вары, смаж. Умовы цяпер дазваляюць. Юзік абяцаў прывезці літраў дзесяць свайго, як ён казаў, «чэмергесу». Палічылі, што гэтага хопіць.

— Толькі, — пачухаў патыліцу швагер, — як давезці? У бутэльках, то ў мяне няма гэтулькі посуду. Дый праверыць могуць. Цяпер жа вельмі строга.

Падказала выйсце Верка:

— А мы нальём у грэлкі. У мяне дзве ё. Яшчэ тры пазычу. Абвяжашся кругом цела. Во будуць грэць.

Усе засмяяліся, але ідэя гэта прыйшлася даспадобы.

Яшчэ за суткі да прызначанага дня Люся не выходзіла з кухні. Пакарміўшы дачку і паклаўшы яе спаць, абдумвала, як размясціць гасцей, падлічвала відэльцы, нажы, посуд. Усяго гэтага вельмі не хапала, яна ламала галаву, дзе ўсё дастаць. Купіць — дорага, пазычыць, то яна нікога тут не ведае. Добра ж, калі Марыя Іванаўна пад’едзе з вёскі пад Мінскам, дзе прыдбала невялічкую хатку, і выручыць. На ўсякі выпадак папрасіла мужа даць тэлеграму маці, а тая ўжо ў дошку разаб’ецца, а знойдзе патрэбнае.

У прызначаны дзень Люся на керагазе пякла, смажыла, а Вадзім майстраваў доўгі стол, пры ім — лаўкі. Дошак ноччу нацягаў з недалёкай адсюль будоўлі. Першай прыехала цешча, прывезла цэлую карзіну правіянту: падсолены і падсушаны свіны кумпяк, ужо звараных буракоў, з якіх зробяць вінегрэт, у місах — квашаная капуста і салёныя гуркі, у слоічку — цёрты на тарцы хрэн. У дадатак да ўсяго вылажыла на стол цэлы стосік відэльцаў і некалькі самаробных нажоў. Перш-наперш кінулася да ўнучачкі, але, паколькі тая яшчэ соладка спала, пачала памагаць дачцэ. Усё не магла нарадавацца пакоем, на чым свет хваліла зяця, што той дамогся такой раскошы.

Хваляваліся за Юзіка (Верка адразу сказала, што прыехаць не можа з-за малой). Час падпіраў, а яго ўсё не было і не было. Вадзім тады, як быў у Галабродах, падрабязна расказаў, якім транспартам да яго ехаць. Назваў прыпынак, нумар дома і кватэры. Цяпер браў одум: хаця б не заблудзіўся. Не будучы ў Мінску, у гэтым людскім мурашніку не цяжка разгубіцца, паехаць не ў той бок. Ён ужо дакараў сябе, што не сустрэў швагра на вакзале.

Вадзім выйшаў на прыпынак аўтобуса, які быў акурат насупраць іхняга дома. Чакаў, хвалюючыся, доўга, пакуль не паклікала яго Люся.

— Ідзі дамоў. Юзік ужо тут. Як гэта вы размінуліся?

Ужо ў кватэры высветлілася, што швагер не дачуў назвы прыпынку і праехаў далей цэлы квартал. Давялося, прыглядваючыся да нумарацыі дамоў, ісці назад, шукаць патрэбны. Спіртное Юзік прывёз, як і дамаўляліся, у грэлках. Зараз трэба знайсці чыстыя бутэлькі і хоць з адной грэлкі разліць у іх, паставіць на стол.

Рыгор з Палінай, якія з’явіліся неўзабаве, прынеслі з сабой каньяк, шампанскае, тры кольцы кракаўскай каўбасы. А Люсі і яе маці — па каробцы цукерак. А яшчэ яны купілі ў якасці падарунка набор пасцельнай бялізны. Паліна, як змеціў Вадзім, пакруглела ў таліі — відаць, да родаў таксама засталося нядоўга.

— Віншую, — шапнуў сябру Вадзім, калі яны засталіся на хвіліну ўдвух.

— З чым? — той выказаў непадробнае здзіўленне. — Гэта ж цябе мы віншуем.

— Не прытварайся. Думаеш, я сляпы, не бачу. Хутка і ў цябе будзе папаўненне ў сям’і.

Падышла Паліна, пацікавілася, як працуецца, як гадуецца дачушка.

— А во, пайдзі паглядзі. Там, пры акне, яе калыска. Нешта дужа моцна спіць у новай хаце.

Паліна, а за ёю Рыгор на дыбачках падышлі да калыскі, залюбаваліся малой, якая пачала ўжо цмокаць роцікам, відаць, абуджаючыся і чакаючы яды. Вадзім паклікаў жонку, а яны ўтраіх выйшлі на пляцоўку, каб не церціся пад нагамі, заадно падзяліцца навінамі. Але ім не далі пагаварыць. Пад’ехаў да саменькага пад’езда аўтобусік, і з яго пачалі вывальвацца, як змеціў праз шкляныя дзверы Вадзім, яго саслужыўцы. Ажно дзевяць чалавек. З аўтобусіка яны цягнулі штось цяжкае, здэцца, канапу. Вадзім, не марудзячы, падбег, паздароўкаўся і памкнуўся памагчы. Але яго адхілілі, смеючыся, сказалі, што ён яшчэ слабак для такога цяжару. Абнову ўносілі чатыры чалавекі. Вадзім адно расчыняў і трымаў дзверы. Канапу паставілі ў прыхожай — акурат пры сценцы ёй было добрае месца. Пагаманіўшы, а хто і пакурыўшы на лесвічнай пляцоўцы, селі за доўгі стол, якога акурат хапіла для ўсіх.