Выбрать главу

Першы з тостам падняўся намеснік галоўнага рэдактара Сыркоў Валерый Мікалаевіч.

— Сябры, — сказаў ён, звяртаючыся да ўсіх прысутных. — Сёння ў нашага супрацоўніка і яго найчароўнай палавіны надзвычай радасны дзень — яны святкуюць наваселле. Кожны з нас перажыў гэтую падзею і ведае, што гэта такое — займець свой куток, дзе ёсць месца прыхіліць галаву, пазбыцца жыццёвых нягод, зведаць асалоду сямейнага ачага. Мы добра ведаем, якой цаной далося Вадзіму Гурко гэтае жыллё. Колькі начэй ён не спаў, стаяў у чэргах да чынавенства, адваёўваючы сваё права на шчасце. І ён дамогся свайго. Нягоды не зламалі гэтага здольнага чалавека. Ад імя ўсяго калектыву рэдакцыі, у тым ліку і галоўнага рэдактара, віншуем сям’ю Гурко з наваселлем і зычым ім дабра і яшчэ папаўнення. Са свайго боку наш падарунак вы бачылі, а ў дадатак рэдактар прасіў перадаць вось гэты канверт, змесціва якога хоць трохі кампенсуе выдаткі сям’і на такі багаты стол. «Ну і гаварун, — аж няёмка стала Вадзіму. — Можна падумаць, што я там шышка важная. А што перажыў, то чыстая праўда». Выпілі, закусілі. Да гарэлкі самаробнай спачатку паставіліся з недаверам, а як паспрабавалі, то не схацелі нават каньяку. Спыталі, чыя гарэлка, і тут ужо настала чарга Юзіку пахваліцца сваім умельствам. Яму нават пасыпаліся заказы, а швагер сказаў, што зараз няма ні жыта, ні мукі. А як будзе, то абавязкова зробіць, за ім справа не стане.

Гарэлка так прыйшлася даспадобы, што Вадзім пачаў перажываць, хаця б хапіла. Праўда, у выніку няхваткі блізка магазін і яму нядоўга падскочыць і купіць яшчэ колькі бутэлек. Пра закусь ні ён, ні Люся не турбаваліся — у талеркі было яшчэ што пакласці.

Калі зрабілі перапынак на перакур і ўсе выйшлі на пляцоўку, Люся шапнула Вадзіму:

— Ну і выпівохі там у вас. Добра, што Юзік яшчэ адну грэлку прывёз, але пакуль што не паказваў. Трэба ў пустыя бутэлькі разліць. Хай п’юць, думаю, усе будуць давольныя.

Гулі да позняга вечара. Юзік, праўда, паехаў рана. Вадзім праводзіў яго да аўтобуса, падзякаваў за ўсё. Яшчэ да гэтага пайшлі Рыгор з Палінай, бо Паліне штось не здаровілася. Вольга Іванаўна таксама была засабіралася ехаць дадому, але Люся напрамілы бог угаварыла яе застацца нанач.

— Во, новую канапу асвоіце, — казала яна маці. Рэдакцыйныя ўсё яшчэ пілі, спявалі песні, расказвалі анекдоты. Вадзім, акрамя як праводзіць Юзіка, не адлучаўся ад іх ні на хвіліну. Трэба ж было падтрымліваць кампанію, сачыць, каму чаго не стае. Маленькая Ірынка нікому не перашкаджала. Надвячоркам Люся як пакарміла яе, то і спала на кухні, не прачынаючыся.

Нарэшце, добра пабаляваўшы, усталі з-за стала і астатнія, пачалі збірацца дадому. Калі кватэра апусцела, Люся села на канапу, не ў сілах больш пашавяліцца.

— Пасядзі, дачушка, а то і падрамі, — паспачувала ёй цешча. — А мы з Вадзімам прымем посуд, памыем. Не, я адна памыю, а ён хай разбірае сталы, выносіць на сметнік дошкі.

Кешкаліся яшчэ гадзіны дзве, покуль прывялі ўсё ў парадак. Гэту ноч спалі як забітыя.

5

Хоць жыццё ўвайшло ў нейкую норму, аднак яно ані не задавальняла Вадзіма. Трэба было пісаць, а часу на творчасць не хапала. Пасля другой змены, якая часам зацягвалася да раніцы, было ўжо не да свайго. Прымасціўшыся на ложку побач з жонкай, ён адразу засынаў, не чуў нават, як плакала дзіця, калі Люся ўставала да малой, калі рыхтавала для абаіх сняданак і абед. Толькі пасля дванаццаці ўставаў вялы і разбіты, акурат цягаў мяшкі з пяском. Еў таксама з неахвотай. Усё больш шкадаваў, што пакінуў часопіс, дзе часу вольнага было хоць адбаўляй. Каб жа ведаў ён тады, як будзе з кватэрай, то нізавошта не звольніўся б. Яно можна і тут, у газеце, працаваць, але рэдактар, горкі п’яніца і бабнік, якіх свет не бачыў, трымаў увесь сакратарыят без спра­вы, пакуль сам не паедзе. Да яго позна ўвечары заходзілі нейкія людзі, замыкаўся ў кабінеце, і што яны там рабілі, аднаму чорту вядома. Не саромеўся ён і сваіх машыністак выклікаць да сябе. Гэта было ненармальна, выклікала ціхае абурэнне. Паспрабаваў быў пагаварыць з шэфам Віктар Максімавіч. Усё ж адказны сакратар, і настрой сваіх падначаленых быў для яго не абыякавы. Аднак праз тыдзень загадам галоўнага ён быў пераведзены ў радавыя літсупрацоўнікі. Вось тады і надумаў Вадзім шукаць іншую працу.