Выбрать главу

З гэтымі довадамі Вадзім пагадзіўся. Плёнку не чапаў, даў начальству. Перапісаў да сябе ў блакнот толькі тыя мясціны, якія падыдуць для перадачы. Аднак і гэтай перадачы не далі ў эфір, хоць, здаецца, нічога крамольнага Вадзім там не пакінуў. Камандзіровачныя яму аплацілі, але не яны былі яго галоўным клопатам. Баяўся, што па сур’ёзнай справе яго нікуды больш не пашлюць. А тым часам і цешча падкінула яму клопату. Працуючы ў садова-агароднай брыгадзе, прадаючы час ад часу ў наймаемым у Радаве ларку памідоры, агуркі, пасля моркву, бульбу, яна шмат кантачыла з людзьмі, ведала ўсе парадкі ў калгасе, ці, лепш сказаць, беспарадкі. Асабліва абуралі паводзіны яго старшыні Петракова. Жывучы ў Мінску, маючы там шыкоўную трохпакаёвую кватэру, у вёску ён наязджаў як гастралёр і стала асталёўвацца тут не думаў. Праўда, дом з часанага дрэва, пад жалезным дахам выбудаваў чужымі і бясплатнымі рукамі як ляльку. Там жыла ягоная палюбоўніца і там часта ён наладжваў п’яныя оргіі, да якіх мелі дачыненне і князькі з раённага начальства. Да дома, размешчанага наводшыбе, на краі вялізнага саду, часта падкатвалі на машынах вясёлыя кампаніі. Усё было б цярпіма, каб рабілася нешта добрае для людзей. А то ж — поўны завал па ўсіх паказчыках як у раслінаводстве, так і на фермах. На працадзень атрымлівалі мізэр, таму і шчыраваць, ірваць жылы ніхто надта не хацеў. Брыгадзіры падбіраліся па прынцыпе адданасці кіраўніку гаспадаркі, і тыя таксама не прачыхаліся ад гарэлкі. Коля неаднойчы таксама прасіў Вадзіма вывесці на чыстую ваду п’янтосаў і зладзеяў, для якіх сорам і сумленне — пусты гук. І пачынаць трэба з галавы. Вадзім слухаў, спачуваў, аднак, заняты сваімі праблемамі, найперш з жыллём, усё адкладваў напісанне такога крытычнага матэрыялу. Цяпер жа, калі жыццё больш-менш усталявалася, а парадкі ў калгасе яшчэ больш пагоршыліся, ён вырашыў: годзе! Які з яго журналіст, калі не можа ўмяшацца і праз друк даць дыхту зладзеям і п’яніцам на чале з Петраковым. Толькі ж куды лепш такі матэрыял даць? Напісаць, ды каб востра, у форме фельетона, каб з нягоднікаў нават пух пасыпаўся. Такі матэрыял сама лепш падышоў бы для сатырычнага часопіса.

Вадзім яшчэ раз з’ездзіў у Жорнаўку (акурат быў выхадны дзень), у Колі і Лількі ўдакладніў некаторыя прозвішчы, тады яшчэ пагутарыў з цешчай і, вярнуўшыся ў Мінск, сеў за стол. Фельетонная манера пісьма яго захапляла. І калі матэрыял ажно на пяць машынапісных старонак быў гатовы, панёс яго да Генадзя Каўко, папрасіў адразу, у яго прысутнасці, пачытаць. Каўко не стаў марудзіць. Ён штось алоўкам падкрэсліваў, цмокаў губамі, ківаў галавой. Калі скончыў, сказаў безапеляцыйна:

— Фельетон добры, напісаны на ўзроўні, але ж. Баюся, што галоўны яго не прапусціць. Надта ж глыбока ты арэш, робіш шматзначныя высновы. Пасля такіх публікацый сама сабой напрошваецца думка распусціць к чорту ўсе калгасы, а зямлю падзяліць, аддаць сялянам. Хай поркаюцца на ёй самі, наводзяць свае парадкі. О, па галоўцы нас не пагладзяць за такія настроі. Карацей, пакінь фельетон, а другі экзэмпляр, а можа, наадварот, пакінь нам другі, а першы аддай у прыёмную ЦК. Там жа з сельскай газеты былы адказны сакратар, як яго?.. Віктар Максімавіч у першага сакратара за памочніка.

— Во як!? — давольны за гэтага чалавека, радасна ўсклікнуў Вадзім. — Высока ўзляцеў. Але ён заслугоўвае таго.

— Дык вось, — гнуў сваё Генадзь, — рыхтуецца пленум па рабоце з кадрамі, то Віктар Максімавіч збірае і аналізуе факты разгільдзяйства з боку кіраўнічых органаў на месцах. Яму і адрасуй гэты матэрыял. Думаю, што ён скарыстае.

Акрамя сваёй новай гумарэскі, Вадзім не стаў рызыкаваць і фельетона не пакінуў. А на другі дзень поштай выслаў першы экзэмпляр на імя Віктара Максімавіча, не ведаючы, якая праз два тыдні заварыцца каша.

А заварыцца яна крута. Аднойчы, зайшоўшы ў абед у рэдакцыю, ён уключыў радыё і пачаў слухаць выступленне першага сакратара ЦК, якое трансліравалі ў прамым эфіры. Сярод фактаў заганнай работы з кадрамі ўзгадваўся Радаўскі райкам КПБ. Больш таго, першы працытаваў амаль дзве старонкі з фельетона Вадзіма Гурко, назваўшы і ягонае прозвішча. Слухаў Вадзім стаіўшы дыханне. Ён уяўляў, якая заварушка пачнецца ў Радаве, як стануць абельваць сябе тыя, каго тычылася гэтая крытыка, і, наадварот, чарніць «пісаку», які вынес смецце з іхняе хаты. Падумаў пра Колю і цешчу. Хаця б на іх не адыграліся, не зрабілі якую подласць. Коля, праўда, працуючы на льнозаводзе, пляваць хацеў на Петракова і яго хеўру, а вось у цешчы, калі дазнаюцца, чыя яна цешча, могуць быць непрыемнасці. Зграя, абараняючыся, можа пайсці на любую подласць. Трэба, відаць, папярэдзіць Вольгу Іванаўну, каб асцерагалася, была акуратная з выручкай за садавіну і агародніну, каб позна нікуды не выходзіла з хаты. Люся таксама непакоілася за маці. Вадзім зноў з’ездзіў да яе, пацікавіўся навінамі і перадаў свой і даччын неспакой. Аднак цешча трымалася малайцом. Наадварот, яна ўсім хвалілася, які ў яе разумны зяць, што нават самы вялікі ў Мінску начальнік паслухаў яго, даў дыхту Петракову і яшчэ розным там гарлахватам, якія толькі і ведаюць, што піць, разбазарваць не сваё дабро ды гуляць. Нават калі, прыдраўшыся да нейкай дробязі, яе пазбавілі ларка, цешча не засмуцілася, трымалася ваяўніча.