Аднойчы, калі быў усесаюзны Дзень рэспублікі і па маскоўскім радыё гучалі беларускія песні, выступалі лепшыя харавыя калектывы, а ў эфіры не-не дый гучала беларуская мова, водгукаў з усіх куткоў вялізнай краіны прыйшло безліч. Беларусы, раскіданыя па ўсім свеце і ссумаваўшыся па радзіме, ахвотна раскрывалі свае сэрцы, прасілі паболей такіх перадач, дзе гучалі б песні на роднай мове, такія шчымліва-сумныя, як і само жыццё. І поўныя любові і пяшчоты да сваёй зямлі, Бацькаўшчыны, да магіл продкаў. Здзіўляла, а то і абурала тое, што са сваёй рэспублікі такіх водгукаў былі адзінкі. Якім жа трэба быць зашораным і затурканым, каб не шанаваць свайго роднага-кроўнага, здымаць шапку перад чужым, хоць сваё не горшае, а ў некаторых выпадках і шмат лепшае. Давялося ўсёй рэдакцыі пісьмаў папацець, каб даць аўтарам іх годныя адказы. А па некаторых зрабіць абагульняючыя перадачы. Гэта стаміла Вадзіма, тым больш што ад начальства ніякай падзякі, быццам і не было такой падзеі. Вось чаму ён і падумваў перайсці калі ўжо не ў часопіс, то наогул на вольны хлеб, пакуль будзе працаваць над вялікім творам. Яно, вядома, рэзка абмяжуе яго ў сродках, але ж нечым ахвяраваць трэба.
Вырашыў у выхадны дзень з’ездзіць у Жорнаўку, пагаварыць з жонкай. На папярэджанне цешчы, каб на радзіне нейкі час не з’яўляўся, ён махнуў рукой: ат, хай не палохаюць. Калі ўсяго будзеш баяцца, то і жыць на свеце не варта. Трэба было яшчэ пабачыць Колю. Той даўно намякаў, што трэба паправіць горбікі на магілах бацькоў, мо нават, купіўшы цэменту, выліць карытцы, зрабіць агародку. Вадзім ушчуваў сябе, што так рэдка наведваўся на могілкі, першы не выказаўся, каб што там памяняць.
Першая сустрэла яго Ірынка ў кароценькай сукеначцы ў зялёны гарошак, загарэлая, яна кешкалася ў пяску ля лаўкі, пякла з яго аладкі. Яшчэ здаля пазнала бацьку і, падхапіўшыся, раскінуўшы шырока рукі, памчалася насустрач.
— Татка, татка пліехаў! — радасна крычала яна як не на ўсю вуліцу. Ён нагнуўся, і дачушка моцна ашчаперыла яго шыю, прытулілася шчакой да яго шчакі. Люся і цешча былі ў спальні і, занятыя сваім, не заўважылі, як яны зайшлі.
— Татка пліехаў! — першая кінулася ў спальню малая, але, зачапіўшыся за парожак, упала, выцялася галоўкай.
Вадзім падхапіў дачушку, пацалаваў, пахукаў і выняў з партфеля вялікую ляльку, а заадно і шакаладку «Алёнка». Малая адразу ж забылася на боль, заскакала па ўсёй хаце.
Люся, калі Вольга Іванаўна выйшла на кухню, прыгарнулася да мужа.
— Як жа добра, што ты прыехаў! А мы тут ссумаваліся. Коля таксама ўжо пытаўся пра цябе.
Вадзіму карцела сказаць пра сваю задуму аб вольным хлебе, але вырашыў пакуль што ўстрымацца. Вядома, жонка была б радая кожную хвіліну бачыць яго побач, але ж скуль браць грошы на такую вольніцу. Спадзявацца на выпадковыя заробкі? За іх не пражывеш. Халасцяку яшчэ куды не ішло, можна было б выкручвацца. А калі ў цябе сям’я, ды яшчэ чакаецца папаўненне ў ёй, гэта зусім іншы каленкор. Не, трэба ўсё ж цярпець, а калі няўцерп, то шукаць іншае месца.
— Як там наша суседка? — папытала жонка. — Бачыла яе ў сне, быццам яна сварылася з табой, а пасля, зачыніўшыся на кухні, доўга плакала.
— Мала бачу яе, — сказаў Вадзім. — Нейкая яна вельмі скрытная.
Вольга Іванаўна паклікала абедаць.
— Ты, відаць, і не снедаў сёння. Як харчуешся без мяне? — турбавалася жонка. — Нейкі ты зблажэлы і пахудзеў.
— Былі б скура ды косці, а мяса нарасце, — засмяяўся Вадзім. — Зблажэлы, кажаш? Ведаеш, калі прабудзеш у памяшканні дванаццаць гадзін, ды без паветра, то не толькі зблажэеш, але і прытомнасць страціш. Асабліва гэтыя апошнія паўмесяца. Вядома, столькі пісьмаў. Завалілі з ног да галавы.
Ён і сапраўды прагаладаўся як воўк. Боршч з маладых бурачкоў са сваёй грады, запраўлены смажаным салам, высербаў да донца, нават аблізаў лыжку. На другое была таўканіца з салёным агурком. Цешча пакуль што не хацела абедаць, пайшла ў агарод. А Люся, салідарная з ёй, падпёршы шчаку рукой, глядзела на мужа і, здэцца, ажно свяцілася ад шчасця.
— Нам без цябе сумна. Асабліва ноччу. Лэпаю па пасцелі, шукаючы тваю руку. Не ведаю, ці доўга я так вытрываю, не бачачы цябе кожны дзень. Бедная мая мамачка! Здзіўляюся, як яна, застаўшыся такой маладой і прыгожай, жыла і жыве адна. І ўсё дзеля нас, дзяцей. Ці магла б я так?
Прыбегла з вуліцы Ірынка, палезла на калені да бацькі.
— Крывіначка мая харошая, — прыціснуў ён да сябе дачушку. — Радасць наша з мамай. А ты хацела б мець браціка? Ну, які б цябе заўсёды абараняў ад сабак, ад тых, хто мог бы цябе пакрыўдзіць.