Выбрать главу

— Хацю, — радасна ўсклікнула Ірынка. — Хацю баціка.

— Ну, навошта ж ты ёй загадзя ў вушы ўводзіш? — упікнула Люся. — А раптам будзе сястрычка?

Вадзім абняў жонку.

— Скажы, Ірышка, што і сястрычка будзе не горш.

Малая зноў выбегла на вуліцу, а Вадзім, глянуўшы на гадзіннік, пачаў збірацца да Колі.

— Ты ж, можа, не забавішся?

— Не ведаю, як атрымаецца. Сходзім на могілкі, паглядзім, што там.

— Можа, і нам з дачушкай падысці? — папытала Люся. — Хай ведае, дзе яе бабуля і дзядуля пахаваны, а таксама дзядзька.

Вадзім, аднак, адгаварыў іх.

— Іншым разам, калі прывядзём усё ў парадак. Там жа, можа, і зеллем усё пазарастала.

— Зелле я парву, — прапанавала жонка. — Мне гэта не цяжка. А вось з агароджай падумайце. Тут у мамы за хлеўчыкам ёсць трубы. То каб хто вымераў і зварыў, было б добра.

— А чаго? Гэта ідэя, — усклікнуў Вадзім. — Зараз схаджу і прыкіну.

Яны выйшлі разам. Трубы сапраўды аказаліся самы раз для агародкі. І Вадзім паспяшаўся да Колі, каб дамовіцца, як іх забраць і каго папрасіць, каб зварыў па размеры. Аднак ні брата, ні Лількі дома не аказалася. Трохі пасядзеўшы на вулічнай лаўцы бліз ліпы, ён хацеў пайсці, аднак нейкая неадольная сіла змусіла затрымацца. Чамусьці ні з таго ні з сяго прыгадалася дзяцінства, гэтая хата, недалёкі адсюль лог, дзе пасвілі коней, свіней і авечак, а ў маленькім раўчуку відэльцам, прывязаным да палкі, падпільноўвалі і наколвалі на яго сліжоў. Усе дзіцячыя забавы праходзілі ў логу. Тут у вайну і пасля яе сядзелі на кучах мін, нешта вывінчвалі, ніколькі не думаючы аб небяспецы. Некаторыя з цяжкіх снарадаў цягнулі да ўскрайку лесу і, расклаўшы вогнішча, кідалі ў жар, а самі адбягаліся як мага далей, каб, калі ўзарвецца, не дастала асколкам. Гэтыя выбухі чулі дарослыя. Але ніякія вокрыкі, ніякія папярэджанні не маглі спыніць небяспечных забаў. Божа, як яны выжылі і засталіся цэлыя! Сёння пра такое падумаць і то дрыжыкі працінаюць усё цела. А гульня на вуліцы ў пікара ці свінку, альбо ў хованкі, — усё гэта ўспамінаецца з ціхім смуткам, як даўно адышоўшае і незваротнае.

Вадзіму чамусьці захацелася зноў праз недалёкую адсюль вулку схадзіць на лог, ужо быў падняўся, але здаля ўбачыў Колю, пачаў чакаць, пагладзіў рукой шурпатую кару ліпы, дзе дружна шчыравалі пчолы, і адчуў такую палёгку, якой даўно не ведаў. Коля абрадаваўся, убачыўшы брата.

— Даўно чакаеш? — папытаў, паціскаючы Вадзіму руку. — А я з могілак. Аглядалі магілы бацькоў і брата. Лілька яшчэ там засталася. Вырвала ўсю траву, а я вярнуўся, каб узяць сякеру. Гэта ж нарасло хмызу, і без сякеры з ім не справіцца.

— Во, і мы сёння з Люсяй гаварылі пра гэта. Я і прыехаў, каб нешта зрабіць.

— Агароджу трэба, — пачухаў патыліцу Коля. — А то стопчуць, зруйнуюць, што будзе не пазнаць, дзе хто пахаваны. Туды ж і жывёла заходзіць. Ведама, плоту няма. І што сельсавет сабе думае?

— Там такія ж нядбайныя, як і мы з табой. Да гэтага часу не ўпарадкавалі магілы родных. Няма нам апраўдання. А з агародкай можам вырашыць. Знайсці б толькі зваршчыка. Трубы ў цешчы ёсць. Па шляху назад можна забегчы, Люся пакажа.

На могілках корпаліся як не да вечара. Коля з Лількай, калі скончылі на сёння работу, клікалі да сябе, каб павячэраць і з нагоды сустрэчы ўзяць па чарцы. Аднак Вадзім, спаслаўшыся, што яму вечарам трэба ехаць, бо тое-сёе дапісаць патрэбнае для работы, рашуча адмовіўся.

— Іншым разам, — сказаў, развітваючыся. — У наступны выхадны прыеду.

Яму і праўда трэба было зрабіць адну перадачу. Але не сёння. Гэты вечар і ноч ён, ні аб чым не дбаючы, правядзе з сям’ёй.

8

У дзіцячым часопісе, куды яму дапамог уладкавацца Рыгор, які добра сябраваў з рэдактарам, Вадзіму падабалася найперш тое, што не трэба было прыходзіць з саменькага ранку. Вядома, у тоўстым літаратурным часопісе яшчэ вальготней жылося яго работнікам, але ж у параўнанні з радыёкамітэтам — і гэтая вольніца была б марай кожнага журналіста. Літаратурны аддзел узначальваў стары дзіцячы пісьменнік Васіль Шукевіч, які нядаўна папрасіўся на пенсію, бо ўжо адмаўлялі пакалечаныя ў вайну ногі. Больш за тры месяцы галоўны трымаў месца для блізкіх яму людзей. Але ніхто пакуль не адгукнуўся на яго прапанову. Рыгор дазнаўся пра вакансію і настаяў узяць Гурко. Сказаў, што той піша прозу і ў паэзіі разбіраецца, бо і сам яшчэ нядаўна друкаваў вершы. Галоўны чуў прозвішча Гурко, але асабіста не быў знаёмы. Яны сустрэліся ў рэдакцыі, абмеркавалі ўмовы, і Вадзім, адпрацаваўшы належныя дні на радыё, прыйшоў на новую працу.