Вестку пра канфлікт з рэдактарам часопіса Люся ўспрыняла хваравіта, нават пачала ўпікаць, што ён, мусіць, пагарачыўся, што дзеля сям’і можна было б і цярпець. А гэтая работа — выступленне з лекцыямі — нейкая няпэўная. Сёння яна ёсць, а заўтра — няма. Частыя адлучкі з дому яе таксама не здавальнялі.
— Не ў радасць будуць тыя грошы, якія заробіш, — казала яна. — Мне трэба, каб ты кожны вечар быў побачкі, каб маглі разам схадзіць у магазін, а выпадзе з кім пакінуць дзіця, то і ў кіно. Хутка ж я саўсім нікуды не змагу адлучыцца, як народзіцца маленькі.
— А ты ўпэўнена, што маленькі, а не маленькая? — Вадзім пачуваў сябе як бы трохі вінаватым, туліў жонку да сябе, угаворваў, што лекцыі — гэта часова, што як падвернецца добрая праца, ён, не задумваючыся, пойдзе, толькі б яна не хвалявалася.
Люся трохі адтаяла. А калі ён пачытаў на памяць абедзве лекцыі, усклікнула:
— Дык ты ж у мяне прафесар! Дарэмна я цябе ўшчувала. Слухаць будуць, раты разявіўшы.
За дзесяць дзён бесклапотнага жыцця ды яшчэ на свежым паветры ён пакруглеў і пасвяжэў. Праўда, два з іх, у суботу і нядзелю, Вадзім працаваў з Колем на могілках. Агародку брат у некага зварыў, на калясцы прывезлі да горбікаў з драўлянымі крыжамі ў галовах, пачалі закопваць у зямлю, а краі абмотваць дротам. Атрымалася зусім нядрэнна. Заставалася толькі пафарбаваць. А яшчэ большую работу — выліць з цэменту тры карытцы, мо нават абкласці іх пліткай, а пасля замест крыжоў паставіць помнікі, — гэты клопат вырашылі адкласці да восені, а то і да наступнага года. На гэта патрэбны немалыя грошы, а зрабіць самім — не хапала ўмельства.
У таварыстве ведаў сустрэлі яго прыхільна і далі зялёнае святло выступленням перад любой аўдыторыяй. Рэцэнзент, нейкі прафесар, які зубы з’еў на лекцыях, адзначыў у Гурко тыя новыя станоўчыя моманты, якія адсутнічаюць у іншых лектараў — уменне весці гаворку, абапіраючыся на народныя выслоўі, выкарыстоўваючы гумар як разрадку пры напружанні. Гурко далі магчымасць выбраць раён у межах вобласці, куды мог бы ўзяць камандзіроўку хоць заўтра. Вадзім не стаў марудзіць, бо яго фінансы спявалі ўжо рамансы. Ён назваў гарадок, у якім пачынаў сваю працоўную біяграфію, дзе з Люсяй уступілі ў шлюб, яна зрабіла яго шчаслівейшым чалавекам на свеце.
— Там жа амаль што няма прадпрыемстваў, а калгасы самі ледзьве выжываюць, ім пакуль што не да лектараў. Так што падумайце.
— Я падумаў ужо, — рашуча сказаў Вадзім. — Трэба ж бываць і ў мядзведжых кутках. Я не ганюся за колькасцю выступленняў, а камандзіроўку ў любым выпадку апраўдаю.
— Ну, што ж, пахвальна, — сказаў старшыня. — Вы першы, хто выклікаўся паехаць туды.
Вадзіма вабіла гэта глушэча. Хацелася зайсці ў рэдакцыю, пагутарыць з супрацоўнікамі, нават даць ім якую гумарэску ці кароткае апавяданне. Цікава, ці выпускаецца яшчэ літаратурная старонка, якой ён аддаў шмат сіл і часу. Да гаспадыні, у якой яны з Люсяй правялі першую ноч, таксама загляне. Трэба толькі купіць ёй які памятны сувенір і, вядома, гасцінец.
І вось зноў знаёмая дарога ў гэты лясісты патрызанскі край, які паспеў палюбіць усім сэрцам. Калі абапал шашы, направа і налева, пацягнуліся ўгору гонкія меднастволыя сосны, адчуў, як радасна адгукнулася і запела на ўсё гэтае хараство душа. У гасцініцы яго пазналі, далі адзін з лепшых пакояў, у якіх, праўда, не было гарачай вады. Памыўшыся і трохі адпачыўшы з дарогі, пайшоў найперш у райвыканкам, да старшыні. У прыёмнай сядзела ўжо другая сакратарка, а на дзвярах у старшыні — шыльдачка з іншым прозвішчам.
— А дзе ж Леў Барысавіч, куды яго перамясцілі? — папытаў Вадзім.
— А вы хто будзеце? — у сваю чаргу пацікавілася дзяўчына.
— Я — былы супрацоўнік вашай райгазеты, а зараз лектар таварыства «Веды». Маё прозвішча Гурко. Прыехаў вось у камандзіроўку. Мне б пагаварыць са старшынёй наконт выступленняў.
— Таварыш Пракопчык у Мінску, будзе позна ўвечары. А намеснік яго на рабоце. Прыходзьце заўтра.
Вадзім, не вельмі засмучаны, падаўся ў рэдакцыю. Насустрач яму ішоў, пазнаў яшчэ здаля, Лявон Галкін.
— Го, якім ветрам занесла сталічную птушку ў нашу цьмутаракань? — першы, падаючы руку, усклікнуў Лявон. — Можа, зноў да нас? Тады міласці просім.