— Люся! — роспачна крыкнуў Вадзім.
На двор выйшла апранутая ў паліто наапашкі Іда Адольфаўна і, пачуўшы голас Вадзіма, супакоіла:
— З сынком вас. Усё добра. Не трэба хвалявацца. Хлопчык ужо ў кабіне.
Перахваляваўшыся, Вадзім нават не падзякаваў гэтай жанчыне, якая на
той час аказалася дома і зрабіла ўсё, што патрабуецца для парадзіхі. Вадзім хацеў зайсці ў салон, сказаць колькі ласкавых слоў жонцы, але яму забаранілі, баючыся якой інфекцыі (акурат у гэты час лютаваў грып). Машына паехала, і
Вадзім папікнуў сябе, што нават не спытаў, у якую бальніцу яе павезлі. Зноў жа выручыла Іда Адольфаўна:
— Там я запісала, — быццам адгадваючы яго думкі, сказала яна, — нумар раддома і тэлефон для даведак.
— Божа, а я ж так доўга бавіўся, — павініўся ён. — Каб не вы, то не ведаю, што і было б.
— Ваша жонка малайчына. Цярплівая, як ні адна, мусіць, жанчына. Вы яе беражыце.
Ужо на наступны дзень Вадзім памчаўся ў раддом, спадзеючыся, што яго пусцяць хаця б у калідор і пакажуць хлопчыка.
Аднак у прыёмным аддзяленні пасмяяліся з яго нецярплівасці.
— Яшчэ пабачыцеся і налюбуецеся. А зараз у нас каранцін. Так што ідзіце дадому, рыхтуйце пялёнкі, распашонкі. А з сынулем і мамай усё будзе добра, — сказала яму ў акенцы пажылая жанчына з павязкай на твары.
— А запіску можна перадаць? — папытаў ён.
— Гэта — з дарагой душой.
Вадзім сеў у крэсла, вырваў з блакнота чысты лісток, размашыста напісаў: «Люблю, сумую, цалую цябе і ў носік нашу крывінку. Трымайся. Ты — малайчына. Вадзім».
Выпісвалася яна праз паўмесяца. Дзеля такой нагоды Вадзім рашыў узяць таксі. Перад гэтым у пакоі, на кухні, у калідоры і ў ваннай усё старанна вымыў, выцер, каб нідзе не было ні пылінкі. Таксі рашыў злавіць бліз раддома, каб не плаціць лішнія рублі. Цяпер, пакуль паедзе ў камандзіроўку і заробіць, пройдзе нямала часу, не меней як месяц. Дзіця, захутанае ў ватнюю коўдрачку, ён нёс да машыны як самы дарагі скарб. Асцярожна намацаў нагамі сходцы, а ўжо на вуліцы, паколькі было слізка, ішоў як спутаны. У таксі было цёпла, і ён, трымаючы канверт на каленях, асцярожна адгарнуў коўдрачку і ўпершыню ўбачыў сынульку. Хацелася пацалаваць у носік, аднак Люся забараніла, каб не пабудзіў дзіцятка.
— Дома ўжо, дома нацешышся, — хілячыся да мужа, казала яна. — Плакса такі, што не ведаю, у каго ўдаўся.
— Не ў мяне ж, пэўна, — засмяяўся Вадзім.
У хаце было цёпла, і яны, распрануўшыся самі, расхінулі, каб часам не запарыўся, і малога. Той усё яшчэ соладка спаў, у сне цмокаў роцікам — відаць, прыспічыла ўжо есці, і Люся пачала рыхтавацца карміць дзіця грудзямі.
— У нас жа хлеба няма, — сказала, схадзіўшы на кухню. — Як ты толькі харчаваўся, бедненькі мой.
— Цяпер я ўжо багаты, — сказаў ён. — Трэба з’ездзіць па Ірынку, прывезці іх з бабуляй сюды. Яны ж яшчэ нічога не ведаюць. Во будуць радыя.
— А як мы размесцімся? — занепакоена агледзела куткі Люся. — Маме ж трэба асобная пасцель. А Ірынку куды пакласці? З калыскі яна ўжо хутка вырасце, і так ногі ў білкі ўпіраюцца. Але яна будзе для нашага сыночка.
— Мама ляжа на канапе, а для Ірынкі трэба нешта купляць новае, — сказаў Вадзім. — У мяне яшчэ трохі грошай ёсць. А заўтра ці паслязаўтра дадуць заробленае за снежань. Так што выкруцімся.
— Хіба што так, — павесялела жонка. — А маме цяпер было б добра ў цяпле пабыць. Там жа ў яе дроў, мусіць, некалькі бярэмаў засталося.
— Тым больш трэба хутчэй забіраць. Марозы ж, перадавалі па радыё, яшчэ больш узмацняцца.
Грошай гэты раз ён атрымаў менш, чым чакаў, відаць, за некаторыя лекцыі яшчэ не прыйшлі разлікі. Аднак, пералічыўшы ўсю суму, супакоіўся. На месяц жыць хопіць, яшчэ набяжыць і на падлеткавы ложак, які можна паставіць у нагах да іхняга.
Наладзіць такі-сякі быт — справа не з лёгкіх. Вадзіму гэта ўдалося ў той меры, якую дазвалялі фінансы. Ён ужо аб’ездзіў амаль што ўсе раёны вобласці і ўдумаў вясной, як стане суха, падацца ў больш глыбінныя раёны рэспублікі. Зноў цягнула на Палессе, але пакуль не сыдзе вада, патыкацца туды няварта. Меў ужо горкі вопыт паездкі ад радыёкамітэта. Зараз ніхто яго ў карак не папіхае. Можа выбіраць любое месца і любы дзень паездкі.
Дзеці тым часам раслі, і з цяплом цешча ўсё часцей і часцей пачала гаварыць пра закінутую хату, падгаворвала і дачку разам з малымі паехаць у вёску. Вадзіму, калі праўду сказаць, хацелася ўжо цішыні, тым больш да цяпла меркаваў закончыць даўно пачатую аповесць. Гэта калі б удалося напісаць такі вялікі твор, надрукаваць яго ў часопісе, пасля выдаць асобнай кніжкай, быў бы стымул кінуць усялякія лекцыі, цалкам аддацца літаратурнай працы. А цяпер ён быў не супраць, каб дарагія яму людзі пабылі на свежым паветры, пад крыльцам маці і бабулі. Заадно падумваў, куды б гэта паехаць летам разам з дзецьмі, каб там былі рэчка ці возера, дзе маглі б загараць, плюхацца ў вадзе, лавіць рыбу. Самым прыдатным месцам лічыў, пакуль дзеці яшчэ зусім малыя, ваколіцы Мікуціч, дзе шырокай стужкай плыве Нёман, а вакол без канца і краю лясы, дзе шмат грыбоў і ягад. Яшчэ калі вучыўся ў школе, такое месца за тры кіламетры ад мястэчка яму паказалі хлопцы. Называлася яно Лядзіны. Там было некалькі хутароў, на якіх жылі старыя людзі, бо дзеці іх параз’язджаліся хто куды ў пошуках працы і лепшай долі. У ваколіцах Лядзін, на саменькім беразе Нёмана, расказвалі старыя людзі, праходзіў Першы ўсебеларускі з’езд настаўнікаў, на якім прысутнічаў і Якуб Колас. Пасля гэтага з’езда вядомага ўжо на той час паэта царскія ўлады на тры гады кінулі ў астрог. Там Колас не марнаваў дарэмна час. Сум па малой радзіме, па лясах, барах, неаглядных наднёманскіх далях даў яму імпэт і натхненне для напісання паэмы «Новая зямля».