У гэты благаславёны Богам кут яны і выедуць з дзецьмі, каб перад зімой зусім аздаравіцца. Што зніме які пакой, а то і два, ён ані не сумняваўся. Толькі трэба з’ездзіць загадзя, усё абгаварыць з гаспадарамі, папытацца, ці можна браць малако.
Люся з захапленнем прыняла гэтую прапанову, толькі папрасіла, каб хата стаяла трохі воддаль ад вады, бо ледзь не дагледзіш — і можа здарыцца непапраўнае. Довады гэтыя былі слушныя.
Сям’я паехала ў Жорнаўку ў другой палове красавіка, які ў гэтым годзе выдаўся надзвычай цёплым, нават спякотным. Маленькі Сяргейка — так назвалі сына па ўзаемнай згодзе — добра поўзаў, быў шустрык, якіх пашукаць трэба. Ужо некалькі разоў вылузваўся з калыскі і падаў долу. За такім трэба было глядзець, не спускаючы вачэй. У Жорнаўку паехалі ўсе разам, нагрузіўшыся як валы. Г алоўны груз — разабраную калыску з матрасікам, а таксама гаспадарчую сумку з адзеннем, ядой, узяў у свае рукі Вадзім. Цешча і Люся таксама цягнулі ўсяго нямала. Дзіця па чарзе бралі на рукі то адна, то другая, гэта калі Сяргейка не хацеў сядзець у калясцы. Тады яе, ужо пустую, піхала перад сабой Ірынка. Так-сяк даехалі да вакзала, селі ў цягнік. Цяпер пачалі думаць, як дабрацца да Жорнаўкі. Спадзявацца на якую легкавую машыну не даводзілася. Вырашылі, што частку цяжкіх рэчаў здадуць у багажнае аддзяленне, а самі з дзецьмі паціху пойдуць пешкі. Пасля Вадзім збегае на станцыю і забярэ астатняе.
К абеду былі ўжо на месцы. Цешча хадзіла па нагрэтай ад сонца хаце і не магла нарадавацца. Нават не звяртала ўвагі на пыл, якога за паўзімы і вясну сабралася нямала. Вадзім схадзіў да студні, выцягнуў драўляную ражку чысцюткай, бы сляза, і халоднай вады, пераліў у свае два вядры. Не змог стрымацца, каб там жа, ля студні, не напіцца. Адчуў, як гаючая вадкасць прыемна студзіць разгарачанае цела. Дома, пакарміўшы і паклаўшы Сяргейку спаць, жанчыны пачалі выціраць пыл, драіць падлогу, выграбаць попел з печы і прыпечка. Пра абед і забыліся. Ірынка, якую былі адправілі на вуліцу, першая прыбегла і нагадала:
— Есці хачу, бабуля.
— Во, на свежым паветры і апетыт нагуляла, — парадавалася маці. — А так гэтага не буду, таго не хачу.
— Зараз, унучачка, зараз я што-небудзь згатую. Вось толькі кончым прыбірацца.
Вадзім думаў, як быць яму. Зараз, калі сям’я ў парадку, самы раз з’ездзіць некалькі разоў запар у камандзіроўку. Грошай заставалася мала, а трэба ж яшчэ пакінуць жонцы з дзецьмі, цешчы, бо сваіх запасаў, апроч бульбы ў склепе, буракоў ды салёных агуркоў, ніякіх няма. А трэба ж хлеб, алей, цукар, тлушчы якія, чаго без грошай нідзе не возьмеш. А дзецям яшчэ і малако вельмі патрэбна. Карацей, круціся, браце як уюн на патэльні, але раздабудзь самае патрэбнае для сям’і. Ён вырашыў, паабедаўшы, ехаць у Мінск, вечарам пасядзець над аповесцю, а ранкам, як толькі адкрыецца таварыства, папрасіць камандзіроўку. Гэты раз у раён з багатай прамысловасцю, дзе ахвотней прымаюць лектараў і ніколі не затрымліваюцца з пералічэннем грошай.
Пакарміўшы Ірынку, бо тая таксама захацела спаць, пачалі на керагазе варыць бульбу. Бульба за зіму захавалася нядрэнна, была сопкая і буйная, і цешча планавала частку ад той, якую трэба пасадзіць і пакінуць да новай, прадаць, каб мець у запасе лішні рубель. Паелі з агурком і салёнай кількай, якую ў слоіку прывезлі з Мінска. Вадзім падняўся з-за стала, падзякаваў і выняў з кішэні грошы, пакінуўшы сабе толькі на праезд.