— А за якія шышы ты паедзеш? — папытала Люся. — Табе ж і харчавацца трэба.
— Я заўтра камандзіровачныя атрымаю, вазьму аванс паболей, каб, вярнуўшыся, нешта яшчэ вам падкінуць.
— Хіба што так. Вой, як добра разам. Так бы хацела, каб ты нікуды не адлучаўся.
Люся выклікалася, пакуль дзеці спалі, трохі яго правесці. У бакоўцы Вадзім, зайшоўшы туды на дыбачках, яшчэ раз паглядзеў на сонных дзяцей, пацалаваў жонку, і яны разам выйшлі на вуліцу. Сонца па-ранейшаму пякло неміласэрна, што для гэтага месяца было нейкай анамаліяй. Пінжак ёй не стаў апранаць, надумаў несці ў руках. Вольга Іванаўна, усё ніяк не нарадаваўшыся, што вярнулася дадому, сядзела на лаўцы пры плоце, лушчыла гарбузовыя семачкі. Вадзім, падышоўшы, пацалаваў ёй руку, падзякаваў за ўсё, і яны з Люсяй падаліся ў завулак, які выводзіў на загуменне. Далёка ісці ён не дазволіў. Аглянуўшыся, ці няма каго паблізу, прыгарнуў яе да сябе, моцна пацалаваў. Люся нават гэты раз пусціла слязу.
— Не плач, мая харошая. Месяцы праз два-тры будзем доўга разам. Мне таксама без вас будзе вельмі маркотна. Ну, а табе яшчэ і цяжка. А бульбу калі саджаць, то як-небудзь накажыце. Рыгору скажы, у яго ж і дома ёсць тэлефон, а той з-пад зямлі мяне выкалупае. Трэба ж будзе і каня прыстарацца. А пасадзіць нам Коля паможа. Так што і маме скажы, каб не перажывала.
— Я за цябе перажываю, — Люся ўсё тулілася да яго, ніяк не адпускала ісці.
— Дурненькая, чаго? Ведаеш радкі ў Сіманава? «Жди меня, и я вернусь, только очень жди».
— Буду, буду чакаць, — жонка ціхенька падпіхнула яго ўперад і, не аглядваючыся, пабегла ў завулак.
Дома ў паштовай скрынцы яго чакаў прыемны сюрпрыз — ганарар на прыстойную суму з сатырычнага часопіса. «Вось бы гэтыя грошы зараз жонцы. Хоць ты заўтра не едзь нікуды, а купляй прадукты і вязі сям’і». Але, разважыўшы, вырашыў, што на тыдзень яды ім хопіць. Іды Адольфаўны паранейшаму не было дома, бо з яе пакойчыка не было чутно ні гуку.
— Іда Адольфаўна! — на ўсякі выпадак гукнуў Вадзім, але адказу не пачуў.
Вадзім вырашыў з гэтага ганарару купіць ёй які падарунак, бо дасюль ніяк
не выпадала належным чынам аддзячыць гэтай цудоўнай жанчыне. Вырашыў, што купіць ёй найноўшы прыёмнік, таму што радыё іхняе то працуе, то маўчыць. А па прыёмніку можна знайсці любую музыку, паслухаць радыёпастаноўку, усялякія навіны. Пісаліся апошнія старонкі аповесці з цяжкасцю. Да дзвюх ночы сядзеў на кухні не разгінаючыся, хіба што папіць гарбаты, і, адчуўшы, што і гэты раз не скончыць, згарнуў паперы і пайшоў спаць. Без жонкі і дзяцей было вольна, але тужліва.
Раніцай, аформіўшы камандзіроўку, ён ужо ехаў маскоўскім поездам да Гродна.
10
У сярэдзіне ліпеня яны ўсе ўчатырох былі ўжо ў Лядзінах. Ад поезда дабраліся аўтобусам да Мікуціч, а адтуль дзе лясной дарогай, дзе ўзбоч Нёмана ішлі да Лядзін. Люся не пераставала вохкаць ды ахаць, любуючыся такой прыгажосцю. Сяргейку везлі ў калясцы. Ён не спаў, імкнуўся вылузацца з яе, але ж ісці ён не змог бы, а несці аніяк не выпадала. Абедзве рукі Вадзіма былі занятыя вялізнымі сумкамі. Люся таксама несла гаспадарчую сумку, у якой была на першы час яда. Яны не спяшаліся, бо да вечара яшчэ было вельмі далёка. На беразе рэчкі паслалі посцілку, пасядзелі. Выпусцілі і малога жэўжыка, які, ледзьве апынуўшыся на волі, адразу папоўз да вады.
— Во шустрык, — Люся кінулася да яго і вярнула на месца. — За ім трэба вока ды вока.
Ірынка забаўлялася з вудачкай, якую ёй даручылі несці. Пасля, разуўшыся, пачала бегаць за рознакаляровымі матылькамі, спрабуючы хоць аднаго злавіць голымі ручкамі.
— Глядзі, на пчалу дзе не наступі, — Вадзім падышоў да дачкі, памог абуць сандалікі. — А то як дасць джала, то не так заскачаш. Бачыш, колькі іх тут на кветачках, як яны збіраюць мёдзік.
— А я люблю мёдзік, — Ірынка, ужо абутая, зноў занялася вудачкай. — Татачка, а ты лыбку зловіш? Вялікую, вялікую, — яна раскінула ручкі і паказала якую.
Яны з Люсяй рассмяяліся, давольныя і гэтым пагодным днём, і тым, што доўга будуць разам на такім прыволлі.
Гаспадыня, якая даўно пахавала мужа і жыла адзінока (родны сын працаваў у Мінску на станкабудаўнічым заводзе і паказваўся дома рэдка), стрэла іх з вялікай радасцю.
— Божа, — войкала яна, — як жа вы дабраліся з такім маленькім? Гэта ж зусім няблізка ад Мікуціч. А яшчэ з Мінска ехалі.
Яна выдзеліла ім вялікі пакой, у якім было тры акны, і ўсе глядзелі ў бок бярозавага гайка, атуленага з усіх бакоў плеценым з лазы парканам. Калі трохі разгрузіліся, Сяргейку паклалі спаць у калясцы на вуліцы, пайшлі аглядаць бярозкі і наогул увесь участак пры хаце пад гонтавым дахам. З боку лесу бліз склепа стаялі тры вуллі, дзе, чуваць было нават здаля, гулі пчолы, бліжэй да хаты месціліся грады, а на другім баку хаты, ад калодзежа і далей да плоту — бярозавы гаёк. Люся, нібыта тое дзяўчо, бегала і лічыла дрэўцы. Налічыла ажно сто тры прыгажуні. Нёмана адсюль не было бачна, хоць лёгкі вецярок прыносіў з тога боку пах аеру, надрэчнай мяты.