Выбрать главу

— Божа, ды тут жа лепш, чым у тым раі. — Яна абняла аберуч бярозку, прытулілася да яе. Век бы жыла тут.

Ірынка, у лёгкай сукеначцы ў зялёны гарошак, таксама лічыла дрэўцы, бегала, хавалася ад бацькоў, гукала, каб яе шукалі.

Гаспадыня сядзела на ганку, любавалася кватарантамі, зычліва ўсміхалася.

— Таццяна Пятроўна, — крыкнуў Вадзім, — чарвякоў тут я знайду дзе? Хачу схадзіць на рэчку, мо што злаўлю. Сто гадоў не рыбачыў. Тут жа, відаць, мала хто ходзіць з вудачкамі.

— Чаму, у выхадныя дні наязджае нямала, нават з Мінска. Адзін палкоўнік у адстаўцы з самой Масквы прыехаў. Другі месяц жыве па-суседску. Ён нямала цягае шчупакоў, язёў, акунёў, а малечы дык не злічыць. Усё сушыць, адсылае пасылкамі дадому. Вы пыталіся, як з чарвякамі? А во, зараз дам рыдлёўку, каля хлява, дзе быў гной, трэба ўкапаць, там і сын неяк корпаўся, набраў цэлую бляшанку.

Пакуль Люся з дачкой бегалі між бярозак, Вадзім і сапраўды набраў няма­ла тлустых чарвякоў. Цяпер трэба было падрыхтаваць вудачку, праверыць лёску, начапіць кручок.

Дачка, дазнаўшыся, што ён ідзе на рэчку, напрасілася ўзяць яе з сабой. Вадзім паглядзеў на жонку.

— Пытайся ў мамы, — сказаў не вельмі ахвотна. — Баюся, будзеш шумець, распудзіш мне ўсю рыбку. Ды і камары ля вады могуць пакусаць, у нас жа нічога няма ад гэтай поскудзі.

— Хачу лібкі, — заенчыла малая, і Люся не вытрывала, прынесла з хаты шапачку і плашчык.

— Гэта, — сказала, — калі будзе заедзь і стане халадаць. Ахінешся, шапачку на галаву і сядзі ціхенька.

Яны пайшлі нацянькі, праз поплаў, які кішэў пчоламі, матылькамі, стракозамі, конікамі. Высокая трава даставала Ірынцы да падбародка, але дачушка, якая сама напрасілася на рыбалку, мужна прадзіралася скрозь гэта густое разнатраўе, пакуль не выйшлі на калёсную дарогу і дыхнулі вальней.

— Больш сюдою не пойдзем, — ён агледзеў яе тварык, ногі, баючыся, каб дзе не трапілася была крапіва і не пасекла пісягамі скуру. Але ўсё абышлося, і яны пакрочылі далей. Да рэчкі выйшлі неспадзеўкі. Трохі завярнулі ўправа, зялёнай куп’істай прагалінай прайшлі да лазовых кустоў і ўбачылі стужку Нёмана. Ды ён быў вузкаваты, чысты, не запаскуджаны каравяком, і яны, прысеўшы на траву, пачалі рыхтаваць снасці. Ірынка трымала лёску, а ён прыладжваў паплавок, грузік і кручок. Нарэшце выбралі з бляшанкі самага тлустага чарвяка і надзелі на кручок. Вадзім, загадаўшы дачцэ моцна не тэпаць па беразе, кінуў вуду на глыбокае, пачаў чакаць. Тут, у заяміне, вада стаяла ціхая і цёмная. Відаць, глыбіня была метр-два, калі не болей. Паплавок выплыў на паверхню, пачаў рабіць невялікія кругі. Раптам яго кудысь павяло, ды так імкліва, што ледзьве вудачку не пацягнула ў ваду. Ухапіўшыся за канец, ён падсек, пацягнуў на сябе, але ў глыбіні нехта аказваў шалёнае супраціўленне.

— Тата, лібка, мусіць, — запляскала ў ладкі Ірынка, не зводзячы вачэй з паплаўка.

Нарэшце, падцягнуўшы вуду вышэй, Вадзім згледзеў вялікага, можа, на грамаў трыста, акуня, прыгожага, пярэстага, трапяткога. Каб не сарваўся з кручка, Вадзім цягнуў рыбу паволі, баючыся зачапіцца за траву ці які корч. Але ўсюды было чыста, і хутка акунь аказаўся на беразе. Ірынка яшчэ гучней запляскала ў ладкі.

— Бач, ужо ёсць і здабыча, — парадаваўся і ён. — Мама таксама будзе рада.

Ірынка баялася чапаць рыбіну, бо яна і на траве яшчэ біла хвастом, вужакай выкручвалася, шырока разяўляла, хапаючы паветра, зубасты рот.

— Баюся лібкі, — адбеглася як мага далей малая. — Татка, а яна не памлэ?

— Мама вечарам яе падсмажыць. Будзем разам есці. Ведаеш, якая смачная.

— Ну якая?

— А вось пабачыш. Зараз яшчэ кінем вудачку ў ваду.

У той вечар яны вярнуліся не вельмі позна і шчаслівыя. Ірынка хвалілася, што ўжо не баіцца рыбкі, гатова ўзяць яе голымі рукамі. Калі гаспадыні ўзялі бязмен і зважылі, то атрымалася больш чым два кілаграмы. Далі тры акуні і Таццяне Пятроўне, якая, хоць і аднеквалася, узяла пачастунак з удзячнасцю.

— А я вам свежанькага малака зараз прынясу, — сказала яна. — Карова дае столькі, што і няма дзе дзяваць. Бярыце колькі хочаце, рабіце сыры, біце масла. Калгас часам забірае ў нас малако, але то машыны няма, то бензіну, то яшчэ нейкай трасцы. Ведама, няблізка ехаць, ды яшчэ лесам. Думала ўжо здаваць нашу Лыску. Ды тут вы аказаліся. То, мяркую, хай яшчэ з годзік пабудзе. Пашы ж хапае. А сена неяк і за плотам накашу і высушу.