Выбрать главу

Усе гэтыя малюнкі абегла мільгануліся перад вачамі настаўніка, але не было калі затрымацца на іх з тою ўвагаю, якой справядліва яны заслугоўвалі, бо вознік спыніўся перад прасторным школьным ганкам.

Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзбег на ганак. Дзверы былі замкнёны, на стук ніхто не азваўся, але вокны ў кватэры настаўніка былі расчынены насцеж. Заліты сонцам пакойчык выглядаў вельмі прыветна. Адтуль пахла свежаю фарбаю. Пад вокнамі ляжалі кучкі друзу. Відаць, тут быў нядаўна рамонт і яшчэ не паспелі зрабіць парадку.

— Пастойце трошкі,— сказаў Лабановіч да возніка, а сам пабег у двор, каб зайсці ў школу другім ходам.

Каля дзвярэй кухні стаяла замурзаная дзяўчынка гадкоў пяці і здзіўленымі вочкамі пазірала на незнаёмага чалавека. На дзвярах вісеў замок.

— А дзе твая маці? — запытаў дзяўчынку Лабановіч.

Дзяўчынка правяла па носе каравым рукавом.

— Пайшла да паненак,— адказала яна і кіўнула галавою ў бок папоўскага дома.

— А мама твая тут жыве?

— Эге!

— А бацька твой дзе?

Дзяўчынка пазірала на настаўніка, не ведаючы, што адказаць на гэтае запытанне.

— Ты, можа, паклічаш маму?

— Яна, мусіць, на сяло пайшла,— прамовіла разважліва дзяўчынка. Відаць, ёй не хацелася шукаць маткі, ці яна проста добра не ведала, куды тая пайшла. Яна адвярнулася ў другі бок, перастаўшы цікавіцца незнаёмым чалавекам, а можа, каб паказаць, што гаварыць тут болей з ёю няма чаго, і заспявала песеньку.

Лабановіч пайшоў назад, раздумваючы, што рабіць далей. Выйшаўшы з двара школы, ён заўважыў новую асобу. Каравы стары чалавек стаяў каля возніка. Угледзеўшы настаўніка, гэтая асоба ў заношаным паліце на гарадскі лад, доўгавалосая, з неахайным хмызам на твары накіравалася ў бок Лабановіча.

— Педагог? — развязна запытаўся незнаёмы чалавек, асвяціўшы свой хмыз усмешкаю, і падаў руку.

— Так, я назначаны сюды настаўнікам,— адказаў Лабановіч, падаючы руку.

Далонь і пальцы ў незнаёмага чалавека былі нейк ненатуральна вывернуты і напаміналі лапу вялізнага крата.

— Ну, будзем знаёмы: ваш сусед, псаломшчык Бацяноўскі.

Нельга сказаць, каб Лабановіч быў вельмі здаволены такім суседствам: дзяк быў занадта каравы і апушчаны і ў яго твары было нешта такое, што не гарнула да гэтага чалавека.

— Дык як ваша прозвішча? — запытаў дзяк.

— Лабановіч.

— А вы, можа, з духоўных? — цікавіўся далей дзяк.

— Не, я другой пароды.

— З семінарыстаў?

— Скончыў настаўніцкую семінарыю.

— А вы разумееце царкоўныя спевы?

Гэта распытванне пачынала злаваць настаўніка, тым болей што яго чакаў вознік і ён не выясніў яшчэ, як увайсці ў школу. I на апошняе запытанне ён адказаў:

— А вось зачынайце «Іжэ херувімы», дык я вам зараз падцягну.

— I нотнае ведаеце? — не адставаў дзяк.

— Калі трэба, дык і па нотах заспяваю.

— Вось гэта добра! — зарадаваўся дзяк.— Айцец Мікалай прасіў інспектара назначыць сюды такога настаўніка, каб мог наладзіць царкоўны хор.

Гэта было зусім не пад густ Лабановічу, бо па часці царкоўных спеваў ён чуўся вельмі нямоцна, як і наогул у гэтай галіне мастацтва.

— Скажыце, калі ласка,— перапыніў ён дзяка, бо той яшчэ хацеў паставіць нейкае пытанне,— як знайсці тут воласць?

— А вот праехаць сялом на той бок — вярсты не будзе.

— Ну, то бывайце здаровы!

Пакланіўся дзяку і крута павярнуў да возніка.

— Праедзем у воласць!

Яны паехалі, а Бацяноўскі пазіраў услед і ківаў галавою. Відаць, настаўнік не спадабаўся дзяку, бо як жа асмеліўся сказаць яму, старому чалавеку, зачынаць тут, на выгане, «Іжэ херувімы»? Трэба будзе пагаварыць з а. Мікалаем.

У сваю чаргу сустрэча і размова з гэтым заскарузлым дзяком трохі папсавала настаўніку яго добры гумор. Асабліва не спадабалася яму, што а. Мікалай прасіў інспектара назначыць сюды спевака. Ён падумаў аб а. Мікалаю: «Што гэта яшчэ за тыпус такі? I прыйдзецца ж да яго зайсці гэтымі днямі». Але ўсё гэта хутка згладзілася, сцерлася з памяці, і ён з вялікаю зацікаўленасцю разглядаў двары тутэйшых сялян. У сяле была адна толькі вуліца, а будынкі далёка цягнуліся ў глыб двароў. Мінулі цэркаўку і новы папоўскі дом. Яшчэ праехалі некалькі двароў і павярнулі да валаснога праўлення.