Выбрать главу

Дні тры Лабановічу ўсё ж такі прыйшлося пабыць у воласці на кватэры пісара, пакуль школа прыводзілася ў парадак. Праўда, няшмат патрэбна было, каб зрабіць гэта: выслаць некалькі жанчын памыць падлогу ды прыбраць друз каля школы. Усё гэта абяцалі выпаўніць на гэтых днях. Астаноўка была толькі за старастам Бабічам, які павінен быў выправіць на работу жанчын. Але стараста займаўся дзесь іншаю справаю.

Гэтыя дні Лабановіч жыў і сталаваўся ў пісара. Ён быў чалавек халасты, гасцінны. Пры ім жыла старая маці. Родам яны былі са Случчыны і Лабановіча лічылі сваім чалавекам. Апрача таго, старэйшы пісараў брат быў таксама настаўнікам на Піншчыне.

Будынак валаснога праўлення стаяў на горцы над самаю Пінаю. Адгэтуль адкрываецца надзвычайна шырокі і прыгожы від на зарэчную частку. Каля самага сяла праходзіць шырокая дуга ракі. Яе хутчэй можна прыняць за затоку, а не за самую рэчку, бо вада цячэ вельмі ціха. Круглыя зялёныя лопухі купаюцца ў ёй, калышацца расянка на тонкіх доўгіх ніцях-сцяблінах.

Адхонны бераг Піны застаўлен чаўнамі і чайкамі-душагубкамі. Быстра слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел прывычных палешукоў і паляшучак. Вось з-за рачных заваротаў выплываюць рыбакі са сваімі снасцямі; сур’ёзныя, павольныя постаці. Селянін-гаспадар шыбуе з таго берага, з душагубкі звешваюцца махрастыя пукі чароту і жмуты жорсткай асакі. Гоніць чайку грабец. На другім канцы сядзіць са стрэльбаю паляўнічы. Зоркія вочы пільна ўглядаюцца ў лінію дугі каля берага. А сярод гэтай драбязы чаўноў і душагубак цісне павольна паважны «дуб» з рознымі таварамі і прадуктамі.

За шырокаю бліскучаю дугою ляжыць, як мора, неасяжны прастор балотных зараснікаў, дзе ўсё згладжваецца, закрываецца роўнаю сцяною высозных чаротаў з бурымі мяцёлкамі. I ўвесь гэты зараснік, гэтая жывая коўдра, вісіць-хістаецца над дрыгвяною багнаю бяскрайніх балот, дзе не пройдзе чалавек, дзе толькі можа з трудом прасунуцца лёгкі човен або чайка-душагубка, угінаючы балотную покрыўку, на якую набягае вада. Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: заедзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш. Прападзеш, калі не выратуюць людзі. На гэтым балотным прасторы пападаюцца вузкія, чорныя, як растопленая смала, палосы вады, страшныя сваёю маўклівасцю і глыбінёй. Тут праходзяць рэчкі Струмень, Стаход і Стыр, дзесь па той бок балотнай роўнядзі.

Лабановіч цэлымі гадзінамі праседжвае ў воласці каля адчыненага акна, любуецца прасторамі балот, поўнымі своеасаблівага прыгоства і жыцця.

А надвор’е на здзіўленне ціхае, яснае, цёплае. Сіняватая смуга звісае над зарэччам. Журботна-ласкавая ўсмешка восені разліта на занямелых, як бы заснуўшых далях. Вынікае, далёка-далёка, белаваты дымок рачных параходаў. Здаецца, ён стаіць на адным месцы — так павольна здалёк вызначаецца лінія яго руху. I доўга трэба сачыць, углядацца, каб заўважыць рух белаватага дыму над пабурэлымі ад часу чаротамі.

Адна з’ява асабліва зацікавіла тут Лабановіча: раптам то ў адным, то ў другім месцы паднімаецца палавое воблака дыму, выблісне агонь, разбягаючыся па крузе. Пройдзе хвіліна, другая, дым прападзе і знікне агонь — не пад сілу яму змагацца з стыхіяй балот, не можа ён разгарнуць тут сваіх гарачых крылляў. Крыху счакаўшы, агонь выбухае ў другім, у трэцім месцы, а то ў некалькіх мясцінах адразу. Гэта сумысля падпальваюць балота палешукі, каб на выгаралым месцы расла налета маладая, лепшая трава.

Пазірае Лабановіч на гэтыя з’явы-малюнкі, убірае іх у сваю істоту, злучаецца з імі, імі жыве, адчувае як бы нейкую блізкасць да іх, спачуванне, прыязнь, дружбу. Яму хочацца яшчэ болей шчыльна зліцца з імі, расплысціся ў павабнай далечы-прасторы і самому стацца гэтым прасторам. У душы ўзнікаюць нейкія поўныя чараў няясныя вобразы, і часамі мільгаецца штось як бы даўно знаёмае, бачанае, перажытае. Але дзе і калі? Ці гэта толькі водгалас уласных летуценняў, снення, ці сапраўды ён перажываў ужо нешта падобнае? На нейкі момант настаўнік забывае, дзе ён, як бы зусім адрываецца ад зямлі і ад рэчаіснасці.

Але гучныя галасы зямлі і моцныя ніткі рэчаіснасці, каб можна было надоўга забыцца аб іх. У воласці толькі ў некаторыя дні і гадзіны бывае зацішак, такі зацішак, калі нават памочнік пісара вылезе з-за стала і на некаторы час знікне. Звычайна ж тут, на зборні ці ў канцылярыі, таўчэцца народ. Прыходзяць людзі па сваіх справах, а спраў гэтых у воласці многа. Ці скаргу напісаць на суседа, ці заключыць кантракт, ці нядоімку ўнесці, ці льготу сыну зрабіць, ці копію ўзяць, ці проста так сабе пісара пабачыць, шапнуць, таемна кіўнуць яму галавою, каб выйшаў у пакой для прыезджых, дзе ўжо пачціва, стаіўшыся ў куточку, стаяць пакорлівыя бутэлькі піва.