Шумна і гучна прыходзіць сюды старшыня Захар Лемеш. Яго ногі яшчэ не паспеюць як след стаць на ганку за зборняю, а ўжо ў канцылярыі кажуць: «Старшыня ідзе». Гучны голас старшыні папераджае самога старшыню. Як капітан з салдатам, паздароўкаецца ён яшчэ з двара з дзедам Піліпам, а той адкажа яму па-салдацку: «Здравя жылаю, гаспадын старшыня», хоць ні старшыня, ні Піліп у салдатах не служылі. Калі ж дзед на вочы не пападзецца, то старшыня пусціць свой голас да каго-небудзь на зборні. А калі і на зборні пуста, нікога няма, дык ён прарэжа гучным голасам і гэтую пустату: «Братцы мае, нікога няма!» Бо голас у старшыні моцны, ён любіць свой голас: голас дае яму пашырэнне ўласнага «я». Пісар жа і памочнік патураюць яму. Пісар сцвярджае, што такога старшыні ва ўсім Пінскім павеце няма, а памочнік не раз гаварыў: «Нашаму б старшыні паліцмайстрам быць». Усё гэта кружыць галаву Захару Лемешу. Ды ён жа — гаспадар воласці!
Захар Лемеш — фігурны чалавек. Як для старшыні ён яшчэ зусім малады, гадоў пад трыццаць пяць. Да таго ж ён і бялявы, а бялявасць мае тую ўласцівасць, што паказвае чалавека маладзейшым. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Губы хоць трохі таўставатыя і часамі крывяцца, але гэта ўжо — здабытак яго старшынскай важнасці, а не падарунак прыроды. Зеленаватыя вочы ўмеюць быць злымі і строгімі, хоць сам старшыня чалавек не злы. Калі ён уваходзіць у канцылярыю, то шумна ідзе за балясы, громка здароўкаецца з пісарам і з памочнікам і важна садзіцца за стол, прычым крэсла пад ім рыпіць, трашчыць і хістаецца, бо старшыня — мужчына ёмкі, шырокі, як добрае шула ў гумне заможнага гаспадара.
— Слухай, пісар: трэба купіць нам добрых крэслаў, бо на гэтай рундзе і сядзець нельга.— «Рунда» ў старшыні азначае — ерунда.
Затым старшыня пераводзіць вочы на царскія партрэты і на рамы, што сам выбіраў. Ён цешыцца з цароў і асабліва з царыцы. А часамі не ўтрывае і скажа:
— Эй, ядры яго качан. Убрацца б, як цар, ды мець бы сабе такую маладзіцу!
Пасля гэтага старшыня пытае ў пісара, як справы ідуць, што зроблена, што трэба зрабіць, куды паехаць у першую чаргу і да каго заехаць, зрабіўшы справу.
— Ну, дай папяросу,— гаворыць у заключэнне старшыня.
Калі часамі памочнік пісара працягне яму свае папяросы, старшыня зняважліва махае рукою і гаворыць:
— Рунда твае папяросы!
Ён ведае, што пісаравы папяросы даражэйшыя, хоць распазнаць гэта сваім уласным смакам не можа, бо старшыня не курэц, а курыць толькі пры выкананні старшынскіх абавязкаў для большай саліднасці і важнасці. Ён часамі нават і сам купляе пачачкі папярос па дзесяць штук, за тры капейкі пачак, бо не заўсёды ж пад рукою бывае пісар, дый яно яшчэ важней выглядае, калі старшыня пры людзях вымае са свае кішэні папяросу.
— Пры службе, бач ты, без гэтага трудна абысціся,— гаворыць старшыня, калі хто заўважае, што ён курыць пачаў.
Сюды ж вольным часам заходзіць і царкоўны стараста Грыгор Крэшчык, крапак-старычына гадоў за шэсцьдзесят. Ён любіць кампанію вышэйшага палёту, любіць пасядзець, пабалакаць, парагатаць і аб царкоўных справах завесці размову, бо Крэшчык больш за папа дбае аб дабрабыце царквы. Таксама ахвотнік ён хлабыснуць піва. Часамі з півам і прыходзіць сюды ды яшчэ і рыбіну ў дадатак прыцягне, каб пісарава маці зрабіла фрыштык. Грыгор Крэшчык рагоча заліхвацка. Пагутарыўшы аб святых справах царкоўных, ён так ці іначай скіруе размову і на прыгожых маладзіц. Адным словам, чалавек — душа.
Сельскі стараста Бабіч — ціхі чалавек, лагодны. Сам ён гаворыць мала, а толькі слухае, як другія сакочуць, прычым на яго твары ўвесь час красуе найдабрэйшая ўсмешка. Ніхто так не ўмее слухаць, як Бабіч: уважна, спагадна, прачула. Часамі ён смяецца ўголас, махнуўшы рукою і спусціўшы лысую галаву. А калі адпаліць хто што-небудзь вельмі сакавітае, тады стараста замахае абедзвюма рукамі і смяецца, круцячы галавою. Прыемна расказваць такому чалавеку.
I пісар, і старшыня, і абодва старасты агортваюць Лабановіча сваёю ўвагаю, частуюць півам, падбадзёрваюць, каб быў весялейшым, бо тут няма прычыны быць невясёлым: і маладзіц харошых многа, і паненак стае — у першую чаргу дзве сястры пападзянкі і дзякова Даша, і ўсе яны амаль на адным двары са школаю.
Слухае настаўнік ды пасміхаецца, а сам думае — хутчэй бы ў школу сваю перайсці.
XV