Лабановіч любіць сваю новую школу. Адразу нейк да душы прыйшлася, бо нават і знадворны выгляд яе такі, як быццам бы яна ўсміхаецца табе прыветнаю ўсмешкаю. I ганачак такі прытульны, просты, без усякіх лішніх выдумак. Ну, вось так часамі і горне пасядзець, паслухаць штодзённае водгулле наўкольнага жыцця, яго адвечную песню, дзе галасы людскога шуму будзяць, жывяць і поўняць прасторы зямлі і нейкім дзівосным водгаласам закідаюцца ў тваю душу. Асабліва гучна звініць гэтая песня надвячоркам або раніцаю, калі паветра такое пяшчотна-чуллівае, што кожны гук плыве-разыходзіцца па яго струнах у працяглых музычных тонах.
Улева ад школы, у трох чвэрцях вярсты, пралягае чыгунка. Высокія слупы з туга нацягнутым дротам, бы нейкія музыкі, складаюць гімны людскому розуму. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэтае гучанне падхоплівае зарэчны чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху-шасцення. А справа, з глыбі зарэчча, бы звер з нутраў балот, гудзе кароткі нізкі голас парахода. Цэлая сімфонія гудкоў, змякчаная далечынёю, бяжыць-плыве сюды з горада, дрыжыць-трасецца ў паветры, як срэбраны звон на вострым металічным шпяні. Сюды ж, у гэтую сімфонію фабрычных гудкоў, далучаецца грукат і клыганне сялянскіх калёс, гоман рыбакоў, стук вёсел і закацісты смех вясёлага чалавека ці ядраная лаянка ўзлаванага сэрца.
Задаволены Лабановіч і сваёю кватэраю. I параўнаць не можа яе з цельшынскаю. Тры светлыя, прасторныя пакойчыкі, акуратна адрамантаваныя, пабеленыя, чыстыя. Аглядае іх, цешыцца, усміхаецца сам сабе і сам сабе кажа: «Добрую маеш, браце, кватэру». Асабліва яму да густу сярэдні пакойчык. Адно акно выходзіць на выган, другое — на зарэчча. У гэтым пакойчыку і будзе яго сталае месца.
У кухні жыве старожка Ганна, жанчына гадоў за трыццаць пяць, з малою дачкою Юстаю. Юста ціхенька сядзіць каля печы, голасу яе не чуваць, бо маці не дазваляе ёй ні песні заспяваць, ні громка загаманіць. Ганна так баіцца новага настаўніка. Яна ўпэўнена, што ён скажа ёй выбірацца вон са школы: нашто яна яму такая брыдкая ды яшчэ цяжарная? Каму ж гэта ахвота слухаць піск дзіцяці, а яно будзе ў яе месяцы праз тры-чатыры? Не бываць ёй у школе — і людзі кажуць так.
У кухні адбываецца вялікая пакута чалавечай душы. Але хто ведае аб ёй? I каму ведаць цікава? Людзі могуць толькі паспагадаць, але ўзяць на сябе частку людскога гора ніхто не хоча. Ніхто не хоча пусціць Ганну да сябе ў хату, а свайго прыпынку ў яе няма. Праўда, у Ганны ёсць муж, п’яніца-жабрак. Але яна ўжо некалькі гадоў як кінула яго, бо ён злы, нягодны. Біў яе без усякай прычыны, можа, таму, што на свеце жыць нялёгка. У школе асталявалася была Ганна, і жылося ёй някепска. Але зноў жа гэтае няшчасце... Ганна ўспамінае Мітрафана Васільевіча, настаўніка, што быў перад гэтым. Ну, што яна магла зрабіць? Баялася працівіцца, каб месца не страціць, бо хто заступіцца за яе? Ды лепей было б страціць тады, з адным дзіцем, чым траціць цяпер. I Ганна боязна прыслухваецца да кожнага руху, да кожнага кроку настаўніка ў яго пакоях. У яе ёсць маленькая надзея на старшыню, на пісара, на бацюшку, бо да іх звярталася яна, каб закінулі хоць адно слоўка перад настаўнікам. Але ні старшыня, ні пісар нічога аб ёй не казалі Лабановічу, а поп яшчэ і не бачыўся з ім. Старанна прыбрала яна кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Два разы перамыла падлогу ў пакоях настаўніка, пасыпала жоўтага пясочку каля кухні. Усё, што толькі можна было зрабіць, каб чыста было, яна зрабіла і цяпер са страхам чакала вырашэння свайго лёсу.
Лабановіч заходзіць у кухню. Яму цікава паглядзець на сваю старожку, чыя асоба звязвалася раманічнаю гісторыяй з асобаю яго папярэдніка, гэтага самага Мітрафана Васільевіча.
Пужліва стаіць Ганна, і сэрца яе калоціцца.
Лабановіч першы раз бачыць такую брыдкую, няўдалую жанчыну. Постаць яе няскладная, тапорная. Маленькія піўныя вочкі глыбока ў лоб заходзяць. Але гэта ўсё нічога — нос, вось дзе ўсё няшчасце беднай жанчыны. Носа, можна сказаць, і няма; пярэдняя частка яго правалілася, тырчыць каля вачэй агрызак носа. Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным, а голас гугнівым. Радзілася яна такою. Як нейкі праклён, носіць на сабе грэх бацькоў сваіх. Юста сядзіць ваўчком на тапчаніку каля печы і паглядае, бы той звярок, на настаўніка. I яна баіцца яго: ад маткі чула, што гэты незнаёмы чужы чалавек можа прагнаць яе з гэтага тапчаніка, дзе яна спіць з маткаю.
Настаўнік здароўкаецца са старожкаю, азірае кухню, мяркуючы, як разгаварыцца тут.
— Даўно вы тут жывяце? — пытае Ганну.
— Другі год, панычку,— гугніць тая.
— Умееце вымесці школу?
Ганна ніяк не чакала такога пустога запытання, і ёй робіцца смешна.