Выбрать главу

— Ото дзіва што ўмею! I памыць мажу.

— Ну, а вот абед зварыць вы можаце ці не?

Ганне робіцца трохі лягчэй.

— Мажу, панычку, абы толькі было з чаго! — весялей адказвае Ганна.

— О, гэта добра,— заўважае настаўнік. А потым ён заклікае яе да сябе, каб пагаварыць з вока на вока.

— Вось табе дзевяць рублёў — пенсія за тры летнія месяцы, што належыць з воласці. Ты сабе заставайся тут, даглядай школу і рабі ўсё, што трэба сторажу рабіць. Раніцаю да заняткаў і вечарам пасля заняткаў школу трэба чыста вымесці, нанасіць вады дзецям, а зімою і печ выпаліць.

— Ды ўжо ж буду, панычку, стараціся! — гаворыць шчаслівая ў гэты момант старожка.

Лабановіч трохі замяўся, хацеў запытаць пра свайго папярэдніка, як усё магло здарыцца, але палічыў, што гаварыць аб гэтым нялоўка, і толькі сказаў:

— А далей вось што. Калі надыдзе час радзіць, ты загадзя падшукай сабе іншы прыпынак на тыдзень ці на два, бо ў школе гэта нядобра, а потым сабе вернешся і будзеш тут жыць. Я за гэты час з грошай тваіх нічога не буду вылічаць. Наймі на сваё месца каго, а заплачу я сам.

Ганна слухае, спусціўшы галаву.

— Добра, панычку. Я ж ведаю гэта і сама.— I пачынае выціраць хвартухом вочы.

— Ну, вось усё, што меў я сказаць.

Ганна выходзіць у кухню. Яна сядзіць там некаторы час і плача. Плача ад радасці і гора. Той цяжар, што так даўно насіла яна ў сабе, цяпер зняты з яе. Але ж наперадзе горкае і цёмнае жыццё з малымі дзецьмі, з якіх адно яшчэ не нарадзілася, жыццё па чужых кутках, сярод чужых людзей. Чуваць, як усхліпвае яна і хрыпіць сваім няўдалым носам.

Пакуль не пачалася работа ў школе, вольнага часу многа. Цэлымі гадзінамі капаецца Лабановіч у школьных кнігах, паперах, прыводзіць у парадак школьную маёмасць, прачытвае ўвагі інспектараў народных вучылішчаў. Па гэтай перапісцы знаёміцца з гісторыяй свае школы, з настаўнікамі і настаўніцамі, што былі да яго, вялі тут работу. Дзе яны цяпер? Напэўна, каго-небудзь з іх і на свеце няма, бо даўно ўжо былі яны тут. I мімаволі нейк робіцца журботна. Сляды гэтых невядомых яму людзей засталіся ў паперах, а дзе яны самі? I ад яго застанецца такі ж след, а самога тут не будзе. Яму ўспамінаецца Цельшына. Вось цяпер яго там няма, а такі ж папяровы след застаўся. I зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго волі, і сэрца шчыміць болем утраты. Гэтая старая перапіска невядомых людзей і гэтыя старыя кнігі, прадукт мыслі даўно памёршых аўтараў, як магільныя цені, кладуцца на сэрца маладога настаўніка, і яму робіцца яшчэ больш маркотна, і ён адчувае сваю адзіноту на свеце.

Пераглядаючы спісы вучняў, ён заўважае, што паміж іх не сустракаецца дзяўчатак. Відаць, няма тут звычаю пасылаць іх у школу. Трэба будзе, зазначае сабе настаўнік, пагаварыць з сялянамі на сходзе, давесці ім, што і жанчыне навука патрэбна, яшчэ, можа, больш, чым мужчыну. I яго думкі ідуць у новым кірунку.

Лабановіч ужо з практыкі ведае, што пакуль ёсць работа дзецям дома, пакуль не наступіць позняя восень, сабраць іх у школе трудна. Неакуратны ж і неадначасны збор перашкаджае нармальнаму ходу заняткаў. Дык лепш наўперад склікаць адных навікоў, падагнаць іх трохі, а ўжо крыху пазней сабраць рэшту вучняў. На дваццатае верасня назначае ён збор навікоў, гэта значыць цераз два дні. У Цельшыне работа пачалася ў школе значна пазней. Значыцца, цяпер будзе болей часу, і ён больш зробіць. Яшчэ адзін клопат трэба было збыць настаўніку — зайсці з візітам да суседзяў і ў першую чаргу — да а. Мікалая як да самай важнай у сяле асобы, а потым да ляснічага, да пападзянак і да дзяка Бацяноўскага, з якім ужо ён пазнаёміўся. Не падабалася настаўніку такая місія, але пайсці трэба было — так вымагаў звычай. Не пойдзеш — нажывеш сабе ворагаў.

Вечарам таго ж самага дня, калі Лабановіч асталяваўся ў школе, пайшоў ён да папа.

Айцец Мікалай жыве ў новым доме недалёка ад царквы. У вялікую заслугу ён ставіць сабе пабудову гэтага дома, і калі гаворыць аб ім — а гаворыць ён кожнаму,— дык паказвае свае рукі, на якіх да гэтага часу засталіся сляды мазалёў. I пры гэтым не забывае прывесці тэкст са Святога Пісьма: «У поце ліца твайго будзеш ты есці хлеб твой». Месца, дзе цяпер стаіць новы дом і ўсе гаспадарскія будынкі, вельмі спадабалася а. Мікалаю, і ён надумаўся заснаваць тут сядзібу. Але самы пляц ніяк не надаваўся для будоўлі: няроўны, пакаты, запушчаны. Айцец Мікалай уласнымі рукамі раўняў зямлю, зразаў цэлыя горы, як ён казаў, і калі можна з чым параўнаць гэтыя цяжкасці, дык толькі з пераходам Суворава цераз Альпійскія горы. А колькі было клопату!.. Айцец Мікалай тут махае рукою і пераводзіць вочы кудысь у неазначаныя прасторы, і твар яго робіцца тужлівым. Але гэта цягнецца толькі момант, бо яго турбота, яго, можна сказаць, пакута шчодра акупілася вынікам намаганняў.