Выбрать главу

У такіх выпадках а. Мікалай не ўтойвае нават таго факта, як ён вясною гэтага года сустракаў з прамоваю ў царкве архірэя і трохі памыліўся. У гэтай прамове гаварыў ён і аб цяжкасцях, з якімі прыходзілася «воздвигать», выконваючы запаведзь Божую, гэты свой новы Ерусалім. Адносна ж турбот сваіх ён сказаў:

— Я перанёс, перацярпеў, як Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі.

Архірэй тут жа заўважыў:

— Ойча! Няўжо ж ты не ведаеш прыкладаў пакуты і цярпення з жыцця святых угоднікаў Божых, што спасылаешся на свецкага пісьменніка?

Ну, памыліўся. Айцец Мікалай і сам смяецца цяпер з гэтага.

Айцец Мікалай сустрэў настаўніка досыць ветла. Здавалася, што рады быў пабачыць яго. I пасля некалькіх кароткіх слоў а. Мікалай заўважыў:

— Вы паісціне паступілі па-хрысціянску.

Лабановіч недаўменна глядзіць у вочы а. Мікалаю.

— Вы, знаеце, зрабілі найлепшае ўражанне на сялян,— гаворыць далей а. Мікалай.

— Чым жа гэта? — пытае Лабановіч.

Айцец Мікалай па-сяброўску стукае настаўніка па плячы, а сам смяецца дробным смяшком, прычым гэты смех нейкі працяглы, выходзіць знізу, як бы там нешта надушвае жывот.

— Быццам бы не ведаеце?— гаворыць а. Мікалай.— Вы прыхілілі бяздомнага чалавека. Нават пенсію за ўсе летнія месяцы аддалі.

Айцец Мікалай крута мяняе тон і раптам кажа:

— I як гэта Мітрафан Васільевіч пагнаўся на яе? Вы ж бачылі, які гэта вырадак... Яна прасіла мяне закінуць перад вамі слова, але я не адважыўся. Па сумленню вам скажу: я не пакінуў бы яе.

— Шкада ж выкідаць чалавека. Ну, дзе ж ёй падзецца? I не яна вінавата ў тым, што яна — вырадак, што над ёю, праўду сказаць, зроблены здзек.

— Так, так,— згаджаецца а. Мікалай, і твар яго робіцца засмучаным, а вочы глядзяць у неазначаныя прасторы.— I ўсё ж такі вы — гуманны чалавек. Вы гэтым заваявалі сімпатыі сялян.

Потым а. Мікалай паказвае настаўніку свой дом, сляды мазалёў на руках ад цяжкае працы. Расказвае аб прамове сваёй, аб Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскім, і яго калыша працяглы смех. Аглядаючы апартаменты а. Мікалая, Лабановіч мімаволі адчувае тут нешта спецыфічна папоўскае. Яму прыходзіць на памяць а. Кірыл: тое самае адчувалася і там — нешта затхлае, мёртвае, трупяное. I нейкая новая думка закідаецца ў душу, але ён не можа думаць тут, бо трохі чопарная маленькая матушка заклікае на шклянку чаю.

XVI

Эх, і пагодка ж стаіць на Палессі!

Толькі старыя людзі памятаюць такія прыгожыя дні. Цеплыня, цішыня, яснасць. У сіняй смузе песцяцца далі. Залатая чырвань лістоў нерухліва звісае на купчастых галінах высокіх вязаў. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і неба ніжэй нахіляецца да зямлі, каб падслухаць яе адвечную скаргу. А квяцістыя зоры, бы дыяменты, усыпаюць усё неба, дрыжаць, пераліваюцца колерамі вясёлкі, аб чымся бязмежна вялікім гамоняць тваёй душы, клічуць шырэй разняць крылле і ляцець у сусвет, каб пабачыць яго веліч і пачуць сваю нязначнасць, рассунуць цесныя граніцы гэтага жыцця-клопату на зямлі і пазнаць яшчэ нязведаную радасць.

Эх, пагодка, пагодка!

Пачынаюць другі раз зацвітаць сады... Старыя людзі кажуць, што гэта — на цяжкі год...

Ажыла Выганаўская школа. Звіняць дзіцячыя галасы. На прасторным пляцы каля школы дзецям так слаўна пагуляць у часе перапынкаў. Каля дваццаці навікоў запісалася ў першы ж дзень прыёму. Але сярод іх няма ніводнай дзяўчынкі, хоць настаўнік зрабіў усё, што можна, каб прывабіць іх да навукі. Сяляне знаходзілі, што дзяўчатам навука не патрэбна: і так з бабамі трудна зладзіць, а што з іх будзе, калі яшчэ вучонымі стануць. Хлопцы і тыя не ўсе ходзяць у школу. Дык няхай дзяўчаты сядзяць дома ды кудзелю прадуць.

Гутарачы з сялянамі па гэтай справе, даведаўся Лабановіч ад аднае маладзіцы, чаму мацеркі не пускаюць дачок у школу. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. I бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Напэўна, з навукі і хворасць сталася. Так думаюць мацеркі, і ніхто з іх пасля гэтага не адважваецца паслаць сваю дачку ў школу.

Цяпер у Лабановіча ўжо трохі ёсць настаўніцкая практыка. Пакуль што ён больш гуляе з дзецьмі, чым вучыць іх,— няхай прывыкаюць да школы, асвойваюцца з вучнёўствам, паволі ўцягваюцца ў сваё новае жыццё. I ён займаецца толькі да абеду. А сярод малых ёсць такія слаўныя хлапчукі, і асабліва з іх грамадкі выдзяляецца Алесік Грылюк. Алесік страшна закіданы і адзеты бядней за ўсіх. Кашулька ў яго падраная, нямытая, заношаная.

— Чаму ж ты такі замурзаны? — пытае яго настаўнік.