Выбрать главу

Алесік маўчыць.

За яго адказваюць малыя:

— Ён — сірата, у яго маці памерла.

Алесік журботна схіляе галоўку і лёгенька перабірае пальцамі па лаўцы.

Шкада хлапчука.

Лабановіч маўчыць, пазірае на яго, потым падыходзіць і лагодна кажа:

— А ўсё ж, браток, ты ўжо сам вымыцца можаш.

Заводзіцца гутарка аб чыстаце, бо ўсе хлапчукі не святыя ў гэтым. Валасы ў іх доўгія, нячэсаныя; прыгледзішся — вошы поўзаюць. Рукі — хоць рэпу сей.

У школе ёсць машынка. На школьным двары ў часе перапынку стрыжэ настаўнік сваіх маленькіх вучняў. Тут жа стаіць сподачак з газаю і вата. Астрыжэ — памочыць вату ў газу і выцірае вашывыя галовы. Вошы адразу пруцянеюць. Дзецям вельмі цікава пазіраць, як зразаюцца роўнымі радамі пасмы валасоў, яны тыкаюць пальцамі ў галаву, паказваюць на бруд. Потым пад наглядам настаўніка мыюць астрыжаныя галовы, твар і вушы.

За работаю ў школе мацней урастае Лабановіч у сваё новае месца. Глыбей адчуваецца паўната жыцця. Пакуль не ўсе вучні сабраліся ў школу, у яго застаецца вольны час. Ён гэтым карыстаецца для большага азнаямлення з новым месцам. За некалькі дзён абхадзіў усе ваколіцы, агледзеў дарогі і новыя мясціны, бо ў гэтым знаёмстве ёсць заўсёды нешта свежае і цікавае. А нядаўна ездзіў і ў Пінск. Зносіны з горадам простыя і лёгкія — тры разы на тыдзень пасылае воласць фурманку на пошту. У Пінску ж ён і краму сабе аблюбаваў, дзе можна браць сёе-тое напавер, бо грошы не заўсёды бываюць у кішэні. Для Алесіка ён купіў мультановую кашульку і паясок, бо шкада было закіданага хлапчука і хацелася чым-небудзь акрасіць яго жыццё.

У вольныя часіны заходзіў настаўнік у воласць, дзе былі ўжо знаёмыя і можна было завесці новае знаёмства. А на сяле часамі напаткаеш вясёлую і смешную праяву сялянскага жыцця.

Недалёка ад воласці ёсць піўнушка. Трымае яе Максім Гулейка. Апошнімі днямі каля піўнушкі прымецен рух. Часцей заходзіць туды і старшыня, Захар Лемеш. Сам старшыня цвёрда на нагах трымаецца. Відаць, шануецца, справу нейкую робіць. Старшынёй кіруе пэўная думка. З сялянамі ён лагодны, паддабраецца да іх і шчодра частуе. Лабановіч не ў курсе справы, застаецца толькі звычайным гледачом таго, што робіцца каля піўнушкі. А там людзі снуюць. Туды ідуць сур’ёзныя, і нават сляды надзённага клопату адбіваюцца на іх тварах. Назад жа выходзяць пачырванеўшы, і ногі іх убезладзь ступаюць. Тут ужо і песню пачуеш, і самую шчырую гутарку, і самую ласкавую лаянку, без прымешкі нават і ценю злосці. Проста людзям весела і добра, як вось кульгаваму дзядзьку Есыпу.

Есып ужо стараваты чалавек. Барада яго збілася ў лямец, а на самым канцы хвосцікам закруцілася, як у невадзе матня. Краі чорнай світкі разышліся па баках з-пад шырокага даматканага пояса. Белая доўгая кашуля расшпілена. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот да самага пупа. Старая шапка збілася са свайго звычайнага месца на галаве і брылём убок павернута. Усё гэта робіць постаць дзядзькі надзвычайна пацешнаю. Выраз жа яго твару найлагаднейшы і найдабрэйшы. Выступае Есып подскакам. У гэтым вінавата яго кульгавая нага, а піва толькі злёгку водзіць яго па баках.

На сярэдзіне валаснога двара дзядзька Есып спыняецца, круціць галавою направа і налева. Бачыць настаўніка. Падыходзіць, падае руку.

— Здаровенькі булы, пане настаўніку. Ось трохі выпілы,— расказвае Есып.— Ты сваю справу ведаеш, а мы — сваю. I ўсім нам добра! — памацняючы голас, кажа ён. А потым раптам мяняе тон, як бы ахамянаецца.— Ты вучы, вучы нас і дзетак нашых, бо мы дурныя. Ой, якія ж мы дурныя!.. Вучэце, вучэце,— паніжае голас дзядзька,— я вам не кампанія... Выбачайце мне!

Есып бярэцца за шапку, хочучы зняць яе, але ніяк не намацае брыля і памаленьку адыходзіць і кланяецца, а потым рашуча накіроўваецца ў вароты. Выходзіць, пакульгваючы, на вуліцу і зноў прыпыняецца, разглядаецца. У вочы кідаецца яму царква. Дзядзька ківае сам сабе галавою і заводзіць:

І-і-і-жэ хе-е-еру-вы-ы-мы,

Хе-е-е-е-ру-вы-ы-мы,

Тай-на да та-а-йна абрызу-у-юшчэ...

Паспяваў трохі і кінуў, а можа, яму Шугай Міхалка перашкодзіў, ідучы насустрач.

— Міхалка! — запыняе яго дзядзька Есып.— Ведаеш, браток, што?

— А што? — пытае Міхалка.

— Набі ты мяне! Набі, браток!

Міхалка глядзіць на Есыпа і смяецца.

— Ты не смейся, а набі мяне.

— Дык як жа я, дзядзька, буду біць вас? За што?

— Не пытай за што, а вазьмі і набі мяне,— стаіць на сваім дзядзька Есып.

— Ну, як я буду біць вас. Вы ж такі — стары чалавек.

— Го, пытае, як будзе біць? Дай па мордзе, і ўсё.

— У мяне ж і злосці на вас няма.

— А ты зазлуй, браток, і плясні.

— Няма за што біць дзядзьку.

— Брэшаш, Міхалка: ёсць за што! Не патурай ты мне. Прашу — набі мяне. Бо калі ты мяне не наб’еш, то я пайду і буду біць сваю старую.